Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага
Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны? Адкуль яны бяруцца ў сям'і? На што бацькі іх трацяць? Як збіраюць? І навошта? Дзіця можна і трэба вучыць карыстацца фінансамі рацыянальна. І для таго, каб гэта зрабіць, неабходна выдаваць яму кішэнныя грошы. Бо навучыцца правільна распараджацца сродкамі, не маючы ўласных, проста немагчыма. Многія бацькі лічаць, што гэта бескарыснае выкарыстанне іх бюджэту, бо дзіця выдаткуе грошы толькі на забаўкі, пры гэтым яшчэ стане капрызным і распешчаным. «Не зарабляе – не ведае як дастаюцца грошы, значыць, не будзе цанiць іх». А дарма. Такія думкі ўзнікаюць толькі тады, калі ў бацькоў няма дакладнага ўяўлення, як навучыць малое правільна абыходзіцца з грашыма. А гэтыя веды проста неабходныя. Бо каб быць паспяховымі ў жыцці, не менш важна ўжо з ранніх гадоў разумець, якую карысць могуць прынесці веды ў галіне фінансаў.
Калі ж трэба пачынаць навучаць дзіця адказным адносінам з грашыма?
Чым раней, тым лепш, сыходзяцца ў меркаванні псіхолагі. І важна не проста казаць, але і дазваляць дзіцяці распараджацца грашыма. Прывіваць уменні рацыянальнай траты грошай і навыкі зберажэння лепш за ўсё з пяці гадоў. Па дадзеных даследаванняў, дзеці фармуюць асабістую мадэль растрат i назапашванняў ужо да гэтага ўзросту. Таму, калі не закласці асновы фінансавай пісьменнасці ў раннім дзяцінстве, то ў будучыні могуць узнікнуць праблемы ў абыходжанні з грашыма. Дзіцяці ва ўзросце пяці-шасці гадоў ужо можна даверыць самастойна нешта купіць. Для пачатку дайце пэўную суму каб вашаму дзіцяці не прыйшлося вылічваць рэшту. І пры гэтым абавязкова пракантралюйце, як дзіця робіць пакупку.
Для дзiцяцi будзе больш пераканаўча, калі бацькі на асабістым прыкладзе пакажуць, як важна ўмець абыходзіцца з грашыма. Адзін з добрых спосабаў – трымаць уласныя выдаткі на забавы пад кантролем.
Для пачатку дарослым неабходна паведаміць дзіцяці як фарміруецца сямейны бюджэт. Растлумачыць, што яны аплачваюць камунальныя паслугі, ежу, машыну, адзенне. Бо пераважная частка сродкаў ідзе менавіта на гэтыя патрэбы. Акрамя таго, дзіця павінна разумець, адкуль бяруцца грошы на яго кішэнныя выдаткі. Растлумачце, што дзеля гэтага бацькам трэба працаваць. Таксама паведаміце, што вы чакаеце ад яго рацыянальнага карыстання сродкамi, якiя выдаткоўваюцца яму. Напрыклад, такія штодзённыя справы як паход у краму, могуць стаць выдатным спосабам прадэманстраваць дзіцяці, як трэба абыходзіцца з грашыма. Гэта навучыць планаванню, эканоміі ды пошуку лепшага кошту. Гэтак жа вучыце параўноўваць кошты. Паказвайце што колькі каштуе, каб яно магло арыентавацца ў тым, што даражэйшае, а што таннейшае. Таму часцей бярыце малое з сабой на шопінг.
Правільнае рашэнне – гэта выдзяленне дзіцяці рэгулярнай сумы на абеды ў школе, пачастункі, дробныя пакупкі. Не варта выдзяляць занадта вялікія сумы, якія перавышаюць яго штодзённыя патрэбы.
Першае, што павінна разумець дзіця – гэта розніца паміж неабходнымі марнаваннямі і выдаткамі дзеля задавальнення. Для гэтага абмяркуйце з малым, што яно хоча і што сапраўды важней за ўсё на дадзены момант. Давайце дзіцяці манеты і купюры, каб яно вучылася адкладаць грошы на свае патрэбы: манеты – на дробныя выдаткі, а купюры – буйныя пакупкі.
Для пачатку дзіцяці 6-7 гадоў можна выдаваць пэўную суму на адзін дзень. Пасля таго як яно асвоіць, як трэба абыходзіцца з гэтымі грашыма, можна выдаваць грошы на два-тры дні, а потым і на ўвесь тыдзень. Такім чынам, дзіця навучыцца само разлічваць, якую суму мае і колькі можа выдаткаваць. Раз на паўгода можна выдаваць буйную суму ў якасці падарунка. Галоўнае – гэтая сума не павінна перавышаць кішэнных расходаў за 6 месяцаў. Гэта дапаможа дзіцяці адчуваць сябе больш упэўнена. Акрамя таго, з'явіцца магчымасць набыць нешта істотнае без вымушанай эканоміі.
Навучыце сваіх дзяцей ставіць кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя мэты, дапамагайце вызначаць гэтыя мэты. Гэта значыць, колькі можна выдаткаваць на забаўкі, а колькі адкласці на іншыя, больш важныя пакупкі. Навучыце планаваць свае даходы і марнаванні. Памятайце: калі вы даяце грошы рэгулярна, то дзіця хутчэй навучыцца планаванню. Будзе лепш, назначыць дзень выдачы грошай і пэўную суму (напрыклад, панядзелак), і заўсёды прытрымлівайцеся яго. Вы можаце выдаваць грошы наяўнымi, альбо наладзіць плацеж на банкаўскую карту – гэтая схема пераважней для падлеткаў. Мы не будзем вам рэкамендаваць, якую суму трэба выдзяляць на кішэнныя выдаткі, бо самы прыдатны варыянт для вашай сям'і зможаце абраць толькі вы самі.
Дзеці павінны разумець, што грошы маюць каштоўнасць, і калі іх траціш, то яны знікаюць з кашалька. Гэта значыць, чым больш трацiш, тым менш застаецца!
Навучыце адкладаць частку кішэнных грошай, калі дзіця марыць набыць нешта, што перавышае памеры штодзённых кішэнных грошай. Напрыклад, гэта можа быць пэўны працэнт ад кожнай траты, або ад кожнага грашовага паступлення.
Дзецям ва ўзросце 10-11 гадоў можна выдаваць кішэнныя грошы на цэлы месяц. Гэтак жа растлумачце, што не варта трацiць дадатковую суму адразу. «Бо калі сёння патраціш усё, а заўтра ці паслязаўтра раптам захочаш нешта яшчэ, то давядзецца чакаць месяц. Але, калі ўжо адбылася такая сітуацыя і дзіця патраціла ўсю суму, то не ідзіце ў яго на повадзе: не пазычайце і не давайце грошы раней пазначанай даты. Для дзіцяці гэта будзе добрым досведам у будучынi.
Забаронена выкарыстоўваць грошы як сродак маніпуляцыі над дзіцем. Недапушчальна казаць: "Калі будзеш так сябе паводзіць, грошай больш не атрымаеш". Задача кішэнных грошай – асвоіць фінансавую пісьменнасць. Грошы не павінны быць сродкам пакарання.
Гэтак жа раскажыце аб рацыянальных і бессэнсоўных выдаткі. Гэта дапаможа прадухіліць шкодныя і непатрэбныя на дадзены момант пакупкі. Калі дзіця карыстаецца спецыяльнай банкаўскай карткай, то вы можаце адсачыць выдаткі, усталяваўшы ліміт штодзённых пакупак.
Часам могуць узнікнуць цяжкасці ў сямейным бюджэце. Калі адбылася такая праблема, не трэба замоўчваць гэта. Дзіця павінна разумець, напрыклад, чаму адкладаецца выплата штотыднёвай сумы, ці чаму трэба яе скараціць. Не выдумляйце неіснуючых прычын, скажыце ўсё як ёсць.
Псіхолагі не рэкамендуюць ужываць выраз: «Мы не можам сабе гэтага дазволіць». Для дзіцяці гэта азначае «мы бедныя» і з'яўляецца прычынай для турботы. Лепш казаць так: «Мы не можам купіць гэта зараз. Але абавязкова купім у іншы раз…»
Магчыма, у самым пачатку дзіцяці будзе складана рацыянальна планаваць свае выдаткі. Таму бацькі ў гэтым пытанні павінны быць цярплівымі і разважлівымі. Будзе значна лепш, калі дзіця асвоіць фінансавую пісьменнасць менавіта зараз, у дзяцінстве. Чым раней яно атрымае навыкі абыходжання з грашыма, тым лягчэй будзе ў дарослым жыцці. Фінансавая пісьменнасць патрэбна якраз для таго, каб навучыцца правільна размяркоўваць грошы, планаваць выдаткі, збіраць, а таксама прывыкаць да адказнасці і самастойнасці.