Як сімвал смутку чалавечай душы – вёска Зінякі. У знак памяці на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу высадзілі 419 маладых туй

Вёска Зінякі – сястра Хатыні. Зямля гэтай вёскі захоўваецца на адзіных у свеце могілках спаленых вёсак – у Хатыні.
“Мы памерлі, але не здаліся” – быццам бы гаворыць скульптура самотнай і велічнай жанчыны з немаўлём на руках. Штогод у сумны дзень, звязаны з Хатынскай трагедыяй, якая адбылася 82 гады таму, да мемарыяльнага комплексу ў вёску Зінякі прыязджаюць людзі, каб увекавечыць памяць аб ахвярах фашызму.
Вось і сёння прадстаўнікі ўлады, аддзелаў i службаў Шчучынскага райвыканкама, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, ветэраны, святары, школьнікі, жыхары Астрынскага і Першамайскага сельсаветаў сабраліся на жалобны мітынг.
Яшчэ да пачатку мерапрыемства мы пагутарылі з прадстаўнікамі Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, якія выступілі з добрай ініцыятывай высадзіць на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу маладыя туі. 419 дрэўцаў, 419 загубленых жыццяў…







-- Супрацоўнікі нашага ведамства, якія сёння далучыліся да акцыі, так ці інакш звязаны са Шчучыншчынай. Хтосьці родам адсюль або тут працаваў, у некаторых тут жывуць родныя ці сваякі, -- расказвае начальнік упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці Андрэй Дзешкевіч. -- Няхай гэтая “Алея славы і памяці” ў знак памяці аб трагічна загінуўшых жыхарах вёскі Зінякі стане сімвалам адраджэння і працягу мірнага жыцця на зямлі.


Падчас мітынгу-рэквіема “Па кім звоняць званы” да прысутных звярнулася намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна:
-- Мы сабраліся тут, каб ушанаваць памяць тых, хто стаў ахвярай адной з самых страшных трагедый у гісторыі нашай краіны. Хатынь… Гэтае жахлівае злачынства, як і тысячы іншых, учыненых у гады Вялікай Айчыннай вайны, навечна выбіта ў камені і ў сэрцы беларускага народа. Жыхары вёсак Зінякі, Агародзішча, Якубавічы, Васілішкі, г.п. Жалудок, Шчучына і шэрага іншых населеных пунктаў раёна раздзялілі страшную долю ахвяр генацыду. Мы павінны перадаваць гэтую памяць наступным пакаленням, каб яны ведалі, якой цаной нам дасталіся свабода і мір. Няхай памяць пра Хатынь стане для нас не толькі напамінам пра мінулае, але і пуцяводнай зоркай у нашай будучыні.

-- Захаваць памяць – самае малое, але і самае галоўнае, што мы павінны зрабіць, -- упэўнена і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Надзея Хальцова. – Бо пакуль памяць жыве, мы будзем існаваць як нацыя.

Цяжка спакойна слухаць радкі вершаў, што гучалі ў выкананні вучняў Астрынскай школы. А запаленыя лампадкі і пунсовыя гваздзікі, якія дзеці трымалі ў руках, увасобілі ўвесь смутак чалавечай душы па нявінных ахвярах.

Прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых мірных жыхароў хвілінай маўчання. А святары – благачынны Шчучынскай царкоўнай акругі іерэй Аляксандр Пасцерняк, протаіерэй Алексій Талмазан і іераманах Афанасій з Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора ў Гродне – памаліліся за нявінна пацярпелых.


Мітынг скончыўся. Цішыня навокал. Вяртаюцца дадому жураўлі …

Вікторыя ШЫЛКО.
Фота аўтара.
