Вясну гукалі, блінамі частавалі
На плошчы Свабоды ў Шчучыне прайшло традыцыйнае беларускае народнае свята Масленіца. Правесці зіму і гукаць вясну прышлі шматлікія гараджане і госці райцэнтра.
З самага ранку па наваколлі луналі беларускія народныя песні. Карабейнікі прапаноўвалі ўсім жадаючым прыняць удзел у латарэі і выйграць смачныя прызы ад Шчучынскага філіяла ААТ “Малочны Мір”.
На святочных падворках чаго толькі не было: гарачыя бліны і іншая выпечка, духмяныя шашлыкі, калбасныя вырабы, мёд, дамашняе сала, варэнне і саленні, квас і чай... Гаспадыні ў нацыянальных касцюмах з цёплай усмешкай віталі ўдзельнікаў свята і частавалі рознымі прысмакамі і стравамі, прыгатаванымі на Масленіцу.
У горадзе майстроў таксама было ажыўлена. Тут можна было набыць работы народных умельцаў: вырабы з дрэва, карціны, цацкі, ўпрыгожванні і многае іншае. Тыя, хто ўжо паспеў закупіцца ўсім неабходным, з задавальненнем каталіся на мініацюрным поездзе і правяралі сваю трапнасць у ціры. Для маленькіх удзельнікаў свята працавалі атракцыёны і гульнявыя пляцоўкі. Самыя смелыя і вынослівыя імкнуліся пакарыць высачэзны драўляны слуп, на вяршыні якога пераможцу чакаў прыз.
А тым часам на сцэне ладзілася сапраўдная тэатралізаваная імпрэза. У госці да шчучынцаў завіталі Зіма і Вясна. Гучала шмат песень і жартаў, таму настрой ва ўсіх быў выдатны. Шчучынцы пускаліся ў пляс і вадзілі веснавыя карагоды. Кульмінацыяй свята стала традыцыйнае спальванне пудзіла – сімвала развітання з зімой. Аднак і пасля гэтага шчучынцы не спяшаліся разыходзіцца. Масленіцца пераўтварылася ў сапраўдае народнае гулянне, дзе кожны мог знайсці сабе забаву па душы і весела правесці вольны час.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.