Венгерская Тэтра “гняздзіцца” на Шчучыншчыне

Шчучынская птушкафабрыка першая ў вобласці і другая ў рэспубліцы занялася вырошчваннем кур гібрыднага венгерскага кроса Тэтра, які па прадуктыўнасці зусім не саступае кросу Хай-Лайн, аднак значна пераўзыходзіць яго па хуткасці пераходу яйка з дробнай катэгорыі ў адборную, што прыносіць значны эканамічны эфект.

 

– Выведзены куры Тэтра былі адносна нядаўна – прыкладна 40 гадоў таму, – гаворыць выконваючы абавязкі дырэктара Шчучынскай птушкафабрыкі Андрэй Віктаравіч Красоўскі. – Радзімай гэтай пароды лічыцца Венгрыя. Пры стварэнні новага кроса вучоныя імкнуліся вывесці птушак, якія здольны хутка набіраць вагу і несці шмат яек. Пасля шматлікіх доследаў і доўгай селекцыйнай работы ім гэта ўдалося. Куры Тэтра для многіх сталі сапраўдным адкрыццём! Гэтыя птушкі сапраўды ўнікальныя: вельмі прадукцыйныя, спалучаюць у сябе лепшыя ўласцівасці мясных і яечных парод, да ўсяго маюць прывабны знешні выгляд. Сёння яны папулярны ў многіх краінах свету і займаюць 20% еўрапейскага рынку.

 

Не дзіва, што шчучынскія птушкаводы спынілі свой выбар менавіта на кросе Тэтра і закупілі 36 тысяч куранят, з якіх 32 тысячы – гэта курачкі, а астатнія – пеўні. Гэты статак абыйшоўся прадпрыемству ў 120 тысяч долараў. Птушак аператыўна даставілі прама з Венгрыі ў спецыяльна абсталяванай машыне. Партыя суправаджалася адпаведнай дакументацыяй, якая ўключае ветпашпарт і сертыфікат генетычнай адпаведнасці курэй.

 

– Венгерскія кураняты ўтрымліваюцца ў нас ужо 20 тыдняў, – працягвае Андрэй Віктаравіч. – За гэты час яйцаноскасць племяннога статка дасягнула 76%: за суткі атрымліваем 24300 яек. Прадукцыю 100% рэалізуем насельніцтву. Калі куры Тэтра дасягнуць узросту 160-165 дзён, пачнём закладваць яйкі ў інкубатар для вывядзення патомства. Праз 21 дзень вылупяцца першыя курачкі і пеўні. У месяц ад бацькоўскага статка разлічваем атрымліваць каля 250 тысяч куранят. Будзем прадаваць іх па ўсёй рэспубліцы. Ужо заключылі адпаведны кантракт на пастаўку 110 тысяч сутачных куранят Тэтра кампаніі “БелЯрШпехт”. Зацікаўленасць у супрацоўніцтве з намі таксама праявілі прадпрыемствы Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей.

 

 

Сутачны маладняк шчучынскія птушкаводы здольны на працягу дня даставіць у любую кропку краіны. Для гэтага ў іх ёсць спецыяльны МАЗ з ізатэрмічным кузавам, на якім за адзін рэйс можна перавезці 38 тысяч куранят. Перад адпраўкай усе яны праходзяць абавязковую вакцынацыю. Затым маладняк змяшчаюць у латкі, засланыя гафрыраванай паперай. У дарозе для курачак і пеўняў устанаўліваюць аптымальны мікраклімат і асвятленне, а 18 вентылятараў унутры забяспечваюць раўнамерны прыток свежага паветра.
– Паступова крос Хай-Лайн цалкам заменім курамі Тэтра, што эканамічна выгадна, – зазначае кіраўнік Шчучынскай птушкафабрыкі. – Па-першае, бацькоўскі статак венгерскіх куранят танней за англійскіх сабратаў. Па-другое, курам Хай-Лайн, каб пачаць несці яйкі вагой 55 грамаў, патрабуецца 3-4 тыдні, а пародзе Тэтра дастаткова ўсяго 2 тыдні. Дарэчы, ад апошніх пры граматным падыходзе можна атрымліваць і адборныя яйкі вагой 65-75 грамаў, кошт якіх на рынку на 16-17% вышэй. Да ўсяго венгерскія птушкі вырастаюць даволі вялікімі і мясістымі. І гэта пры тым, што тэхналогія ўтрымання абоіх кросаў аднолькавая, як і сістэма вакцынацыі ад хвароб.

 

Прыкладна ў сярэдзіне мая Шчучынская птушкафабрыка пачне рэалізоўваць насельніцтву бацькоўскі статак Хай-Лайн, які ў прамысловых маштабах прадпрыемству ўжо не патрэбны, а вось у прыватных падвор’ях гэтыя птушкі прынясуць яшчэ мноства яек.

 

 

– Акрамя вырошчвання куранят, мы таксама рэалізуем яйкі: прыкладна 1,5 мільёна штук у месяц, – падкрэслівае Андрэй Віктаравіч Красоўскі. – Гэтага дастаткова, каб цалкам задаволіць патрэбы не толькі Шчучынскага раёна, але і яшчэ двух-трох суседніх. Наша прадукцыя экалагічна чыстая і адпавядае ўсім сучасным стандартам. Усё дзякуючы ідэальна збалансаваным камбікармам, якімі нас бесперабойна забяспечвае ААТ “Дэмбрава”. У іх склад уваходзяць 10 важных кампанентаў: пшаніца, ячмень, трыцікале, кукуруза, жмых, шрот, рапсавы алей, мел, а таксама ўсе неабходныя вітаміны і мінеральныя дабаўкі. Пры такой выдатнай кармавой базе можна ўпэўнена павялічваць пагалоўе нясушак і заваёўваць новыя рынкі збыту, тым самым умацоўваючы эканамічны падмурак прадпрыемства.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!