Усё толькі лепшае і з любоўю ад шчучынскіх птушкаводаў. Даведаліся, як ідуць справы ў ААТ “Шчучынская птушкафабрыка”

 

Работа з душой, рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў і скрупулёзнае планаванне – усё гэта складнікі стабільнага выніку ААТ “Шчучынская птушкафабрыка”. Калісьці праблемнае прадпрыемства, а сёння яно дэманструе ўпэўнены рост і мае перспектывы на развіццё. Толькі за мінулы год прырост прыбытку прадпрыемства ў параўнанні з 2023 годам павялічыўся на 20% пры рэнтабельнасці продажаў 12,5%. Зарплата працоўнага калектыву павялічылася на 20%. Фабрыка планамерна абнаўляецца, паляпшаецца інфраструктура, рамантуюцца памяшканні. А самае галоўнае, што працоўны калектыў з упэўненасцю глядзіць у будучыню.

 

Зусім не верыцца, што яшчэ адносна нядаўна Шчучынская птушкафабрыка была ў дрэнным становішчы і працавала ў мінус. Аднак маштабны крызіс і нястачы засталіся ў мінулым, і гэтае абнаўленне работнікі фабрыкі звязваюць з асобай дырэктара Андрэя Красоўскага. Пяць гадоў таму ён узначаліў прадпрыемства, і паступова заняпад змяніўся ўпэўненым ростам. Першапачаткова вялікую дапамогу ў развіцці птушкафабрыкі аказала ААТ “Дэмбрава”. Аб тым, як атрымалася вярнуць жыццё стратэгічна важнаму аб’екту харчовай вытворчасці, нам расказаў сам Андрэй Віктаравіч.

 

– Каманда засталася тая самая, але змяніліся падыходы, – адзначае дырэктар фабрыкі. – Сталі лічыць грошы, абыходзімся без крэдытаў і лізінгу. Стараемся ўсё добра спланаваць наперад. Але самае важнае – добрая атмасфера ў працоўным калектыве. Сёння на фабрыцы працуе 80 чалавек, і я б параўнаў наш калектыў з сям’ёй. Мы падтрымліваем адзін аднаго, раніцай усе прыходзяць на працу з задавальненнем. Працуем з душой. Кожны, хто мае патрэбу ў дапамозе, – яе атрымлівае.

 

 

Важным складнікам абнаўлення фабрыкі стаў рацыяналізатарскі падыход. Кожны рубель, які атрымліваецца эканоміць у працэсе вытворчасці, вяртаецца заробкам калектыву, таму людзі зацікаўлены працаваць эфектыўна і якасна.

 

– Прыйсці і адпрацаваць фіксаваныя 8 гадзін – гэта не пра нас, – працягвае Андрэй Красоўскі. – Мы працуем з душой і стараемся знаходзіць новыя методыкі, каб рацыянальна выкарыстоўваць тыя сродкі, якія ў нас маюцца. У кожнага знойдзецца свой талент і здольнасці, якія толькі трэба раскрыць і выкарыстаць. Я б не сказаў, што за гэтыя пяць гадоў мы значна павялічылі аб’ёмы вытворчасці. Але мы наладзілі эфектыўную сістэму продажу і сталі больш уважліва шукаць пакупнікоў.

 

 

Структура вытворчасці на прадпрыемстве збалансаваная. Так, 30% прыбытку прыпадае на продаж куранят, таксама 30% займае рэалізацыя харчовага яйка, а на продаж маладых курачак прыпадае 40% прыбытку фабрыкі. У залежнасці ад сезона і яго спецыфікі прапорцыя можа змяняцца. У мінулым годзе Шчучынская птушкафабрыка атрымала амаль што 31 мільён яек і прадала больш за два мільёны куранят, а агульнае пагалоўе курэй на канец сезона тут складала каля 143 тысяч птушак. Але спыняцца на дасягнутым не плануюць. Летась на фабрыцы адрамантавалі і запусцілі ў эксплуатацыю стары птушнік. Плануецца, што сёлета новы аб’ект павялічыць вытворчасць харчовага яйка на 15%.

 

Для таго, каб эфектыўна рэалізоўваць прадукцыю птушкафабрыкі, неабходна добра ведаць рынак, маніторыць прапановы канкурэнтаў і пільна сачыць за прагнозам надвор’я. Справа ў тым, што пацяпленне спрыяе лепшаму продажу птушак. Калі ў прагнозе пахаладанне, то прыходзіць час рэалізоўваць яйкі.

 

 

– У планаванні прыходзіцца ўлічваць безліч дробязяў, – расказвае Андрэй Красоўскі. – Часам разлічваць працэсы трэба пасекундна. Птушкагадоўля – гэта нешаблонная і нават творчая работа. Добра, што ў нас выдатная каманда спецыялістаў і мы займаемся гэтым разам. Самае галоўнае, што мы робім – стаім на варце харчовай бяспекі краіны. Мы даем магчымасць нашым людзям есці сапраўдны і якасны прадукт, купляць здаровую птушку. Прадукцыю нашай фабрыкі ядуць усе дзеці Шчучынскага раёна, у тым ліку і мае. І дахаты я купляю прадукцыю менавіта свайго прадпрыемства. Таму я не магу дапусціць, каб прадукцыя была кепскай. Недарэмна нашым слоганам з’яўляецца фраза “ўсё толькі лепшае і з любоўю”. Гэтага прынцыпу і трымаемся.

 

Асабліва добра адчулі змены на прадпрыемстве яго старажылы – людзі, якія аддалі фабрыцы не адзін дзясятак гадоў. Сярод іх загадчык гаспадаркі Уладзімір Найдзін, які працуе тут ужо амаль 40 год.

 

– Шчыра кажучы, раней мы ледзь зводзілі канцы з канцамі. Не ставала зерня і камбікорму. Але з прыходам новага дырэктара многае змянілася. Мы сталі купляць новую тэхніку, значна павысілася якасць кармоў, сталі паляпшаць інфраструктуру. Ды і заробак вырас у некалькі разоў. Але самае галоўнае тое, што змяніўся настрой у работнікаў фабрыкі, сёння ў нашым калектыве пануе цудоўная атмасфера. Напрыклад, за апошнія 5 гадоў мы пастаянна адпраўляліся на экскурсіі і ў цікавыя паездкі. Мы сталі сям’ёй, і гэта вельмі важна.

 

З Уладзімірам Найдзіным згодна і брыгадзір яйкасховішча Ганна Місюк, яна таксама працуе на фабрыцы амаль 40 гадоў. Спецыяліст адзначае, што за апошнія гады адбылася значная мадэрнізацыя і аптымізацыя вытворчасці, стала менш выкарыстоўвацца фізічнай працы, яе замяняюць машыны.

 

 

– За апошнія некалькі гадоў наш калектыў згуртаваўся, гэта праўда. Працаваць стала весялей, сталі песні спяваць і жартаваць, нават з дырэктарам. Андрэй Віктаравіч – душа нашай кампаніі, да таго ж ён можа замяніць любога работніка, ведае працу падначаленых знутры, і за гэта мы яго цэнім.

 

Аператар-птушкавод Ірына Някрэвіч працуе на Шчучынскай птушкафабрыцы з 1989 года. Жанчына штодня даглядае больш за 48000 курачак у птушніку, дбае аб іх здароўі і забяспечвае камфорт. Яшчэ яе бацькі працавалі на гэтым прадпрыемстве, таму для Ірыны Някрэвіч фабрыка ўжо даўно стала роднай, а лёс прадпрыемства ёй неабыякавы.

 

 

– На маёй памяці былі спачатку часы росквіту, а потым – заняпаду нашай фабрыкі. У апошнія гады ў нас пад’ём, і я лічу, што ў гэтым вялікая заслуга дырэктара Андрэя Віктаравіча. У яго своеасаблівы метад кіравання калектывам. Пра кожнага ўсё ведае і знаходзіць індывідуальны падыход. Калі кіраўніцтва дбае аб сваіх падначаленых, то працаваць прыемней.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

#нашелучшее #нашалепшае

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!