Выхоўваць моладзь на хрысціянскіх каштоўнасцях. Для вырашэння гэтай задачы педагогі заклікаюць у саюзнікі святароў

 

Сёння ў канферэнц-зале Палаца творчасці дзяцей і моладзі адбылося пасяджэнне за “круглым сталом”, на якім педагогі, свяшчэннаслужыцелі, прадстаўнікі раённай улады абмяркоўвалі вельмі важную тэму – як выхаваць наша маладое пакаленне духоўна багатым, у непадзельнай любові да Бога, свайго народа, Радзімы…

 

Як вядома, у школах Беларусі ўведзены факультатыўныя заняткі “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”. Іх па жаданні будуць наведваць вучні пятых-шостых класаў. У дапамогу прапанаваны цэлы вучэбна-метадычны комплекс, над стварэннем якога працавалі прадстаўнікі не толькі праваслаўнай, але і каталіцкай царквы, іншых канфесій. Сутнасць новага факультатыва ў тым, каб нашы духоўныя каштоўнасці, якімі спрадвеку славілася беларуская зямля, знайшлі сваё адлюстраванне ў сэрцы і свядомасці кожнага юнага грамадзяніна.

 

 

Сваімі думкамі падчас пасяджэння “круглага стала” падзяліліся намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Павел Тарчынскі, яго намеснік Жанна Мецько, свяшчэннаслужыцель Сергій Сямашка, які мае вялікі вопыт супрацоўніцтва з педагогамі гімназіі горада Шчучына. Увогуле была магчымасць выказацца ўсім жадаючым.

 

 

У знак узаемаразумення і далейшага супрацоўніцтва благачынны Шчучынскай акругі іерэй Аляксандр Пасцерняк перадаў у падарунак П.В. Тарчынскаму ікону. Напрыканцы сустрэчы, якая атрымалася надзвычай цёплай і шчырай, усе ўдзельнікі “круглага стала” з задавальненнем наведалі музей гісторыі Шчучыншчыны.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

  

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!