Вернемся ў мінулае на імгненне

 

Мы працягваем гартаць старыя падшыўкі і публікаваць найбольш цікавыя матэрыялы. Сёння наш прыпынак – 1962 год. Раённая газета ва ўсе часы была на плыні жыцця. Што адбываецца ў грамадстве – тое адлюстроўваецца на старонках газеты. А дзесьці выданне нават забягала наперад, каб падрыхтаваць людзей да важнай падзеі.

 

Якімі ідэаламі жылі жыхары раёна 60 год таму, якія планы будавалі на будучыню? У 1962 годзе наша раёнка пісала пра планы пяцігодак, аб слаўных дасягненнях савецкіх людзей, пра сацыялістычныя спаборніцтвы, пра чалавека працы, што гучала, сапраўды, горда. Сяло змянялася на вачах, актыўна ішло будаўніцтва ва ўсіх сферах жыццядзейнасці.

 

Газета “Савецкая вёска”, 1962 год

 

Тайна таблічкі. На рагу вуліцы Камсамольская і Гастэлы ў Шчучыне стаіць невялікі драўляны дом. На першы погляд ён не прадстаўляе ніякага інтарэсу. Будынак не раз рамантаваўся, але ён яшчэ добра захаваўся і тут жывуць людзі. Цікава другое. У адным месцы на сцяне адвалілася гліняная атынкоўкаі адкрыла невялікую таблічку, на якой выразна бачны надпіс: “Российское транспортное страховое общество 1844 год”. Гэты драўляны дом з’яўляецца нямым сведкам прыгоннага права, паўстання Кастуся Каліноўскага и многага іншага.

 

Калгасны Палац культуры.

 

Нядаўна ў калгасе імя Леніна на арцельныя сродкі быў адноўлены і ўступіў у строй Палац культуры. Гэта падзея вылілася ў сапраўднае свята хлебаробаў. У Палацы ёсць глядзельная зала, пакоі для гуртковай работы, бібліятэка. Тут часта чытаюцца лекцыі і даклады, выступаюць удзельнікі мастацкай самадзейнасці.
Ушаноўваюць памяць герояў. У Шчучыне адбыўся мітынг, прысвечаны 17-й гадавіне з дня Перамогі савецкага народа над фашысцкай Германіяй. На плошчу Свабоды да помніка героям, якія загінулі за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, сабраліся жыхары райцэнтра, калгаснікі навакольных вёсак. Са сваімі ўспамінамі аб вайне выступілі т.т. Зуеў і Рэдзь. Затым пад гукі Гімна Савецкага Саюза калектывы прадпрыемстваў і ўстаноў усклалі кветкі ля помніка загінуўшым воінам.

 

Юныя механізатары. У Першамайскай сярэдняй школе створаны гурток юных механізатараў. Цікавасць у вучняў да тэхнікі вельмі вялікая. Зараз гурткоўцы заканчваюць вывучэнне будовы трактара “ДТ-54” і аўтамашыны “ГАЗ-51”. Многія ўжо могуць самастойна працаваць, і няма сумнення, што летам кожны з іх сядзе за руль трактара ці камбайна, дапаможа хлебаробам убраць ураджай.

 

Шчучынскія піянеры за двухгодку: сабралі 228 тон металалому, пасадзілі 42 тысячы дэкаратыўных і 2500 пладовых дрэў, сабралі і здалі 23 тоны шышак, зрабілі 1035 шпакоўняў, рабяты вырасцілі 1500 трусоў. Ва ўсіх школах працуюць ленінскія куткі, працуюць 198 піянераў-інструктараў, у школах дзейнічаюць 35 цімураўскіх атрадаў.

 

Захапляюча! У майстэрнях Шчучынскага раённага аддзялення “Сельгастэхніка” стаяў гул станкоў, лязгат металу. Але раптам наступіла мертвая цішыня. З затоеным дыханнем слухалі механізатары голас дыктара Левітана, які ўрачыста чаканіў: “11 жніўня 1962 года ў Савецкім Саюзе на арбіту спадарожніка Зямлі выведзен касмічны карабель “Усход-3” з касманаўтам Андрыянам Нікалаевым…” Некалькі разоў паўтараў дыктар паведамленне ТАСС, а рабочыя ўсё слухалі і слухалі не разыходзячыся. Кожны выказваў сваё захапленне грандыёзнасцю ажыццёўленага подзвігу, жадаў касманаўты паспяховага вяртання на родную зямлю.

 

Каб вёска была прыгожай. У Шчучынскім раёне налічваецца 359 вёсак і 2500 хутарскіх гаспадарак. Усё гэта стварае цяжкасці ў забеспячэнні насельніцтва школамі, дзіцячымі садамі, рознымі іншымі ўстановамі бытавога абслугоўвання. У апошні час ва ўсіх калгасах і саўгасах раёна вызначаны месцы пад забудову цэнтральных вёсак, распланавана размяшчэнне вуліц. У перспектыве ў раёне павінна быць 72 вёскі. Ужл цяпер бачны контуры новых добраўпарадкаваных калгасных сёл. Хутка будуюцца вёскі Ражанка, Вярбілкі, Баяры, Лычкаўцы і многія іншыя.

 

У царстве пахаў. Палі саўгаса “Вялікае Мажэйкава” – гэта своеасаблівы запаведнік. Тут можаш пабачыць і такія культуры, якія ў нашай паласе нідзе не сустрэнеш. Напрыклад ровень тунгускі, які завезлі ў 1955 годзе з Кітая. Зараз ён займае плошчу ў 3 гектара. З 1956 года выдатна прыжыўся на шчучынскай зямлі жэнь-шэнь. Своеасаблівая гэта расліна – восем гадоў трэба чакаць, пакуль “корань жыцця” набярэ свае славутыя лекавыя якасці. І вось ужо шосты год на плошчы 0,5 гектара выходжваюць мажэйкаўскія аграномы. Яны падкармліваюць яго ўгнаеннямі, праполваюць, і ён добра развіваецца.

 

У статусе горада. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 31 жніўня гарадскі пасёлак Шчучын Гродзенскай вобласці пераўтвораны ў горад раённага падначалення.

 

Шчучын будуецца.

 

У Шчучыне ўдзяляецца вялікая ўвага як жыллёваму, так і бытавому будаўніцтву. Толькі ў гэтым годзе здадзены ў эксплуатацыю два 16-кватэрныя і адзін 24-кватэрны жылыя дамы. Адкрыт вялікі двухпавярховы універмаг, лазня. Да канца года ўступіць у строй яшчэ адзін камбінат бытавога абслугоўвання. Пройдзе нямнога часу, і Шчучын пераўтворыцца ў прыгожы горад. Будуць знесены ўсе старыя хаціны, а на іх месцы ўзнімуцца прыгожыя шматпавярховыя дамы. К канцу сямігодкі будзе пабудавана 64, 48, 46 і 32-кватэрных дамоў, новы клуб, вялікая бібліятэка і яшчэ адзін шырокаэкранны кінатэатр на 400 месцаў, адкрыецца яшчэ адна новая школа на 640 месцаў. Будзе таксама пабудавана новае аддзяленне сувязі атэлье, адкрыецца новы магазін і рэстаран, узведзены бальнічны гарадок на 350 ложкаў.

 

У майстроў беларускага шоўку. Калгас “Нёман” даўно славіцца багатымі ўраджаямі льну. Сёлета пад беларускім шоўкам тут будзе занята 200 гектараў. Калгаснікі актыўна ўключыліся ў барацьбу за высокі ўраджай гэтай культуры. Ільнаводы атрымалі тэхніку і ядахімікаты для хімічнай праполкі, нарыхтавалі 6 тон попелу. Атрымаць не менш 6 цэнтнераў ільновалакна і столькі ж ільнасемя – гэта задача будзе выканана.
Новая прадукцыя. Жалудоцкі кафельна-плітачны цэх асвоіў выпуск новай прадукцыі – глазуравай кафлі. Выпушчана першая партыя – 2000 штук кафлі. Ужо заканчваецца будаўніцтва печы па абпалу абліцовачных пліт. Усе працаёмкія працэсы механізуюцца.

 

Падарунак рабочым. Днямі ў саўгасе “вялікае Мажэйкава” будаўнікі паднеслі рабочым падарунак – здалі ў эксплуатацыю новы 13-кватэрны жылы дом. Тут справілі наваселле людзі разнастайных прафесій – механізатары, жывёлаводы, будаўнікі.

 

Новыя школы. Выдатнае школьнае памяшканне здалі ў эксплуатацыю будаўнікі раённай канторы “Міжкалгасбуд” у Еўлашах. Дзеці гэтай і навакольных вёсак пачнуць новы навучальны год у новай школе. Некалькі не справіліся з уводаму дзеянне новых памяшканняў Ражанкаўскай сярэдняй і Лычкаўскай васьмігадовай школы. Яны будуць здадзены ў эксплуатацыю ў верасні. Будаўнікі БУ-50 за кароткі тэрмін увялі ў эксплуатацыю вучэбны корпус новай школы-інтэрната ў в. Ражанка на 300 месц. Будаўніцтва гэтай школы прадоўжыцца ў наступным годзе. Тут будзе пабудаваны інтэрнат, сталовая, спартыўныя пляцоўкі і майстэрні.

 

Шмат чаго адбылося за гэтыя 60 год. Але адно застаецца пастаянным: вернасць шчучынцаў сваёй роднай зямлі, іх добрасумленная праца і актыўная грамадзянская пазіцыя.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!