Мы – з Зары Камунізму! Напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі мы вырашылі накіравацца ў вёску Жалудоцкага сельсавета, назва якой вельмі ўжо сугучная гэтаму святу

Напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, які адзначаецца ў нашай краіне, мы вырашылі накіравацца ў вёску Жалудоцкага сельсавета, назва якой вельмі ўжо сугучная гэтаму святу, толькі вось для нашых дзён даволі незвычайная – Зара Камунізму. Старшыня Жалудоцкага сельвыканкама Генадзій Іванавіч Цывінскі наша імкненне падтрымаў: мабыць, назва населенага пункта, сапраўды, з мінулага стагоддзя, а вось людзі там жывуць дастойныя і працавітыя. 

 

Хто ў цераме жыве?

Домік Дзмітрыя і Вольгі Чарнецкіх – самай маладой сям’і ў Зары Камунізму – знайсці аказалася зусім проста: ён выглядае як сапраўдны церамок, упрыгожаны рознымі малюнкамі, фігуркамі і архітэктурнымі формамі. У сям’і выхоўваюцца двое дзетак: дзесяцігадовы сынок Данік, які вельмі любіць ганяць на веласіпедзе і бавіць час за камп’ютарам, і дачушка Мілена – аматарка спяваць і танцаваць, якой праз некалькі месяцаў споўніцца тры гадкі. Ужо 12 год Дзмітрый і Вольга разам крочаць па жыцці. 

 

– У гэтай вёсцы я нарадзіўся, – расказвае Дзмітрый. – Тут, праз дзве хаты ад нас, жывуць мае бацькі. Тата з 17 гадоў працаваў трактарыстам у гаспадарцы, мама – даяркаю. Таму і я вырашыў застацца на сваёй малой радзіме, а не шукаць дзесьці лепшага жыцця: тут нават паветра сваё – асобае, чыстае. І мае родныя непадалёку: сястра жыве ў Шчучыне, а брат – у суседняй вёсцы. 

 

Дзмітрый закончыў дзевяць класаў у Жалудоцкай СШ і паступіў у Шчучынскае СПТВ-198, а вось спецыяльнасць для юнака выбраў даволі незвычайную: “повар, садавод, швачка”. 

 

– Мне падабаецца гатаваць, – патлумачыў Дзмітрый, убачыўшы маё здзіўленне. – Мой тата выдатна гатуе, брат таксама повар, толькі закончыў Скідзельскае вучыліша. Цяпер ён працуе загадчыкам сталовай на свінакомплексе. А я пасля заканчэння вучылішча накіраваўся на службу ў армію. Там мне прапанавалі паехаць на вучобу ў Мінск, каб атрымаць спецыяльнасць пекара. У выніку атрымаў 4-ты разрад пекара і 1,5 года працаваў майстрам на хлебазаводзе ў Слоніме – такім чынам служыў у аддзеле матэрыяльнага забеспячэння. 

 

Пасля звальнення з арміі Дзмітрый уладкаваўся поварам на свінакомплекс, а затым перасеў на трактар. І вось ужо 10 год працуе трактарыстам у мясцовай гаспадарцы. 

 

На сваёй роднай зямлі сустрэў Дзмітрый і сваю палавінку – прыгажуню Вольгу. Яны з матуляю пераехалі на Жалудоччыну са Шчучына. Дзяўчына вучылася ў Скідзельскім вучылішчы, дарэчы, таксама хацела стаць поварам, а падчас летніх канікулаў працавала на зернясховішчы. Там яны і пазнаёміліся. 

 

Цяпер Вольга знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці. А да гэтага працавала поварам у дзіцячым садку, затым – у сталовай на месцы мужа. Руплівыя маладыя гаспадары купілі дом, самі яго дабудоўвалі, рамантавалі і абстаўлялі па сваім гусце. Трымалі вялікую гаспадарку, пакуль была магчымасць. 

 

– Я люблю, каб усюды было прыгожа, – гаворыць Вольга, якая і з’яўляецца ініцыятаркай эксклюзіўных насценных малюнкаў. – Ідэі знаходжу ў інтэрнэце, а затым бяру пэндзаль і фарбы і пачынаю маляваць.

 

Пра гісторыю сваёй роднай вёскі Дзмітрый ведае толькі з расказаў дзядулі.

 

– У будынку, які знаходзіцца каля самага возера, а некалі ён належаў пану Чацвярцінскаму, быў спіртзавод, – гаворыць Дзмітрый. – У розныя часы там выраблялі цэглу, сетку, рапсавы алей і нават абутак. Цяпер гэты старажытны помнік архітэктуры проста разбураецца. 

 

Сёння Зара Камунізму – ужо зусім невялікая вёсачка, чалавек 30 жыве. І ў асноўным сталага ўзросту.

 

З песняй па жыцці. Наперакор нягодам

 

А вось Зоя Валяр’янаўна Краснік помніць Зару Камунізму зусім іншай: калі моладзі тут многа было, калі клуб у вёсцы працаваў, калі танцы былі да раніцы…

 

Маладзенькай дзяўчынай прыехала сюды Зоя Валяр’янаўна па размеркаванні пасля заканчэння Гродзенскага культасветвучылішча. Адразу працавала ў мясцовым клубе, а праз некаторы час у Зенюках школу зачынілі, а ў той будынак клуб з Зары Камунізму і перанеслі. 

 

Яе малая радзіма таксама на Шчучыншчыне, у в. Дварчаны Орлеўскага сельсавета. У сям’і яна была самай малодшай – сёмай. Дзяцінства прайшло ой як няпроста. Яе бацька быў інвалідам Вялікай Айчыннай вайны. Маме прыходзілася вельмі цяжка: у адным з пакояў іх дома бацькі нават дазволілі размясціцца школе, пакуль для яе не ўзвялі новы будынак у Дварчанах, каб атрымліваць за гэта плату. А ў доме было толькі два пакоі і кухня… І сямёра дзяцей…

 

 

– Мама працавала тэхнічкаю ў школе, – успамінае Зоя Валяр’янаўна. – Крыху лягчэй стала толькі тады, калі пайшлі на работу старэйшыя браты.  

 

Калі Зоя Валяр’янаўна закончыла Орлеўскую дзесяцігодку, адразу накіравалася ў Гродна.

 

– У мяне нават сумненняў не было, куды паступаць, – успамінае мая суразмоўца. – Думаю, што гэта маё прызванне. У нашай вёсцы было многа дзяцей, моладзі. Мы самі арганізоўвалі такія канцэрты! А выступаць ездзілі аж у Галубы. На грузавой машыне абуладкуем сцэну – і спяваем!

 

У Зары Камунізму Зоя Валяр’янаўна асвоілася хутка: праводзіла розныя мерапрыемствы, сама пісала сцэнарыі. А тут вярнуўся з арміі мясцовы хлопец, які і стаў яе мужам. Толькі кароткім было іх сямейнае шчасце: крыху больш як у 25 год засталася Зоя Валяр’янаўна ўдавою… Так адна і паднімала дзвюх дзяцей: сына і дачку. Цяпер дачка жыве ў Гродне, закончыла фізкультурны факультэт, працуе ў школе інструктарам па плаванні. Сын атрымаў дзве вышэйшыя адукацыі, і так склалася, што ўжо некалькі год працуе ў Афрыцы. Любімцы бабулі – яе ўнук і ўнучка.

 

Больш за 40 год адпрацавала Зоя Валяр’янаўна культработнікам. 

 

– Мне амаль 70, а яшчэ кароўку трымаю, – гаворыць жанчына. – Парадак вельмі люблю, таму заўсёды падтрымліваю чысціню і ў доме, і на падворку, і ў хляве. Работы заўсёды хапае. У свабодную хвілінку часопіс пачытаю, тэлевізар пагляджу. Толькі не магу сядзець без справы.

 

А яшчэ сёння Зоя Валяр’янаўна вельмі шкадуе, што некалі не запісала ўсё тое, што расказвала ёй свякроў пра гісторыю гэтых мясцін.

 

– Яна працавала ў пана Чацвярцінскага, – успамінае мая суразмоўца. – Свякроў і яе сястра прыслужвалі там на кухні. А ў чвараках, якія яшчэ захаваліся ў вёсцы і цяпер закалочаныя, жылі парабкі. Дык яны ўсе казалі, што пан добра плаціў ім за работу, не крыўдзіў. 

 

Калі ў доме мір і згода

Па размеркаванні прыехала ў Зару Камунізму пасля заканчэння Ваўкавыскага тэхнікума і Лілія Аляксандраўна Куцкель. Дарэчы, аднайменную з вёскай назву меў тады і калгас. Малады спецыяліст уладкавалася фельчарам на ферму буйной рагатай жывёлы. Канечне, на новым месцы крыху сумавала па сваіх родных Матылях…

 

Са сваім будучым мужам маладая дзяўчына пазнаёмілася ў мясцовым клубе, дзе збіралася на танцы не толькі моладзь з усяе акругі, але і салдаты з воінскай часці, якая знаходзілася ў палацы Чацвярцінскіх. 
Віктар Браніслававіч – будучы муж Ліліі Аляксандраўны – якраз вярнуўся з арміі, а праходзіў тэрміновую службу ў Маскве, у войсках МУС. У яго была магчымасць працягваць службу, але лёс юнака вырашыў бацька: важнае пісьмо з Масквы ён проста … разарваў. 

 

Так і застаўся ён у роднай Зары Камунізму. Ужо 38 год працуе асемянатарам на Жалудоцкім свінакомплексе, а 37 пражылі яны разам з Ліліяй Аляксандраўнай. 

 

 

– Так атрымалася, што толькі я адзін з нашай сям’і па мужчынскай лініі выбраў такую спецыяльнасць, – смяецца Віктар Браніслававіч. – Усе Куцкелі – мой бацька, дзядзька, браты стрыечныя – трактарысты. Бацька ўсё жыццё на гусенічным працаваў і на пенсію ільготную пайшоў. 

 

Віктар Браніслававіч з Ліліяй Аляксандраўнай пажаніліся ў 1982 годзе. Праз год у іх нарадзіўся сын Вадзім, а яшчэ праз год – другі сын Сашка. 

 

– На той час мы ўжо ўдваіх з жонкай працавалі на комплексе, – успамінае Віктар Браніслававіч. – Нам як маладой сям’і вельмі хацелася жыць асобна, у доме маіх бацькоў было і без нас многа людзей. Далі нам часова пакой ў адным з чваракаў. А праз некаторы час мы купілі дом, у якім і цяпер жывём. Дарэчы, непадалёку жыве і мая мама, якой ужо 78.

 

Вадзім і Аляксандр закончылі Шчучынскае СПТВ -198 і абодва атрымалі прафесію зваршчыка. У адзін год яны накіраваліся служыць у армію, у адзін год ажаніліся, але малодшы апярэдзіў старэйшага. Зараз Вадзім працуе ў будаўніцтве, а Аляксандр – зваршчыкам. Жывуць з сем’ямі ў Гродне і ў Лідзе. Бацькі вельмі ганарацца сваімі сынамі.

 

– Гэта яны нам усе выгоды ў доме парабілі, – гавораць Віктар Браніслававіч і Лілія Аляксандраўна. – Ваду нам правялі, душавую кабінку ўстанавілі. А ў Сашкі якія рукі залатыя! Што ён толькі не змайструе!

 

І Віктар Браніслававіч прадэманстраваў мне прыгожую ружу, звараную з жалеза. Вось гэта, сапраўды, дзіўнае тварэнне рук чалавечых! А яшчэ ў кухні “прытулілася” ля адной са сцен унікальная канапа, якую таксама змайстраваў Саша. Прыгожая птушка, у якой больш за 1000 жалезных пер’яў, падстаўкі для кветак, дэкаратыўная агароджа – гэта ўсё мастацкія тварэнні Аляксандра, якія ён вырабляе з жалеза. Нават майстэрню сваю абуладкаваў з адбойным малатком. 

 

Не адстае ад сыноў і Віктар Браніслававіч: і змайстраваць штосьці, і кладку ўзвесці для яго не праблема. А Лілія Аляксандраўна – спецыяліст па агародных справах, па кветках ды па “закатках”. 

 

Сем’і сыноў, а галоўнае, два ўнукі і ўнучачка – самыя жаданыя госці ў гэтым доме.

 

– Калі людзі чуюць назву вёскі, у якой я жыву, абавязкова пачынаюць смяяцца, – і сам весяліцца Віктар Браніслававіч. – “Хіба сёння такое можа быць?!” – не вераць. “Пачакайце! – кажу. – Вы яшчэ не ведаеце, што згодна з запісам у пасведчанні аб нараджэнні я з’явіўся на свет у калгасе імя Сталіна”. 

 

Вось такія жыццёвыя гісторыі вяскоўцаў з Зары Камунізму – людзей адкрытых, прыемных, працавітых і з пачуццём гумару! А Зара Камунізму, як сцвярджаюць старажылы, раней звалася Двор жалудоцкі… Ну ніякай сувязі з рэвалюцыяй!

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!