Водны адпачынак без рызыкі для жыцця. Даведаліся, дзе і як правесці пляжны сезон у нашым раёне

 

Традыцыйна пачатак лета – час для адпачынку на прыродзе. Асабліва вабіць людзей адпачынак на вадаёмах. Дзе ў Шчучынскім раёне можна купацца, якія правілы бяспекі варта ведаць, каб не пацярпець ад вады, і якая пляжная інфраструктура чакае шчучынцаў гэтым летам – даведаемся зараз.

 

Важна памятаць, што сёлета ў Шчучынскім раёне купанне дазволена толькі ў адным месцы – гэта гарадское возера ў Шчучыне. Вада тут прайшла ўсе адпаведныя праверкі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Камандай вадалазаў дно возера было даследавана і ачышчана ад шкла, карчоў і смецця. Усе іншыя вадаёмы нашага раёна такую праверку не праходзілі, таму з’яўляюцца небяспечнымі для жыцця і здароўя адпачывальнікаў, адпаведна купанне там забаронена.

 

 

Як заўважыў старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі ТВВАД Валерый Шаг, на сёння пляж у Шчучыне цалкам гатовы да летняга купальнага сезона. Сёлета тут паставілі новыя знакі, была зроблена якасная падсыпка пяском, падраўнялі дзіцячую купальню.

 

Сачыць за бяспекай на шчучынскім возеры разам з Валерыем Шагам сёлета будуць матросы-ратавальнікі Віктар Семянцоў і Уладзімір Старчук. Сёлета іх умовы працы значна палепшыліся. На пляжы з’явіўся новы ратавальны пост, які выдатна абсталяваны. Тут ёсць абагравальнікі, мэбля. Камфортныя шафы для адзення і галоўнае – шырокае панарамнае шкло, якое дазваляе эфектыўна бачыць увесь вадаём. У хуткім часе на новы ратавальны пост плануюць правесці электрычнасць. Акрамя таго, у распараджэнні каманды Валерыя Шага з’явілася новая ратавальная лодка.

 

 

На пляжы хутка з’явіцца і сістэма відэаназірання, якая кругласутачна будзе даваць карцінку на пост міліцыі. Такія захады дазволяць аптымізаваць працу праваахоўнікаў і палепшаць бяспеку каля вадаёма.

 

– Вялікі наплыў адпачывальнікаў на шчучынскі пляж чакаем у пачатку чэрвеня, калі пачнуць сваю работу дзіцячыя лагеры, – кажа Валерый Шаг. – Самыя актыўныя купальныя дні – гэта пятніца, субота і нядзеля.

 

 

Для зручнасці наведвальнікаў пляжа яго акваторыя была падзелена на некалькі зон. Першая з іх – дзіцячая купальня, тут вучацца плаваць дзеці да 10 гадоў, а глыбіня не перавышае 80 см. Далей ідзе паплаўковая зона, яна абмежавана маленькімі круглымі буйкамі. Максімальная глыбіня тут складае 1 м 30 см, што ідэальна падыходзіць для дзяцей ад 10 гадоў і дарослых, якія не ўмеюць плаваць. Апошняя зона для купання абмяжоўваецца вялікімі забароннымі буямі, за якімі акваторыя пляжа заканчваецца.

 

Як адзначае Валерый Шаг, аналізуючы мінулы купальны сезон у Беларусі, можна сказаць, што часцей за ўсё да трагедыі на вадзе прыводзіць купанне ў нецвярозлым стане:

 

– Трапляючы ў ваду, цела чалавека змяняе тэмпературны рэжым, што прыводзіць да змены ў рабоце сасудаў і ўнутраных органаў. П’янага чалавека ў вадзе можа напаткаць інсульт і інфаркт, ён часта не разлічвае свае сілы і ад таго тоне. Гэта больш тычыцца рыбакоў, звычайна яны могуць дазволіць сабе больш, чым людзі на пляжы. Адзначу, што ў мінулым сезоне ў нашым раёне пры купанні ніхто не патануў.

 

 

Вялікую ролю ў недапушчэнні ахвяр на вадзе мае прафілактычная работа, якую Шчучынская раённая арганізацыя ТВВАД праводзіць на пастаяннай аснове.

 

 

– Апошнім часам стала вельмі прыемна працаваць з дзецьмі, – кажа Валерый Шаг. – Яны даволі добра ведаюць правілы бяспекі на вадаёмах, гэта я заўважаю падчас інтэрактыўных гутарак. Але хачу звярнуць увагу на важную рэкамендацыю – дзяцей трэба вучыць плаваць. Справа ў тым, што ў нашай краіне на добрым узроўні навыкамі плавання валодаюць усяго каля 20% дзяцей. Калі ёсць магчымасць, то трэба запісвацца ў секцыі. Яшчэ можна прыйсці на пляж, дзе мы з матросамі таксама пакажам хлопчыкам і дзяўчынкам базавыя навыкі плавання. Магчыма, калі-небудзь гэтыя веды выратуюць чалавеку жыццё.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!