Усе на гандбол. У Шчучыне прайшоў традыцыйны калядны дзіцячы турнір

 

Нядаўна Шчучын стаў месцам прыцягнення юных гандбалістаў. У райцэнтры прайшоў традыцыйны калядны турнір, які сабраў спартсменаў не толькі з Гродзенскай вобласці, але і з Мінска.

 

Калядны гандбольны турнір праводзіцца ў Шчучыне кожны год, аднак калі раней гэта былі таварыскія сустрэчы 2-3 каманд, то сёлета праводзіліся паўнавартасныя спаборніцтвы, удзел у якіх узялі 11 каманд: восем – малодшага ўзросту (3-4 класы) і тры старэйшага ўзросту (6-7 класы). Тры каманды было са Шчучына, да якіх у госці завіталі чатыры мінскія каманды, тры скідзельскія і адна з Гродна.

 

  

 

Мінск прадстаўляла самая лепшая гандбольная школа ў Беларусі – “СКА-Мінск”. Гродна – спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа алімпійскага рэзерву № 8.

 

“СКА” проста так нікуды не едзе, асабліва ў маленькія гарады кшталту Шчучына, – адзначае галоўны суддзя турніру і трэнер шчучынскай ДЮСШ Герман Байчароў. – Справа ў тым, што шчучынская каманда 2010 года з’яўляецца зараз лідарам у сваёй узроставай катэгорыі ва ўсёй краіне. У мінулым сезоне яны станавіліся срэбнымі прызёрамі рэспубліканскіх турніраў, таксама Шчучынцы занімалі другое месца ў дзіцяча-юнацкай гандбольнай лізе “ZUBR CUP”. Зусім нядаўна гэтая каманда брала ўдзел у спаборніцтвах у Магілёве, там сабраліся восем наймацнейшых каманд Беларусі і там нашыя хлопцы таксама ўзялі срэбныя медалі. Ведаючы высокі ўзровень нашых гандбалістаў, усе хочуць з імі спаборнічаць.

 

 

Сёлета на турніры было тры каманды 2010 года: “СКА-Мінск”, “Скідзель” і “Шчучын”, па выніках усіх матчаў мацнейшай стала менавіта Шчучынская каманда, у чарговы раз пацвердзіўшы свой высокі ўзровень.

 

Шчучын ва ўсёй краіне ведаюць, як кузню добрых гандбалістаў. Так, выхаванцы гарадской ДЮСШ прадстаўляюць наш раён на самым высокім узроўні ў наймацнейшых камандах краіны. Хочацца адзначыць, што два нашых земляка Арцём Красочка і Ігар Бяляўскі гуляюць за Мінскі “СКА” і выклікаюцца ў нацыянальную зборную Беларусі.

 

Таксама высокі ўзровень майстэрства паказваюць шчучынскія гандбалісткі. Так, шмат нашых зямлячак гуляе за гандбольны клуб “Гараднічанка”. Сярод выхаванак Шчучынскай ДЮСШ ёсць і члены жаночай нацыянальнай зборнай. Гаворка ідзе пра Наталлю Дзмітрыеву, якая родам са Шчучына. Зараз Наталля працуе  інструктарам-метадыстам у структуры гандбольнага клуба “СКА-Мінск” і на турнір прыехала ў якасці караўніка мінскай дэлегацыі.

 

 

–  У Шчучыне бываю не так часта, тут у мяне жыве мама і сястра, таму вельмі рада, што, дзякуючы працы, я магу наведаць родны горад, – кажа Наталля. – Тут высокі ўзровень дзіцячых гандбольных каманд, якія паказваюць добрую гульню.

 

Калядны турнір па гандболе праводзіўся па інавацыйнай сістэме. Улічваючы малодшы ўзрост спартсменаў, было вырашана адысці ад агульнапрынятых метадаў узнагароджвання медалямі і размеркавання выніковых месцаў.

 

 

– Гэта зроблена для таго, каб дзеці камфортна сябе адчувалі, не хваляваліся і гулялі дзеля свайго задавальнення, – расказвае Герман Байчароў. – Таксама ўсе каманды атрымалі салодкія падарункі. Такі фармат спаборніцтваў плануем захаваць і на наступны год, магчыма атрымаецца правесці турнір з большым маштабам, бо ў госці да нас просяцца розныя каманды. Таму спадзяваемся, што праз год наш турнір стане яшчэ больш статусным.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!