Ягор Розмысл – пераможца заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі”
Ягор Розмысл – дзесяцікласнік Каменскага дз/с-СШ – стаў пераможцам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі”.
– Захапленне Ягора гісторыяй я заўважыла адразу з пятага класа, – гаворыць Алена Віктараўна Хвайніцкая – настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і класны кіраўнік дзясятага класа. – Таму заўсёды старалася даць яму яшчэ больш дадатковых ведаў, каб пашырыць яго кругагляд. Толькі ён і сам проста праглынаў вялікую колькасць самай рознай літаратуры, глядзеў многа гістарычных фільмаў. А ў восьмым класе я прапанавала яму прыняць удзел у алімпіядзе па гісторыі для дзевяцікласнікаў. У выніку – першае месца ў раённым этапе, трэцяе – у абласным. У дзявятым класе ён ужо ўдзельнічаў у алімпіядзе і за дзявяты, і за дзясяты. І зноў паспяхова.
Як аказалася, Ягор – вельмі рознабаковы чалавек. Ён цікавіцца рознымі прадметамі і выдатна займаецца ў школе – сярэдні бал вышэй за дзявятку.
– Гісторыяй я пачаў захапляцца яшчэ з пачатковай школы, – расказвае Ягор. – Калісьці мама купіла мне адзін з нумароў часопіса “100 чалавек, якія змянілі ход гісторыі”. Прачытаў яго з вялікім інтарэсам і пачаў збіраць усе нумары. Гісторыя сама па сабе вельмі складаная навука, але вельмі захапляючая! Таму падчас урокаў, факультатыўных заняткаў мне заўсёды хочацца даведацца як мага больш. Асабліва цікавы для мяне сучасны перыяд.
Па меркаванні Ягора, каб дабіцца поспеху ў любой справе, трэба многа працаваць самастойна, аддаваць свайму захапленню кожную свабодную хвіліну.
– Мы рыхтаваліся да алімпіяды дзесьці з пачатку мінулага навучальнага года, – гаворыць Ягор. – Самым складаным аказаўся абласны этап. Заданні, што там прапаноўваліся, выходзілі за рамкі школьнай праграмы. Адказаць на іх можна было толькі ў тым выпадку, калі вывучаў дадатковую літаратуру. А вось на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды ўжо больш выкарыстоўвалася школьная праграма.
Алена Віктараўна вельмі задаволена поспехамі свайго вучня. Ганарацца сваім сынам і яго бацькі – Віктар Леанідавіч – дырэктар Каменскага дз/с-СШ, які па спецыяльнасці гісторык, і Наталля Аляксандраўна – настаўніца матэматыкі. Па ўсім відаць, асаблівая любоў да гісторыі перадалася сыну ад яго бацькі. Аднак Ягор паспяхова займаецца ў класе з паглыбленым вывучэннем матэматыкі і хіміі.
– Шчыра прызнацца, не думаў, што змагу выступіць настолькі рэзультатыўна, – прызнаецца Ягор. – Гісторыя – маё вялікае хобі! Канечне, прыемна, што свае веды я змог прымяніць на практыцы.
А вось пасля заканчэння школы юнак вырашыў звязаць сваё жыццё з медыцынай. Па яго меркаванні, гэта сфера дзейнасці для яго найбольш падыходзіць.
Што ж, пажадаем яму поспехаў і новых дасягненняў. І няхай усе яго мары абавязкова спраўдзяцца. Ягор – гонар не толькі школы. Яго дасягненне папоўніла багатую скарбонку інтэлектуальных перамог моладзі ўсёй Шчучыншчыны.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.