Прэм’ера. Новымі пастаноўкамі распачаў 2023 год Астрынскі Дом культуры і тэатральнай творчасці

 

Новымі пастаноўкамі распачаў 2023 год Астрынскі Дом культуры і тэатральнай творчасці. Энтузіясты сцэны прапанавалі сваім гледачам адразу два спектаклі. Рэжысёр Марыя Мадаян разам з самадзейнымі артыстамі народнага драматычнага тэатра паставіла п’есу А.П. Чэхава “Мядзведзь”.

 

Дарэчы, гэта творчая работа была высока ацэнена і на абласным фестывалі “Лідскія тэатральныя сустрэчы”, дзе Наталля Лукіна і Станіслаў Сімановіч атрымалі дыплом як лепшы акцёрскі дуэт.
А вось народны паэтычны тэатр “Волат” сёлетні тэатральны сезон адкрыў прэм’ерай спектакля па творчасці Рыгора Барадуліна “Пад зоркай матулі”.

 

– Гэта светлы і пяшчотны гімн маці, яе самаахвярнасці і шчырасці, яе бязмежнай любові, заклік шанаваць, ахінуць клопатам і ўвагай сваіх матуль, – гаворыць загадчыца аддзела арганізацыйна-метадычнай работы РЦКіНТ Галіна Петушок. – Спектакль нікога не пакінуў абыякавым. Гледачы пакідалі зал усхваляванымі, а артысты былі ўзнагароджаны шчырымі апладысментамі.

 

 

Адметна тое, што рэжысёр Ірына Шандроха сама напісала сцэнарый, прапусціўшы праз сэрца не толькі творы аднаго з самых любімых сваіх пісьменнікаў, але і водгукі літаратурных крытыкаў, успаміны сяброў і калег паэта, адшукала ўнікальныя фотаздымкі, аўдыязапісы “жывога голасу” Рыгора Барадуліна і спеў ягонай матулі. Усё гэта выкарыстана ў пастаноўцы. У канву спектакля арганічна ўведзены рэальныя літаратуразнаўцы Ала Балобан і Святлана Матусевіч, якія і знаёмяць гледачоў з творчасцю Рыгора Барадуліна. А самадзейныя артысты Наталля Санько і яе сын Ягор, Іван Папіціч, Марыя Мадаян, Станіслаў Сімановіч цудоўна даносяць вобраз Рыгора Барадуліна з гадоў яго маленства і да творчай сталасці, акунаюць у атмасферу, у якой рос будучы паэт, дзе фарміравалася яго духоўная повязь з бацькоўскім домам, пяшчотай матулі.

 

 

Спектакль “Пад зоркай матулі” плануюць паказаць у Астрыне паўторна ў Дзень роднай мовы – 21 лютага. Было б цудоўна, каб і шчучынскія тэатралы таксама мелі магчымасць ацаніць абодва новыя спектаклі астрынчан.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Галіны Петушок.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!