Сімвал смутку навекі ў нашых сэрцах. У дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі на тэрыторыі мемарыяла каля вёскі Зінякі адбыўся жалобны мітынг

 

Дата 22 сакавіка запісана крывавымі лічбамі ў гісторыю нашай краіны. У гэты ракавы дзень у 1943 годзе адбылася трагедыя вёскі Хатынь, якую нацысты спалілі разам з яе жыхарамі. Тыя жудасныя падзеі сталі для ўсіх беларусаў сімвалам пакут і ахвяр, якія напаткалі нашу зямлю падчас Вялікай Айчыннай вайны.

 

Не абышла тая страшная доля і наш раён, у якім акупанты спалілі лясную вёску Зінякі. Памяць аб тых падзеях, аб нявінна забітых земляках жыве ў нашым сэрцы, і таму кожны год у дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі мы аддаем даніну пашаны людзям, чые лёсы былі спалены вайной.

 

 

Жалобны мітынг сёння адбыўся на тэрыторыі мемарыяла ў Зіняках. Удзел у мерапрыемстве ўзялі школьнікі з розных устаноў адукацыі нашага раёна, прадстаўнікі раённай улады, супрацоўнікі сілавых структур і іншыя неабыякавыя да трагедыі часоў вайны людзі.

 

 

На пачатку мерапрыемства да прысутных звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вераніка Дысько:

 

– Паважаныя ўдзельнікі мітынгу, нябачная рука часу старонку за старонкай перагортвае летапіс гісторыі чалавечай цывілізацыі. Адны падзеі і факты, губляючы значэнне, проста становяцца здабыткам гістарычных прац і падручнікаў. Іншыя – наадварот, праз многія пакаленні ўспрымаюцца ўрокам. Такім урокам для нас, беларусаў, стала Вялікая Айчынная вайна. І сёння, у дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі і напярэдадні васьмідзесяцігоддзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы па-асабліваму ўспрымаем гады ваеннага ліхалецця. Зараз мы знаходзімся на гэтым свяшчэнным месцы, дзе восемдзесят гадоў таму зімні студзеньскі дзень стаў мяжой паміж жыццём і смерцю для 484 мірных жыхароў. Гэтыя людзі былі зажыва спаленыя фашыстамі так, як і жыхары вёскі Хатынь. Забыць гэта нельга, і мы, жыхары Шчучынскага раёна, не забываем. Генацыд не мае тэрміну даўнасці, у фашызму няма чалавечага аблічча.

 

 

Вераніка Дысько адзначыла, што памяць аб людзях, якія загінулі ў імя Вялікай Перамогі, і падзяка ім заўсёды будуць ў нашых сэрцах і сэрцах нашчадкаў, што жывуць зараз пад мірным небам.

 

Член прэзідыума раённага савета ветэранаў Міхаіл Майко расказаў прысутным падрабязнасці той карнай аперацыі, якая загубіла жыцці зінякоўцаў, і ўзгадаў аб тым, як на месцы трагедыі паўстаў векапомны мемарыял.

 

 

Прысутныя ўшанавалі памяць загінулых вяскоўцаў хвілінай маўчання, пасля чаго ўсклалі кветкі, вянкі і лампадкі да скульптуры жанчыны з дзіцём на руках.

 

 

Тыя падзеі балюча адбіваюцца сёння ў нашай памяці, прабіраюць да слёз. Але наш святы абавязак памятаць урокі мінулага, памятаць подзвіг нашых продкаў, якія сваёй воляй, мужнасцю і шматлікімі ахвярамі паказалі нам, нашчадкам, што ніколі нельга мірыцца са злом. Нават калі сілы няроўныя, нават у бязвыхадным становішчы трэба захоўваць маральны стрыжань, несці свой крыж і заставацца чалавекам.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!