А.В. Пасюта: “Ідэі будзем увасабляць у праекты”
У райвыканкаме адбылася нарада па выкананні комплексу мер па прыцягненні ў раён замежнай бязвыплатнай дапамогі. Прадстаўнікі аддзелаў і службаў райвыканкама, устаноў і арганізацый, у тым ліку грамадскіх, распрацавалі алгарытм дзеянняў у гэтай, несумненна, важнай справе, падзяліліся вопытам па рэалізацыі сумеснай з замежнымі партнёрамі праектнай дзейнасці, трансгранічнага супрацоўніцтва.
Такая сумесная работа, накіраваная на развіццё адукацыйных працэсаў і сістэмы аховы здароўя, самазанятасці насельніцтва, вырашэнне праблем людзей з інваліднасцю і іншых важных злабадзённых пытанняў, садзейнічае фарміраванню моцнай грамадскай супольнасці, павышэнню якасці жыцця людзей, адзначыла намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта. І раённая ўлада ў гэтым вельмі зацікаўлена. Вось і нядаўняя дзелавая сустрэча з кіраўніцтвам Паратынскай гарадской рады Украіны, пераканана Алена Васільеўна, надасць імпульс супрацоўніцтву паміж нашымі рэгіёнамі. Кіраўнік заклікала цаніць здабыткі і актыўна выступаць з новымі ініцыятывамі па праектнай дзейнасці, паабяцала падтрымку і дапамогу.
Дарэчы, работа па прыцягненні замежнай бязвыплатнай дапамогі пачынаецца з падрыхтоўкі праекта, у аснове якога ёсць цікавая і грамадска значная ідэя. І каб яе знайсці, можна аб’ядноўваць сілы самых розных ведамстваў, грамадскіх і рэлігійных арганізацый, насельніцтва. Рэчышча для ініцыятыў досыць шырокае, праекты могуць мець розную накіраванасць – сацыяльную, адукацыйную, навукова-даследчую, спартыўную, экалагічную і г.д.
– Ідэі будзем увасабляць у праекты, – падкрэсліла Алена Васільеўна Пасюта, якая сама мае каштоўны досвед у праектнай дзейнасці. – Трэба шукаць замежных партнёраў, у тым ліку ў гарадах-пабрацімах, з тым разлікам, каб нашы і іх інтарэсы ў той ці іншай сферы супадалі і была магчымасць аб’яднаць двухбаковы вопыт.
На нарадзе былі агучаны прыклады эфектыўнага ўзаемадзеяння з замежнымі партнёрамі. Так, 26 тысяч еўра было атрымана летась ад польскіх партнёраў на рамонт даху будынка, дзе размяшчаецца клуб-музей Чэслава Немэна, нагадаў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А.І. Навіцкі, якому даручана каардынаваць дзейнасць па рэалізацыі комплексу мер па прыцягненні замежнай бязвыплатнай дапамогі. А яшчэ за год да гэтага такой дапамогі не было ўвогуле. У прадаўжэнні праектнай дзейнасці, накіраванай на ўстойлівае развіццё тэрыторыі, зацікаўлены Жалудоцкі сельвыканкам (тут яе распачалі больш за 10 год таму), раённая чырванакрыжная арганізацыя, нацэленая на аказанне медыка-сацыяльнай дапамогі на даму, ТЦСАН, занальны ЦГіЭ і аддзел адукацыі… Можна сказаць, гатоўнасць актыўна далучыцца да рэалізацыі сумесных праектаў выказалі практычна ўсе ўдзельнікі нарады. Былі агучаны сапраўды цікавыя ідэі: правесці аўтэнтычны фестываль, абуладкаваць варкаўт-пляцоўкі ля дамоў сямейнага тыпу, інклюзіўную пляцоўку ў Шчучыне, цэнтр бяспекі для дзяцей… Безумоўна, будзе вітацца рэалізацыя намечанага з прыцягненнем замежных інвестыцый. Зробленае застанецца для людзей, а таксама павысіць турыстычную прывабнасць нашай Шчучыншчыны.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.