Сяргей, Вера, Сафія, Захар, Ганна і Алёна Хільмановічы: "Мы шчаслівыя ў роднай Беларусі!"
У шчаслівай, дружнай, таленавітай сям’і Хільмановічаў – чацвёра дзетак. Так, менавіта ў таленавітай! Таму што сямікласніца Сафія, чацвёртакласніца Ганна і першакласнік Захар – вучні гімназіі г. Шчучына, яшчэ і выхаванцы ўзорнага калектыву “Элегія VOICE” Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі. І калі Захар робіць толькі першыя крокі ў свет музыкі і спеваў, то Ганна і Сафія ўжо атрымалі не адну высокую ўзнагароду за сваю творчасць. А маленькай Верачцы яшчэ толькі два з паловай гадкі, і яна з задавальненнем слухае спевы сваіх старэйшых сястрычак і брата.
Дарэчы, Сафія і Ганна таксама займаюцца на мастацка-эстэтычным аддзяленні Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў.
– Мы стараемся развіваць здольнасці сваіх дзетак, – ганарацца сваім сынам і дачушкамі шчаслівыя бацькі Алёна і Сяргей. – Тым больш, што для гэтага ёсць усе магчымасці. У нашай свабоднай мірнай краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб дзеці раслі шчаслівымі, каб яны маглі раскрыць увесь свой патэнцыял, заяўляць пра сябе на самых розных конкурсах, дасягаць самых складаных вяршынь.
Сяргей – вадзіцель, а Алёна пакуль у водпуску па доглядзе дзіцяці. Мнагадзетная мама – таксама творчая асоба. У свабодны час яна любіць маляваць. Ну а тата аддае перавагу тэхніцы.
– Мы вельмі любім сваю Шчучыншчыну і сваю Радзіму, – шчыра прызнаюцца Сяргей і Алёна. – Калі з’яўляецца магчымасць – накіроўваемся ў паездку па знакамітых мясцінах, каб паказаць нашым дзецям, якая багатая гісторыя ў нашай краіны, якая прыгожая і непаўторная наша Шчучыншчына, які самабытны наш раённы цэнтр. Мы беражом традыцыі нашых продкаў і вучым гэтаму дзяцей. А яшчэ мы добра разумеем, што моцныя мы ў сваёй сям’і – калі мы разам, а вытокі сілы нашай Радзімы – у кожнай сям’і. Шчасце нашай Беларусі залежыць ад кожнага з нас.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.