Як не стаць ахвярай вады восенню. Пра вынікі купальнага сезона і актуальныя правілы бяспекі на вадаёмах расказаў старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі ТВВАД Валерый Шаг

 

Купальны сезон 2024 года афіцыйна завяршыўся 30 верасня. Як прайшло гэтае лета і якія правілы бяспекі на вадзе актуальныя восенню – нам расказаў старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі ТВВАД Валерый Шаг.

 

На вялікі жаль, лета не абышлося без трагедый. Купальны сезон паказаў, што найбольшую пагрозу для грамадзян, як і раней, нясе купанне ў не прызначаных для гэтага месцах. Падчас купальнага сезона на Нёмане ў Шчучынскім раёне патанулі два чалавекі.

 

Сёлета адзіным дазволеным для купання месцам на тэрыторыі нашага раёна, як і ў мінулыя сезоны, было шчучынскае возера. Толькі на ім дно і вада прайшлі ўсе неабходныя праверкі, і толькі тут знаходзіцца адзіны ў раёне пост з матросамі-ратавальнікамі.

 

 

– Шкада, Шчучынскі раён вельмі вялікі, а купацца можна толькі ў адным месцы. Гэта значны недахоп, – адзначае Валерый Шаг. – Было б добра арганізаваць месца для купання дзе-небудзь яшчэ, напрыклад, на Нёмане. Падчас рэйдаў там заўсёды выяўляецца шмат парушальнікаў. Вядома, што арганізацыя месца для купання патрабуе немалых фінансаў, у выпадку з ракой патрэбна будзе добрая каманда матросаў з маторнымі лодкамі. На возеры гэта зрабіць лягчэй. Аднак факт застаецца фактам, Шчучынскаму раёну надзвычай неабходна мець больш дазволеных і абсталяваных месцаў для купання.

 

Па словах Валерыя Шага, на шчучынскім возеры паступова змяншаецца колькасць парушэнняў на вадзе, а культура паводзінаў насельніцтва на пляжы павышаецца. Гэта сведчыць аб тым, што прафілактычная работа, якая праводзіцца ў навучальных установах і працоўных калектывах раёна, дае плён.

 

– Купацца ўжо афіцыйна забаронена, – заўважае старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі ТВВАД. – Аднак усё роўна знаходзяцца людзі, якія любяць плаваць у халоднай вадзе. Халодная вада нясе ў сабе шмат небяспекі. З пункту гледжання медыцыны холад моцна ўплывае на арганізм. Ад нізкіх тэмператур парушаецца работа сэрца, мозгу і любых іншых органаў. Спазмы і сутаргі могуць пацягнуць на дно.

 

У асноўнай групе рызыкі на вадаёмах зараз рыбакі. З імі круглы год праводзяцца інструктажы і прафілактычныя гутаркі. Аднак не лішнім будзе паўтарыць некаторыя правілы. Падчас рыбалкі на сабе трэба мець выратавальную камізэльку, нельга блізка падыходзіць да зарослага берага, а таксама пажадана абуваць гумовыя боты. Што тычыцца рыбакоў на плавальных сродках, напрыклад, на лодках, то яны абавязкова павінны апранаць выратавальную камізэльку.

 

– Часам здараецца так, што людзі выпадаюць з лодак. У такім выпадку трэба клікаць на дапамогу і старацца залезці назад. Калі не атрымліваецца хутка залезці на лодку, то лепш не траціць сілы ўпустую, а адразу плысці да берага, па магчымасці трымаючыся за лодку. Важна захоўваць спакой. На беразе трэба пазбавіцца ад мокрага адзення і выклікаць ратавальнікаў альбо хуткую дапамогу. Пасля халоднай вады важна сагрэцца з дапамогай руху, фізічных практыкаванняў і расцірання. І самае галоўнае правіла бяспекі пры знаходжанні на вадаёме ў любы час года – мець напарнікаў, якія ў выпадку небяспечных сітуацый змогуць дапамагчы ці выклікаць дапамогу.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!