Вялікі дар чалавеку ад Бога. Сёння ў Шчучыне ўрачыста адзначылі Дзень праваслаўнай кнігі
Па добрай традыцыі штогод у сакавіку Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі збірае сваіх адданых чытачоў на цудоўнае мерапрыемства – Дзень праваслаўнай кнігі. Не стала выключэннем і дата 28 сакавіка. Сёння ў канферэнц-зале сабралася багата гасцей – прадстаўнікоў раённай улады, святароў, навукоўцаў, настаўнікаў, якія выкладаюць у школах раёна асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму. На свята прыйшла моладзь, прадстаўнікі сярэдняга і старэйшага пакалення. Кожны вынес нешта надзвычай важнае і карыснае для сябе.
Благаславенне на правядзенне мерапрыемства “Духоўнае слова ў жыцці сучаснага чалавека” даў благачынны Шчучынскай акругі, іерэй Аляксандр Пасцерняк, адзначыўшы, што гэта сустрэча дазволіць усім яе ўдзельнікам узняцца на яшчэ адну прыступку ў сваім духоўным развіцці. Цёпла прывітала прысутных намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Цюсіна, выказала словы падзякі ў адрас ганаровых гасцей, што знайшлі час прыехаць у Шчучын з Мінска і Гродна, каб падзяліцца сваім досведам і новымі навуковымі распрацоўкамі, што тычацца нашай гісторыі. Таццяна Уладзіславаўна ўнесла прапанову, каб у наступным годзе такое свята прайшло ў больш шырокім фармаце, бо цікаўнасць да яго каласальная. Тым больш, што на шчучынскай зямлі чакаецца вялікая падзея ў гісторыі праваслаўя -- наша знакамітая царква-крэпасць у Мураванцы будзе адзначаць свой знакавы юбілей – 500-годдзе.
Вельмі кранаюча гучалі вершы на хрысціянскую тэматыку ў выкананні выхаванцаў гімназіі. Да глыбіні душы ўзрушыла выступленне народнага ансамбля духоўнай музыкі “Прэабражэнне” пад кіраўніцтвам Алены Руткевіч.
Надзвычай цікавым і насычаным фактамі быў навуковы даклад, з якім выступіў протаіерэй Уладзімір Барысевіч – загадчык сектара прыходскіх бібліятэк аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гродзенскай епархіі. Ён расказаў аб духоўнай спадчыне прападобнай Еўфрасінні Полацкай – нашай асветніцы і апякунцы зямлі беларускай. А вось протадыякан Павел Бубноў, выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі пазнаёміў слухачоў з унікальным помнікам беларускай праваслаўнай царкоўнай культуры і гісторыі – Жыровіцкім Евангеллем ХVІ стагоддзя і ягоным факсімільным аднаўленнем.
Не меней пазнавальнымі і захапляючымі былі навуковыя даклады кандыдата гістарычных навук, дацэнта Гродзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы Аляксандра Горнага і выкладчыцы гісторыі гімназіі г. Шчучына Алены Лісоўскай.
Па добрай традыцыі госці ўручылі дырэктару бібліятэкі Аляксандры Янкоўскай праваслаўныя кнігі – у дар для шчучынскіх чытачоў. Вядучая праграмы Ірына Гудач прапанавала ўдзельнікам свята пазнаёміцца з рарытэтамі кніжных выстаў “Духоўных кніг боская мудрасць” і “Кніжны сусвет праваслаўя”. Мерапрыемства прайшло надзвычай урачыста, на высокай эмацыянальнай ноце, запаліўшы ў душах людзей агеньчыкі веры, надзеі, любові і дабрыні.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Дзіяны КЕЙКА.