Выбіраем правільна гародніну і садавіну

 

Лета – усяго 90 дзён, і за гэты кароткі прамежак часу трэба адпачыць, падмацаваць сваё здароўе, набрацца станоўчых эмоцый і сіл для пераадолення доўгіх, працяглых асенне-зімовых халадоў. І, вядома ж, варта папоўніць арганізм натуральнымі, “жывымі” вітамінамі і мінераламі.

А дзеля таго каб свежыя садавіна, ягады і гародніна прынеслі максімум карысці, прыслухайцеся да парад урача-гігіеніста Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кацярыны СУХАВЕР.

 

 

Дзе лепш за ўсё купляць садавіну і гародніну ў сезон? Правільна, на рынку. Гэта галоўнае правіла, якое аднак патрабуе некаторых тлумачэнняў.

 

 

На што трэба звяртаць увагу пры выбары:

 

 

  • сезонную прадукцыю выбірайце пераважна мясцовай вытворчасці; не варта ў жніўні купляць агуркі з Іспаніі і памідоры з Туркменістана;
  •  
  • пазбягайце ненатуральна яркіх колераў, вялікіх памераў і вельмі гладкіх, без няроўнасцяў і прыроднай шурпатасці пладоў;
  •  
  • не саромейцеся запатрабаваць у прадаўца кіёска дакументы на прадукты. Так вы можаце даведацца, дзе былі вырашчаны садавіна і гародніна, колькі дзён у іх тэрмін захоўвання;
  •  
  • купляйце плодаагароднінную прадукцыю, асабліва бахчавыя культуры, не каля дарог, а ў вызначаных для гандлю месцах;
  •  
  • таксама звяртайце ўвагу на выконванне прадаўцом правіл асабістай гігіены і захаванне чысціні ў гандлёвай палатцы;
  •  
  • выбіраючы гародніну, садавіну ці ягады, звяртайце ўвагу не толькі на іх знешні выгляд, але і на пах, колер і кансістэнцыю. Колер пладоў павінен быць уласцівы гэтаму віду, не павінна быць прыкмет гніення, пашкоджанняў вонкавай абалонкі. Спелыя плады заўсёды вызначае прыемны салодкі пах;
  •  
  • продаж падгнілых, сапсаваных, з парушэннямі цэласнасці гародніны і садавіны забаронены.

 

 

Прафілактыка інфекцыйных захворванняў:

 

  • выкананне правіл асабістай гігіены (мыццё рук перад ежай і падрыхтоўкай ежы, пасля вяртання з вуліцы, наведвання туалета, кантакту з хворымі людзьмі і г. д.);
  •  
  • захаванне ўмоў і тэрміну захоўвання садавіны, гародніны, зеляніны і ягад.

 

 

Стараннае мыццё пладоў і зеляніва з'яўляецца абавязковай умовай іх ужывання і асноўнай мерай прафілактыкі інфекцыйных захворванняў. Прамываюць плодаагароднінную прадукцыю пад праточнай вадой рукамі ці пры дапамозе шчоткі. Не рэкамендуецца выкарыстоўваць бытавыя сродкі для мыцця посуду або мыла.

 

 

Як правільна мыць?

 

 

Караняплоды (бульбу, радыску, моркву, буракі і інш.) трэба спярша патрымаць у цёплай вадзе. Затым старанна ачысціць шчоткай і добра прамыць.

 

 

Капусту (белакачанную, пекінскую і іншыя ліставыя віды) перад прамываннем халаднаватай вадой трэба ачысціць ад верхняга пласта лісця.Квяцістую капусту лепш падзяліць на суквецці і вызваліць ад пацямнелых участкаў.

 

 

Зеляніна патрабуе асаблівай увагі. Зялёную цыбулю, кроп, пятрушку, кінзу, шчаўе, салатную зеляніну трэба перабраць, выдаліць карані, пажоўклае і пашкоджанае лісце. Далей зеляніну замачыць у халоднай вадзе на 15 хвілін, разбіраючы тым часам на асобныя лісточкі і галінкі. Прамыць некалькі разоў, пакуль на дно не асядзе бруд і вада не стане чыстай. Пасля гэтага старанна спаласнуць праточнай вадой.

 

 

Для лепшага ачышчэння зеляніны ад патагенных бактэрый і мікробаў можна патрымаць яе на працягу паўгадзіны ў солева-воцатным растворы (па 1 сталовай лыжцы солі і воцату на 1 літр вады).

 

 

Вінаград трэба прамываць пад «душам» з-пад крана. Пасля мыцця даць вадзе сцячы. Тугія гронкі акуратна падзяліць з дапамогай нажніц, але не адрываць ягады. Непасрэдна перад мыццём варта зняць усе мятыя, пераспелыя, недаспелыя, падгнілыя, пашкоджаныя ягады.

 

 

Трускаўкі, вішні, чарэшні, маліны, парэчкі і іншыя ягады рэкамендуецца выкласці на друшляк у адзін пласт і прамываць пад лёгкім «душам» праточнай вадой 5 хвілін. Так з паверхні пладоў сыдуць зямля і пыл. Потым для ягад трэба зладзіць кантрасныя «ванны»: напераменку акунаць друшляк у ёмістасць з гарачай 80-85 градусаў (але не кіпнем!) і халоднай вадой: 2-3 такія працэдуры дастаткова для выдалення ўсіх мікробаў.

 

 

Аб карысці для нашага арганізма гародніны і садавіны можна меркаваць па іх колеры.

 

 

Плады жоўтага колеру багатыя на караціноіды, якія ўмацоўваюць сардэчна-сасудзістую сістэму чалавека. Да такіх пладоў адносяцца жоўтыя слівы, яблыкі, абрыкосы, персікі, дыні, бананы, ананасы, квяцістая капуста і кукуруза.

 

 

Гародніна і садавіна аранжавага колеру ўтрымліваюць багата бэта-карацінаў, а яны з'яўляюцца моцнымі антыаксідантамі. Гэта морква, манга, гарбуз, абляпіха і іншыя.

 

 

Плады сіне-бэзавага колеру – чарніцы, буякі, ажына, вінаград, слівы, баклажаны – таксама з'яўляюцца крыніцай антыаксідантаў і дапамагаюць запавольваць працэс старэння арганізма, а таксама аказваюць супрацьмікробнае дзеянне.

 

 

Чырвоны колер гаворыць аб наяўнасці ў гародніне і садавіне флаваноідаў, якія абараняюць арганізм ад уздзеяння свабодных радыкалаў, дазваляючы чалавеку даўжэй захоўваць маладосць і прывабнасць. Чырвоныя плады таксама дапамагаюць зняць запаленне мочавыводзячых шляхоў і знізіць рызыку анкалогіі. Гэта чырвоныя яблыкі, кавуны, вішня, гранат, клубніцы, маліна, журавіны, памідоры, буракі і інш.

 

 

Зялёныя гародніна і садавіна ўтрымліваюць у вялікай колькасці хларафіл, а таксама магній, калій і кальцый, што вельмі важна для стрававання, нервовай сістэмы. Таксама у іх шмат вітамінаў А, В, С. Зялёную афарбоўку маюць ківі, авакада, агуркі, капуста, гарох, шпінат, салата, некаторыя сарты яблыкаў і г. д.

 

 

Гародніна пастаўляе ў арганізм чалавека не толькі вітаміны, але і мінеральныя рэчывы, такія як жалеза, магній, фосфар, кальцый, калій і іншыя. Больш за тое, гародніна і садавіна ўтрымліваюць у сабе арганічныя кіслоты і эфірныя алеі. Гэтыя рэчывы вельмі важныя для працэсу стрававання, яны спрыяюць лепшаму засваенню больш цяжкай, тлустай ежы і вэнджаніны.

 

 

"ЗВЯЗДА"

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!