Віншаванні і ўзнагароды, статус “Школы міру”, музычныя падарункі… Сёння ў Шчучыне адбылася прыгожая ўрачыстасць з нагоды Дня народнага адзінства

 

Урачыстасць з нагоды 85-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР сабрала ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці людзей розных прафесій і пакаленняў: ветэранаў працы і моладзь, прадстаўнікоў працоўных калектываў раёна і актывістаў грамадскіх арганізацый. Перад пачаткам сходу можна было пазнаёміцца з кніжнай выставай Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі  “Беларусь – радзіма адзінства”, зрабіць здымак на памяць каля фотазон.

 

 

… Але вось ужо ў зале гучаць фанфары, на экране мільгаюць дакументальныя кадры з гісторыі краіны, вобласці, раёна, паўстае храналогія падзей, дзякуючы якім вымуроўваўся надзейны фундамент нашага сёння.

 

На сцэну выходзяць маладыя спецыялісты з розных устаноў і арганізацый горада.

 

-- Мы – будучае краіны. Мы – адзіны народ. Усе разам мы і ёсць наша любая Беларусь, -- сцвярджаюць тыя, за кім наш заўтрашні дзень.

 

 

 А мелодыю знакавай песні “Любімую не аддаюць” падхоплівае ўся зала: лунаюць сцягі, танцуюць дзеці, свецяцца прамяністымі ўсмешкамі твары гледачоў.

 

З самым маладым дзяржаўным святам удзельнікаў урачыстасці павіншаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксей Садоўскі. Ён падкрэсліў, што ў аснове нашага адзінства – добрасумленная праца, духоўныя каштоўнасці, моцная дзяржава. Аляксей Валянцінавіч выказаў словы падзякі ўсім працаўнікам за ўклад у развіццё раёна, працяг лепшых традыцый, пажадаў моцнага здароўя і мірнага неба.

 

 

-- Нам ёсць чым ганарыцца і што берагчы. Давайце жыць і працаваць так, каб наша родная Беларусь толькі квітнела, -- заклікаў землякоў А.В. Садоўскі.

 

Дарэчы, самога Аляксея Валянцінавіча чакаў сюрпрыз: прама на сцэне ён таксама прымаў віншаванні і кветкі ў сувязі з сімвалічным юбілеем у якасці кіраўніка раёна – сваёй першай пяцігодкай!

 

Ад імя дэпутацкага корпуса са святам народнага адзінства ўсіх павіншавала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк. Яна ўручыла вялікай групе лепшых працаўнікоў з самых розных галін вытворчасці і сацыяльнай сферы Ганаровы знак “За ўклад у развіццё Шчучынскага раёна”.

 

 

 

Слова трымае намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Цюсіна:

 

-- Гэтыя вераснёўскія дні надзвычай важныя для нашай гісторыі. Сёння мы ўзгадваем свой шлях, сваіх герояў, нашы традыцыі, сутнасць падзей 17 верасня 1939 года. У гэтай  знакавай даце – вытокі нашых далейшых перамог. Сёння гэта важна тлумачыць новаму пакаленню, даносіць да моладзі гістарычную праўду.

 

А калі ўжо гаварыць пра гісторыю, то нельга абысці яшчэ адну значную для грамадства падзею. У гэтыя вераснёўскія дні адзначае 85-гадовы юбілей наша раённая газета – трыбуна і голас Шчучыншчыны. З гэтай нагоды Таццяна Цюсіна ўручыла галоўнаму рэдактару “Дзянніцы” Сяргею Касперчуку Ганаровую грамату галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама. Між іншым, сёння на ўрачыстасці былі адзначаны ўзнагародамі і іншыя нашы калегі – як вопытныя работнікі, так і маладыя супрацоўнікі рэдакцыі.

 

 

Увогуле ўзнагарод на свяце было вельмі багата. Іх уручалі заслужаным людзям старшыня Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, лідар раённай арганізацыі РАА “Белая Русь” Юрый Пашук, намеснік начальніка Гродзенскай пагранічнай службы  Аляксандр Круглы.

 

 

 

Інавацыйным момантам стала абвяшчэнне навіны, што сёння, у Дзень міру, які таксама мы адзначаем 17 верасня, нашай СШ №1 г. Шчучына прысвоены статус “Школы міру”. Як патлумачыў старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення “Беларускі фонд міру” Іван Калбаска, у межах праекта “Сеціва Школ міру ў Рэспубліцы Беларусь” на Гродзеншчыне гэта ўжо 16-я ўстанова адукацыі, якая набыла такі ганаровы статус. Пад гучныя апладысменты Іван Васільевіч з задавальненнем уручыў пасведчанне “Школы міру” вучням і намесніку дырэктара СШ №1 г. Шчучына Вользе Налівайка.

 

 

 

Свята народнага адзінства па-сапраўднаму ўпрыгожылі канцэртныя нумары салістаў аркестра Гродзенскай пагранічнай групы, выступленні артыстаў Шчучынскага РЦКіНТ, юных выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў. Кожны з удзельнікаў гэтай імпрэзы адчуваў гонар за слаўную гісторыю сваёй суверэннай краіны, сваіх землякоў, росквіт талентаў дзяцей і дарослых. Няхай жа адзінства і ўзаемаразуменне заўсёды будуць асновай нашага грамадства.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота Дзіяны КЕЙКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!