Увайдзі ў кожны дом. Прапануем пазнаёміцца з сям’ёй Хоміч-Гарбачэўскіх з вуліцы 17 Верасня
Напярэдадні свята народнага адзінства мы сустрэліся з прадстаўнікамі сям’і, якая акурат гэтымі восеньскімі днямі адзначае 35-годдзе сваёй “прапіскі” на вуліцы 17 Верасня ў Шчучыне. Пагадзіцеся, неардынарны юбілей. Аднак нашы героі памятаюць гэту дату і гатовы падзяліцца цікавымі эпізодамі з жыцця дзяцей і дарослых.
-- Сапраўды, не забыць той радасці, калі 35 год таму наша маладая сям’я атрымала кватэру, лічы, на самай прэстыжнай (цэнтральнай!) вуліцы горада, -- настальгічна ўзгадвае Людміла Хоміч. – Адразу палюбіла і сваю “высотку” -- 9-павярховы дом, і сваіх суседзяў. Людзі на нашай вуліцы жывуць дружныя, чулыя, прыветныя. Добрай душы чалавек, з якім вельмі прыемна мець гутарку, Людміла Снапко. Заўжды можна разлічваць на паразуменне і мудрую параду Барыса Бекіша. А вось суседзі па лесвічнай пляцоўцы, супружная пара Кумпан, сталі да ўсяго і нашымі суседзямі па дачы. Колькі добрых парад, іскрамётных жартаў, прыемных сюрпрызаў заўжды чакае пры зносінах з гэтымі цудоўнымі інтэлігентнымі людзьмі! Мы нават музычныя падарункі перадаём сваім суседзям па “Радыё РОКС”. З многімі на пастаяннай сувязі ў сацыяльных сетках.
Калі для Людмілы Мікалаеўны вуліца 17 Верасня – ладны адрэзак жыцця, то для яе дачкі Міланы Гарбачэўскай – гэта вуліца яе дзяцінства, юнацтва і месца, куды яна вярнулася пасля вучобы ва ўніверсітэце. Ужо 17 год, як Мілана Мікалаеўна паспяхова працуе ў сістэме “ААБ Беларусбанк”. Яна -- вядучы спецыяліст рознічнага бізнесу. Вельмі любіць сваю прафесію, родны горад і, вядома, сваю сям’ю. Разам з мужам Ігарам яны выхоўваюць маленькую Аніту дзяўчынкай цікаўнай, расказваюць пра ўсе славутыя мясціны Шчучына.
Ганарыцца Людміла Мікалаеўна не толькі дачкой і зяцем, але і сям’ёй сына, дзе падрастаюць яшчэ двое яе ўнукаў – Дзіма і Ілья. Нявестка Лілія Хоміч – тэлежурналіст. А сын Максім – вядучы эканаміст “Белгазпрамбанка”, між іншым, уладальнік сертыфіката, які атрымаў пасля стажыроўкі ў Германіі і які дае права працаваць у любым міжнародным банку. Аднак у маладога чалавека нават думак не ўзнікае пакінуць родную Беларусь. Веды і прафесіяналізм Максіма цалкам запатрабаваны ў сваёй краіне. Хомічы-малодшыя хоць і жывуць у Гродне, але таксама частыя госці ў Шчучыне – прыязджаюць да матулі і сястры на вуліцу 17 Верасня.
-- Сын заўсёды з удзячнасцю ўспамінае сваіх шчучынскіх педагогаў. Атрыманыя ў трэцяй гарадской школе веды дазволілі яму і далей вучыцца на павышаную стыпендыю. А калі ў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт прыязджаў з візітам Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, Максіму як выдатніку і студэнту з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй было даверана сустракаць Кіраўніка дзяржавы. Сын потым з энтузіязмам расказваў нам пра сваю гутарку з Аляксандрам Рыгоравічам, бо меў магчымасць удзельнічаць у суправаджэнні Прэзідэнта па ўніверсітэцкіх карпусах, расказваць аб студэнцкіх дасягненнях. Як рэліквію захоўваем мы ў сямейным архіве відэаматэрыял і фотаздымкі з той незабыўнай сустрэчы.
Што й казаць, добрых і разумных дзяцей выхавала Людміла Мікалаеўна, якія сталі не толькі прафесіяналамі высокага кшталту, але і сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны, людзьмі, якія шануюць сямейныя каштоўнасці, шчыра любяць сваю малую радзіму.
Сёння Людміла Мікалаеўна з задавальненнем гадуе ўнучку, гуляе з ёй па вуліцах роднага горада – прыгожага, утульнага. З ёй вітаецца мноства людзей: спыняюцца, гутараць, выказваюць словы падзякі. Амаль на працягу двух дзясяткаў год Л.М. Хоміч працавала вядучым спецыялістам у раённай службе занятасці насельніцтва, непасрэдна займалася працаўладкаваннем тых, хто па нейкіх жыццёвых абставінах аказаўся без работы, дапамагала, падтрымлівала. Людзі добрае не забываюць і праз гады.
-- Што б я хацела пажадаць нашым шчучынцам у Дзень народнага адзінства? Толькі пазітыву, згуртаванасці і ўзаемаразумення паміж пакаленнямі, прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей, мірнай і шчаслівай будучыні для нашых дзяцей і ўнукаў. Толькі ад нас залежыць, каб квітнела беларуская зямля, а Беларусь была шчаслівай краінай, дзе жывуць шчаслівыя людзі, -- гэтыя словы напрыканцы нашай сустрэчы Людміла Мікалаеўна выказала з такой шчырасцю і энергетычным пасылам, што яны абавязкова павінны спраўдзіцца.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара і з сямейнага альбома сям’і Хоміч.