Вярнуцца назад у мінулае і пазнаёміцца з творчасцю Цёткі

Астрынскі комплексны музей А.С. Пашкевіч (Цёткі) – адзіны ў Беларусі. Гэта не толькі адметная візітная картка пасёлка, але і сапраўдны цэнтр прыцягнення літаратараў і захопленых творчасцю людзей. Вершы паэтэсы прайшлі выпрабаванне часам і па-ранейшаму ўражваюць і захапляюць. Штогод музей наведвае вялікая колькасць турыстаў, як беларускіх, так і замежных. З увядзеннем на Шчучыншчыне бязвізавага рэжыму на Астрыншчыне чакаюць чарговых гасцей з замежжа. Чаму варта наведаць музей Цёткі, і якія змены адбыліся тут сёлета – мы спыталі ў кіраўніка музея А.С. Балобан.

 

Адметна, што музей Цёткі размяшчаецца ў будынку Астрынскай школы, якая носіць імя паэтэсы. Гісторыя пачынаецца ўжо з першых прыступак. Цётка выдавала кнігі і для дзетак-беларусаў, і сёння дзеці – побач, прыходзяць на экскурсіі, праводзяць іх для гасцей, з задавальненнем чытаюць Цётчыны вершы і ставяць тэатралізаваныя пастаноўкі ў музейных пакоях.

 

 

– Важная роля ў выхаванні моладзі і захаванасці каштоўнасцей гісторыі і культуры належыць музею, – гаворыць кіраўнік музея Ала Сямёнаўна Балобан. – Мы клапоцімся пра духоўнасць падрастаючага пакалення, напаўняем іх сэрцы прагаю да ведаў, імкненнем служыць свайму народу, сваёй Бацькаўшчыне. Добрую дапамогу ў гэтай справе аказвае яркае, як след бліскавіцы, жыццё слаўнай нашай зямлячкі – Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч.

 

 

Музей А.С. Пашкевіч (Цёткі) быў заснаваны 15 снежня 1982 года дзякуючы намаганням кіраўніка музея, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Галіны Багумілаўны Пугач, дырэктара школы Аляксандра Мікалаевіча Сідаровіча, мастакоў-афарміцеляў Алены Кліменцьеўны Дзерынг і Алеся Пятровіча Ступеня.
Сёння музей налічвае каля 900 экспанатаў, якія размясціліся ў чатырох пакоях. У першым гасцей сустракае экспазіцыя “Стала песняй у народзе”, якая распавядае пра вытокі сям’і Пашкевічаў, перыяды жыцця і творчасці Цёткі, вобраз нашай зямлячкі ў літаратуры, музыцы, жывапісе і скульптуры.

 

 

У другім пакоі размешчана экспазіцыя пра Шчучыншчыну і Гродзеншчыну літаратурную – “Жыве яе ліра нанова”. У трэцім знаходзіцца этнаграфічная экспазіцыя “Сведкі мінуўшчыны”, дзе сабраны разнастайныя прылады працы і прадметы побыту сялян канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.

 

 

– Нашы экспанаты распавядаюць пра сям’ю Пашкевічаў, дзяцінства і юнацтва Алаізы, пра рэвалюцыйную і асветніцкую дзейнасць Цёткі, яе вучобу і творчасць у Пецярбурзе, Львове і Кракаве, Вільні і Мінску, – гаворыць Ала Сямёнаўна. – Сярод самых каштоўных – “Першае чытанне для дзетак беларусаў”, 1906 года выдання, “Скрыпка беларуская”, “Хрэст на свабоду”, буфет з хаты Пашкевічаў, партрэт Цёткі і многае іншае.
У музеі надзвычай прыгожа і ўтульна. Тут прадстаўлена мноства фотаздымкаў паэтэсы, яе родных і сяброў, выдатных дзеячаў культуры, якія аказалі ўплыў на станаўленне яе грамадзянскай пазіцыі і літаратурную творчасць.

 

 

– У 2006 годзе (да 130-годдзя з дня нараджэння паэтэсы) у музеі быў адкрыты новы пакой, у якім размясцілася экспазіцыя “Гучыць яе ліра нанова…”, – працягвае свой аповед Ала Сямёнаўна. – І вось мы зноў адкрылі новы пакой і новую экспазіцыю – “Тут родзіцца думка за думкай”, прысвечаную гісторыі і сучаснасці адукацыі на Астрыншчыне.

 

 

З задавальненнем наведала гэтую экспазіцыю. Заходзіш сюды і адразу трапляеш у мінулае, зноў адчуваеш сябе школьніцай з ранцам, поўным сшыткаў і з букваром Анатолія Клышкі… Тут на варце часу – школьныя парты, вопратка і рэчы тагачасных савецкіх школьнікаў, кнігі, дакументы, фотаздымкі… Кіраўнік музея расказвае, што новая экспазіцыя адразу прыйшлася ўсім даспадобы. Тут нават праходзяць некаторыя школьныя заняткі! Адметна, што ўсе экспанаты сабраны настаўнікамі і вучнямі Астрынскай школы. З душой падышла да афармлення былая вучаніца, а зараз настаўніца Таццяна Шчэмерава і выхаванцы яе гуртка.
Ацанілі экспазіцыю не толькі дзеці, але і дарослыя. Госці не ўтрымліваюцца ад жадання пасядзець за школьнай партай і… “пагарніць” у піянерскі горн! Побач з мінулым – сучаснасць: фотаздымкі таленавітых выпускнікоў школы, узнагароды навучальнай установы і яркае жыццё сённяшніх школьнікаў.

 

 

Музей А.С. Пашкевіч беражліва захоўвае гісторыю Астрыншчыны, а разам з тым і беларускія традыцыі, памнажае іх і перадае з пакалення ў пакаленне. Дарэчы, музей Цёткі ўключаны ў адзін з турыстычных маршрутаў Шчучыншчыны. Супрацоўнічае музей і з аграсядзібай “Бабровая даліна”. Яго дзверы заўсёды адкрыты для турыстаў, таму што ёсць чым здзівіць нават самых патрабавальных!

 

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!