Узнагароды -- лепшым. У Мастах прайшоў абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2024”

 

Маштабны абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2024” адбыўся ў Мастах. Свята прайшло з вялікім размахам і сабрала шматлікіх гасцей. Арганізатары свята прапанавалі насычаную праграму са шматлікімі актыўнасцямі для ўздельнікаў фэсту.

 

Данінай павагі подзвігу продкаў стала цырымонія ўскладання кветак да помніка на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан у Мастах. Хвілінай маўчання памяць аб палеглых героях ушанавалі дэлегацыі ўсіх раёнаў. Пасля, на плошчы каля помніка прайшла цырымонія асвячэння хлябоў новага ўраджаю.

 

З самага ранку ў цэнтры Мастоў было людна. Уздоўж вуліцы Савецкай разгарнуліся падвор’і раёнаў Гродзенскай вобласці “Гродзеншчына – 80 гадоў: традыцыі, якасць, вынік”. Усе раёны вобласці пастараліся паказаць на сваім падвор’і пэўны перыяд з гісторыі рэгіёна. Можна было ўбачыць цяжар пасляваенных гадоў, аднаўленне народнай гаспадаркі, першыя гады незалежнасці. Шчучыншчына прэзентавала больш сучасны перыяд гісторыі нашай вобласці.

 

– Наш падворак прысвечаны перыяду 2007–2012 года, – расказала загадчык сектара культуры Шчучынскага райвыканкама Анжэла Турэвіч. – У гэты час адбылося станаўленне аграгарадкоў, што ў значнай ступені адбілася на развіцці сельскай мясцовасці ў нашай краіне. Таму вялікую частку нашага падвор’я займае кампазіцыя, прысвечаная Васілішкам. Гэты аграгарадок па праву можна назваць гонарам нашага раёна. На падвор’і можна пабачыць банер з рознымі славутасцямі аграгарадка, таксама макет Васілішак, які зрабілі педагогі мясцовай сярэдняй школы. Адметнай з’яўляецца кампазіцыя са збожжам сёлетняга ўраджаю ад усіх гаспадарак Шчучынскага раёна.

 

Вялізны каравай з булак, мясная карта Беларусі з абрысамі абласцей, фотазоны, кампазіцыі на вясковыя сюжэты, выстава сельскагаспадарчай прадукцыі, прэзентацыя лячэбных траў і многае іншае маглі пабачыць госці на падвор’і нашага раёна.

 

Непадалёку ад падвор’яў размясцілася галерэя фотазон “Залатая восень”. А аматарам смачных страў і нацыянальнай беларускай кухні, безумоўна, было цікава наведаць гастранамічны фестываль “Восеньскі смак”. Маляўнічая кампазіцыя размясцілася каля стадыёна “Нёман”. Там прайшоў конкурс-выстава дажыначных снапоў і караваяў “Ад зерня да хлеба”. Усе раёны пастараліся зрабіць унікальныя і цікавыя сюжэты з мукі і калосся.

 

 

У цэнтры горада працавалі шматлікія тэматычныя пляцоўкі для дзяцей і моладзі, увагу ўдзельнікаў свята прыцягвалі маштабныя выставы тэхнікі беларускай вытворчасці, дарэчы, не толькі сельскагаспадарчай. На працягу дня гасцей чакалі выставы, тэатралізаваныя імпрэзы, флэшмобы, майстар-класы, спартыўныя конкурсы, а таксама кінапаказ пад адкрытым небам. Да самага позняга вечара тут можна было не толькі адпачыць, але і прыняць актыўны ўдзел у святочных мерапрыемствах.

 

 

Гэты год быў даволі паспяховы для аграрыяў Шчучынскага раёна, па некаторых паказчыках атрымалася пабіць рэкорды мінулых гадоў, адзначыў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Шчучынскага райвыканкама Ігар Аверка:

 

– Безумоўна, стратэгічна важным кірункам развіцця нашага раёна з’яўляецца сельская гаспадарка і гэты год мы завяршылі годна. Валавы намалот азімых і зернебабовых культур па раёне склаў больш за 129 тыс. тон збожжа пры сярэдняй ўраджайнасці практычна 57 ц/га. Мы атрымалі небывалы ўраджай азімага рапсу. Яго валавы намалот склаў больш за 27 тыс. тон, ураджайнасць – больш за 40 ц/га. Намалочана каля 60 тыс. тон зерня кукурузы. Гэты год паказаў, што аграрыі Шчучыншчыны ўмеюць працаваць і строга прытрымлівацца тэхналогіі. Хачу сказаць словы падзякі ўсім працаўнікам сельскай гаспадаркі раёна. Калектыў у нас немаленькі, бо ў аграпрамысловым комплексе нашага раёна працуе каля трох з паловай тыс. чалавек і добры вынік – гэта заслуга кожнага з іх.

 

Калі аналізаваць вынікі вобласці ў цэлым, то яны таксама выдатныя. Сёлета на Панямонні былі намалочаны рэкордныя 2,2 млн тон збожжа пры ўраджайнасці амаль 55 ц/га. Працоўны поспех аграрыяў адзначыў падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджвання старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік:

 

 

– За кошт чаго ў Гродзеншчыны атрымліваецца дасягаць рэкордных вынікаў? Тут многа прычын. Першая – гэта, вядома, працавітасць нашых вяскоўцаў, якія гатовыя вырашаць любыя праблемы. Другое – падтрымка дзяржавы і асабіста Прэзідэнта краіны, які вельмі шмат увагі надае сельскай гаспадарцы. Гэта ўкараненне сучасных тэхналогій і дынамічнае развіццё. Складаемых поспехаў дастаткова шмат. Гэта і прывяло да рэкордных лічбаў гэтага года. А галоўнае, усяліла ўпэўненасць у работнікаў сферы АПК, што гэта не мяжа, што мы можам больш. Мы верым, што сельская гаспадарка ў Гродзенскай вобласці можа паказаць яшчэ лепшыя вынікі. Я хачу сказаць дзякуй усім. Дзякуй за працу, за эфектыўнае ўзаемадзеянне, дзякуй за тое, што любіце сваю зямлю.

 

Да слоў віншавання губернатара далучыліся ганаровыя госці мерапрыемства, сярод якіх былі Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Крутой, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Ліневіч і многія іншыя.

 

 

З рук ганаровых гасцей аграрыі Гродзеншчыны атрымалі заслужаныя ўзнагароды, значная іх частка дасталася нашым землякам. Так, наш раён заняў трэцяе месца ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, а таксама за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці  прадукцыі жывёлагадоўлі. Дыпломы атрымалі старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі і першы намеснік старшыні Ігар Аверка. Таксама ўзнагароды на сцэне атрымалі трактарыст-машыніст ААТ “Васілішкі” Андрэй Верабей, дырэктар цэнтра селекцыі і генетыкі Шчучынскага раёна Аляксандр Туля, начальнік комплекса “Стараўшчына” ААТ “Дэмбрава” Раман Чарняўскі, аператар па адкорме свіней фермы № 1 “Збражкі” ААТ “Васілішкі” Марына Вашчыла. І яшчэ многа іншых узнагарод у розных намінацыях атрымалі шчучынскія аграрыі.

 

 

Напрыканцы святочнага мерапрыемства адбылася ўрачыстая перадача вымпела дажынак раёну, які прыме абласны фэст у наступным годзе. Так, абласныя дажынкі 2025 года прыме Ваўкавышчына.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!