Верныя хакейным традыцыям. У Орлі прайшоў адкрыты раённы турнір “Залатая шайба” імя Сцяпана Шупені (+видео)

Лютыя зімы ўжо даўно не наведваюць Шчучыншчыну, надвор’е з кожным годам мякчэе, а беларускія дзеці пакрысе забываюць традыцыйныя зімовыя забавы. Аднак ёсць яшчэ ў нашым раёне зімовыя традыцыі, якія з пакалення ў пакаленне падтрымліваюцца, не зважаючы на глабальныя змены надвор’я. Вядома, гаворка ідзе пра аграгарадок Орля, дзе любяць хакей і прывіваюць гэтую любоў з маленства. Па традыцыі, напрыканцы лютага на хакейнай пляцоўцы мясцовай школы ладзіцца адкрыты раённы турнір “Залатая шайба” імя Сцяпана Шупені.
Сёлета зімовыя спаборніцтвы сабралі чатыры каманды. Традыцыйна за галоўны трафей турніру змагаліся старэйшае і малодшае пакаленне орлеўскіх хакеістаў – у камандах “Арляняты 1” і “Арляняты 2” адпаведна. Нязменным трэнерам орлеўскіх каманд з’яўляецца Уладзімір Уладзіміравіч Хелскі – дырэктар Орлеўскай СШ імя Сцяпана Шупені. Таксама ў Орлю завіталі гасцявыя калектывы “Заслон” са Слоніма і “Лядовыя рыцары” са Смаргоні.
На адкрыцці турніру прысутнічалі ганаровыя госці, сярод якіх быў старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі, ён прывітаў прысутных:
– Віншую ўсіх з гэтым добрым спартыўным святам. Сёння многія дзеці думаюць, што дастаткова ўзяць тэлефон і гуляць у падобныя на спорт гульні, але вы не такія. У вас ёсць імкненне, жаданне, матывацыя, сіла і воля да перамогі. Вядома, на гэтым турніры пераможа мацнейшы. Але хачу сказаць нашым хлопцам – “Арлянятам”, што яны ўжо вялікімі літарамі ўпісалі сваё імя ў гісторыю як Орлеўскай зямлі, так і ўсяго Шчучынскага раёна. Вы вялікія малайцы. Уладзімір Уладзіміравіч, шчыры дзякуй Вам за тое што Вы робіце ў сваёй маленькай школе – гэта дарагога варта. Спадзяваюся, што гэтая хакейная традыцыя працягнецца і далей.
І вось хакеісты выходзяць на лёд. Гарачыя супрацьстаянні чакалі гледачоў, якіх нямала сабралася на трыбуне і ля борцікаў пляцоўкі.
У першым паядынку сустрэліся фаварыты турніру “Арляняты 1” і “Лядовыя рыцары”. Смаргонская дружына па праве лічыцца адной з лепшых у краіне, што не раз даказвала на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Сёлета каманды ўжо сустракаліся паміж сабой на рэгіянальным этапе “Залатой шайбы”, дзе прадстаўнікі Шчучыншчыны занялі другое месца саступіўшы першую прыступку п’едэстала смаргонскім хакеістам.
У першым матчы турніру каманды паказалі цікавы хакей. Госці са Смаргоні прыехалі ў Орлю вялікім саставам, таму мелі поўную лаву запасных гульцоў і зрабілі стаўку на свежыя сілы. “Арляняты” такой опцыі не мелі, таму былі вымушаны разлічваць на індывідуальнае майстэрства сваіх выканаўцаў і выхады ў контратаку. Першы перыяд завяршыўся з лікам 0:2 на карысць “Лядовых рыцараў”, а ў другім тайме ініцыятыву ўзялі гаспадары пляцоўкі і да канца сустрэчы зраўнялі лік. З лікам 2:2 матч і завяршыўся.
Далей турнір ішоў па кругавой сістэме. Усе дружыны згулялі паміж сабой, і па выніках гэтых сустрэч “Арляняты 2” занялі чацвёртае месца, а слонімскі “Заслон” – трэцяе. У “Арлянят 1” і “Лядовых рыцараў” была аднолькавая колькасць ачкоў. І хоць у старэйшых “арлянят” розніца галоў была лепшая, арганізатары турніру вырашылі правесці фінальны матч, у якім госці са Смаргоні перайгралі гаспадароў турніру. Такім чынам, другое месца занялі “Арляняты 1”, а золата спаборніцтваў забралі “Лядовыя рыцары”.
На цырымоніі ўзнагароджання прадстаўнікі ўсіх каманд атрымалі прызы, таксама былі адзначаны лепшыя гульцы турніру. Пасля спаборніцтваў спартсмены і заўзятары наведалі мемарыяльны комплекс “Партызанская зямлянка” ў Зачэпічах.
– Хлопцы добра згулялі, – ацэньвае гульню сваіх хакеістаў Уладзімір Хелскі. – Вядома, паўплывала тое, што наша каманда мела малую лаву запасных. Але вынік добры, тым больш, што мы выпускалі малодшых хакеістаў, якія атрымалі карысны досвед гульні з моцным сапернікам. Падрастае добрая змена для старэйшай каманды. У нашым аграгарадку ў хакей гуляюць усе – і дзяўчынкі, і хлопчыкі. Тут жыве хакейны дух. Дарослыя і дзеці разам заліваюць і чысцяць каток, мы ганарымся гэтымі спартыўнымі традыцыямі. Хочацца падзякаваць кіраўніцтву раёна за тое, што падтрымліваюць гэтую справу матэрыяльна. Таксама вялікую дапамогу ў развіцці хакея нам аказвае ААТ “Орля”, за што ім таксама шчыры дзякуй.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.