Выкананне плана мерапрыемстваў па развіцці турызму ў Шчучынскім раёне разгледзелі на чарговым пасяджэнні раённага каардынацыйнага савета
Перад пачаткам пасяджэння яго ўдзельнікі мелі магчымасць азнаёміцца з арганізаванай выставай сувенірнай прадукцыі, якую могуць прапанаваць аб'екты турызму раёна для сваіх гасцей. Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта, пазначаныя раней задачы па вырабе сувенірнай прадукцыі былі выкананы не ў поўнай меры.
На думку Алены Васільеўны, сучасная сувенірная прадукцыя - гэта важны эканамічны складнік турыстычнага прадукту. Сувенір фарміруе не толькі турысцкі імідж, але і грамадскую думку аб рэгіёне. Таму вельмі важна, каб сувенірная прадукцыя была прадстаўлена на кожным турыстычным аб'екце раёна, а яе асартымент і кошт павінны быць цікавы замежнаму турысту. Сувеніры надоўга захоўваюць успаміны самога турыста аб наведаных ім цікавых месцах і помніках, аб знамянальных падзеях ці важных датах, выклікаюць пазітыўныя ўражанні і асацыяцыі.
Адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці па развіцці індустрыі турызму з'яўляецца ўдасканаленне наяўнай і стварэнне новай інфраструктуры. Пакуль вострай застаецца праблема абмежаванай колькасці месцаў у гасцініцах для размяшчэння турыстаў, агульны ложкавы фонд якіх налічвае 56 месцаў. З улікам таго, што гасцініцы горада на 30% занятыя, прыняць аўтобус турыстаў на начлег не ўяўляецца магчымым. У мінулым годзе спектр прадстаўляемых паслуг па пражыванні пашырыўся за кошт створанага на базе раённага Цэнтра турызму і краязнаўства хостэла на 19 месцаў. Але гэтага відавочна недастаткова. Такое жыллё не прадугледжвае высокі сэрвіс абслугоўвання, аднак адносна танная цана пражывання можа прыцягнуць многіх турыстаў. Праца па рэканструкцыі аднаго з будынкаў раённага цэнтра пад турыстычны хостэл на 60-70 месцаў прыватным інвестарам пакуль прыпынена. Ды і гасцінічны бізнес раёна не гатовы ці не жадае прапанаваць замежнаму турысту нават гарачыя сняданкі. Хоць гаворка пра гэта ідзе ўжо на працягу сямі гадоў.
Вельмі важна, што да любога турыстычнага аб'екта павінна прыкладацца наяўнасць нармальных пад'ездаў і стаянак, паказальнікаў, экалагічных сцежак і іншае. Трэба адзначыць, што з пад'язнымі шляхамі да турыстычных аб'ектаў пытанні вырашаюцца. У мінулым годзе ДРБУ-161 зроблены пад'езды да касцёлаў у Ражанцы і Лядску. На гэты год у планах асфальтаванне дарогі ад аўтатрасы М6 да Каменкі, будзе выканана падсыпка і грэйдзіраванне дарогі да вёскі Ішчална, а таксама асфальтаванне стаянкі каля касцёла. У стадыі вырабу знаходзіцца праектна-каштарысная дакументацыя на абуладкаванне аўтастаянкі клуба-музея Чэслава Немэна ў вёсцы Старыя Васілішкі.
Адзін з важных момантаў, на думку ўдзельнікаў пасяджэння, - абуладкаванне каля значных аб'ектаў турызму грамадскіх туалетаў. «Турысту ў першую чаргу важна вырашыць свае бытавыя пытанні, а затым усё астатняе. Таму прыбіральні павінны быць у абавязковым парадку ў раённым цэнтры. Як і ля Маламажэйкаўскай царквы-крэпасці, дзе пралягаюць практычна ўсе турыстычныя маршруты раёна. Прыклад краін-суседзяў у гэтым пытанні вельмі паказальны: у той жа Польшчы і Літве турыстычныя аб'екты абсталяваны даволі зручна», - лічыць індывідуальны прадпрымальнік С.С. Мыслівец.
Немалаважны момант, без якога не можа быць рэальнага развіцця тургаліны, - гэта разуменне шчучынцамі, што з турызму можна і трэба зарабляць. Шэраг праблемных пытанняў акрэсліла перад прысутнымі А.В. Пасюта: “У нас выдатная прырода, шмат цікавых аб'ектаў, адным словам, багаты турыстычны патэнцыял. Але мы яшчэ не ў поўнай меры навучыліся годна гэта прадстаўляць і прыцягваць турыста. Я зноў заклікаю ўсе суб'екты турызму, усе зацікаўленыя арганізацыі, прадпрыемствы і ўстановы дзейнічаць у гэтым кірунку разам, арганізоўваць узаемадзеянне па прынцыпе кластара, дзе ўсе ў дасягненні агульнай мэты гатовы падтрымаць адзін аднаго і могуць разлічваць на такую дапамогу ў адносінах да сябе. Пакуль такога ўзаемадзеяння няма”.
Аналіз турыстычнага патоку паказвае, што найбольш папулярнымі аб'ектамі для наведвання з'яўляюцца Стара-Васілішкаўскі клуб-музей Чэслава Немэна, Маламажэйкаўская царква-крэпасць, палац Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне і палац Святаполк-Чацвярцінскіх у Жалудку. Алена Васільеўна таксама лічыць, што ў раёне не хапае «фішак» і яркіх мерапрыемстваў, на якія маглі б імкнуцца турысты.
Варта сказаць, што належнай аддачы ў раёне чакаюць ад экскурсійнага турызму. На тэрыторыі рэгіёна налічваецца больш за 20 музеяў, музейных пакояў і экспазіцый. Гэта, у прыватнасці, прадугледжвае і аб'ектыўную ацэнку кадравага патэнцыялу, у тым ліку навучанне кваліфікаваных спецыялістаў прыёму замежных турыстаў. У хуткім часе ў Шчучыне на стадыёне "Алімп" пачне працаваць турысцка-інфармацыйны цэнтр, спецыялісты якога зоймуцца папулярызацыяй турызму ў Шчучынскім раёне. Галоўная задача - максімальна выкарыстаць гэты патэнцыял для стварэння на яго аснове запатрабаваных турыстычных прадуктаў.
Намеснік старшыні райвыканкама распавяла аб міжнародным супрацоўніцтве паміж гарадамі-пабрацімамі, выказаўшы надзею, што з часам іх будзе яшчэ больш, а намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Т.У. Цюсіна пазнаёміла з асноўнымі брэндавымі мерапрыемствамі на бягучы год.
На пасяджэнні былі пастаўлены задачы па стварэнні новага брэнда Шчучыншчыны. Кіраўніцтву Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка "Котра” даручана сумесна з калегамі з запаведніка “Чапкеляй” распрацаваць план мерапрыемстваў па прыцягненні турыстаў, які павінен прадугледжваць актыўны адпачынак, водны і экалагічны турызм, велатурызм. Усё гэта можа быць рэалізавана за кошт сродкаў трансгранічнага супрацоўніцтва.
Падводзячы вынік, А.В. Пасюта падкрэсліла, што пакуль мы не прыйшлі да таго ўзроўню, калі да нас масава паедуць турысты. Трэба працягваць ствараць умовы для іх знаходжання, развіваць інфраструктуру гасціннасці, ствараць належнае інфармацыйнае суправаджэнне, прасоўваць цікавыя для замежных гасцей аб'екты.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара