Як спрацавалі за 2022 год. У Шчучынскім раёне падвялі вынікі работы і абазначылі задачы на перспектыву

На чарговай сесіі раённага Саведа дэпутатаў, як і на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, былі падведзены вынікі работы галін народнай гаспадаркі за 2022 год.

 

У прыярытэце – інвестыцыі і экспарт

Намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Сушчэўскі праінфармаваў, што па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за мінулы год тэмп росту намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы склаў 116,3% пры даведзеным паказчыку 109,6%, сукупныя паступленні даходаў у бюджэт раёна склалі 116,2% пры гадавым плане 102,9%. За кошт стварэння новых вытворчасцей і прадпрыемстваў працаўладкаваны 73 чалавекі.

 

 

-- У мінулым годзе вытворчасць прамысловай прадукцыі ўзрасла да адпаведнага перыяду мінулага года на 30,8%. Абарот знешняга гандлю таварамі за студзень-лістапад склаў 102,6 млн долараў ЗША, што на 5,3% вышэй за ўзровень мінулага года. На экспарт рэалізавана прадукцыі на суму 66,9 млн долараў ЗША пры тэмпе росту 120,1%. Забяспечана ўстойлівае станоўчае сальда знешняга гандлю ў суме 31,1 млн долараў ЗША. Прадукцыя экспартавалася на рынкі 29 краін свету.

 

 

Міхаіл Вітольдавіч таксама звярнуў увагу, што не ўсе намечаныя планы ўдалося ажыццявіць. Ключавым пытаннем застаецца выкананне індэкса фізічнага аб'ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі, які склаў 100,4% пры заданні 102,1%. Назіраецца скарачэнне інвестыцый на развіццё эканомікі рэгіёна. Пэўную заклапочанасць выклікае сітуацыя ў будаўнічым комплексе. На выкананні абазначаных паказчыкаў развіцця ў 2023 годзе будзе сканцэнтравана асаблівая ўвага.

 

 

Адзначалася, што суб'екты гаспадарання павінны бачыць перспектыву свайго далейшага развіцця. А гэта можна зрабіць толькі глыбока прааналізаваўшы вынікі працы за мінулы перыяд. Адным з галоўных крытэрыяў эфектыўнасці ў дзейнасці прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі з'яўляецца рост прадукцыйнасці і заработнай платы працаўнікоў. Вялікае значэнне маюць і інвестыцыі, якія ўкладаюцца ва ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

 

 

Развіваць жывёлагадоўлю – задача нумар адзін

Першы намеснік старшыні -- начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ігар Аверка акцэнтаваў увагу на выніках работы сельскагаспадарчай галіны рэгіёна.

 

 

-- У 2022 годзе тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 99,7% пры даведзеным заданні 102,3%. Валавая вытворчасць малака па раёне павялічылася на 0,4%. Сярэдні надой малака ад каровы ў параўнанні з мінулым годам павялічыўся на 118 кг і склаў 7520 кг, -- адзначыў Ігар Уладзіміравіч. --  Прадукцыя вырошчвання буйной рагатай жывёлы склала 13,2 тыс. тон, або 98,3% да ўзроўню мінулага года. Прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу раёна атрымалі выручку ад рэалізацыі прадукцыі на суму 364,7 млн рублёў, што вышэй за ўзровень мінулага года на 63,2 млн. Чысты прыбытак павялічыўся на 21 млн рублёў і склаў 32,3 млн рублёў.

 

 

Добрых вынікаў дабіліся працаўнікі аграрнага сектара ў раслінаводстве. Сельгасарганізацыі раёна ў 2022 годзе сабралі 153,7 тыс. тон зерня, што вышэй за ўзровень 2021 года на 119,8%. З кожнага гектара атрымана па 52,1 цэнтнера. Валавы збор бульбы склаў 14,9 тыс. тон, накопана 83,8 тыс. тон цукровых буракоў. Нарыхтавана кармоў на зімова-стойлавы перыяд 294,5 тыс. тон кармавых адзінак, што на 13,4 тыс. тон вышэй за ўзровень 2021 года.

 

 

Па ацэнцы старшыні райвыканкама Аляксея Садоўскага, мінулы год склаўся паспяхова для аграрнага сектара. Аднак побач з перадавымі ёсць гаспадаркі, якія патрабуюць прыняцця мер па іх фінансавым аздараўленні. Эфектыўная работа сельгаспрадпрыемстваў вельмі важная, бо прадукцыя мяса-малочнай галіны пастаянна запатрабавана і прыносіць добры прыбытак. Кіраўнік раёна акцэнтаваў увагу таксама на якаснай падрыхтоўцы сельгаспрадпрыемстваў да вясенне-палявых работ.

 

 

Стварыць умовы для дастойнага жыцця

Аб выніках выканання бюджэту Шчучынскага раёна праінфармавала намеснік начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Таццяна Роуба. У бюджэт раёна паступіла 79,8 млн рублёў, або 103,9% ад гадавога плана. Асноўную ўдзельную вагу -- больш за 80% -- склалі падатковыя паступленні. 70,3% раённай казны накіравана ў ахову здароўя, адукацыю, культуру, сацыяльную палітыку, фізкультуру і спорт. Бюджэт раёна выкананы з прафіцытам у суме 1,9 млн рублёў.

 

 

Старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі заўважыў, што вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за мінулы год -- гэта падмурак для работы ў бягучым годзе. Важней за ўсё развіваць эканоміку, ад выканання эканамічных паказчыкаў залежыць стан спраў у сацыяльнай сферы. Для забеспячэння станоўчай дынамікі варта выкарыстоўваць усе рэзервы. На любым этапе работ павінна выконвацца тэхналагічная дысцыпліна, павышацца эфектыўнасць вытворчасці, каб фарміраваўся бюджэт раёна.

 

 

Курс -- на ўзаемадзеянне

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк у сваім справаздачным дакладзе дала ацэнку рабоце дэпутацкага корпуса, адзначыла актыўнасць народных абраннікаў у вырашэнні актуальных задач раённага і мясцовага маштабу. Ганна Станіславаўна падкрэсліла, што асаблівая ўвага ў 2022 годзе была ўдзелена добраўпарадкаванню населеных пунктаў, зносу старых і пустуючых дамоў, падтрыманню належнага санітарнага стану тэрыторый. Дакладчык акцэнтавала ўвагу на неабходнасці актывізаваць сумесныя намаганні па прафілактыцы правапарушэнняў і злачыннасці, недапушчэнні гібелі людзей па так званых знешніх прычынах, умацаванні парадку і дысцыпліны.

 

 

Ганна Станіславаўна выказала словы ўдзячнасці кіраўніцтву раёна, суб’ектам гаспадарання, дэпутацкаму корпусу,  органам тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання: менавіта ўзаемадзеянне і зацікаўленасць у супрацоўніцтве дапамогуць кансалідаваць сілы і сродкі для рашэння вытворчых, сацыяльных і грамадска-палітычных задач, што стаяць перад нашым рэгіёнам.

 

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!