Не забываць свае вытокі… У Шчучынскім цэнтры турызму і краязнаўства шануюць бацькоўскую спадчыну

 

Пераступаю парог музейнага пакоя “Вытокі” Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства – і нібы трапляю ў сваё дзяцінства. Многія з падобных на сабраныя тут рэчы некалі былі неад’емнай часткай інтэр’ера дома маёй бабулі, як, дарэчы, і іншых дамоў людзей таго пакалення…

 

Шафа ручной работы, куфар, якому ўжо больш за сто год, этажэрка, дзіцячы ложак і іншыя рэчы – усё сабранае захоўваецца з вялікай любоўю.

 

– У нашым музейным пакоі, які мы абуладкавалі амаль за паўгода, больш за 200 экспанатаў, – расказвае яго захавальніца Валянціна Нікольнікава. – Збіралі іх, дзе толькі маглі. Многае аддавалі знаёмыя, калі даведваліся, што мы займаемся такой карыснай справай, штосьці мы самі прыносілі са сваіх дамоў.
Экспазіцыя складаецца з некалькіх раздзелаў. У “Бабіным куце” можна даведацца пра ўсё, чым займалася гаспадыня, і нават павучыцца абыходзіцца з рознымі прыладамі працы: калаўротам, верацяном, чапялой, сярпом, ступай, маслабойкай і іншымі рэчамі. У раздзеле “Быт селяніна” можна пабываць у сялянскай хаце канца 19 стагоддзя. А пазнаёміцца з ганчарнымі і бандарнымі вырабамі, рэчамі з саломы, лазы, лыку, лёну, палюбавацца на прыгожыя ручнікі і посцілкі, разгледзець розныя тэхнікі вышывання можна ў раздзеле “Рамёствы”.

 

 

– У нашым музейным пакоі ёсць і ўнікальныя рэчы, напрыклад, кніга “Домоводство”, выдадзеная ў 1957 годзе, пасведчанне аб заканчэнні Пружанскай пачатковай школы за 1939 год, пасведчанне аб нараджэнні Веры Андрэеўны Маліноўскай, якое датуецца 3 ліпеня 1926 года, нумар газеты “Красная звезда” ад 10 мая 1945 года, нумар газеты “Правда” ад 17 кастрычніка 1961 года і іншыя, – працягвае Валянціна Канстанцінаўна. – У фотаальбоме маёй сям’і захоўваліся здымкі, якім ужо больш за 100 год. Цяпер яны таксама сталі экспанатамі музея.

 

Паштоўкі 40-х гадоў мінулага стагоддзя, адзенне розных часоў, арыгінальныя карнізы, прасы, медыцынскія прылады, сярод якіх банкі, што ставілі на спіну, сіфон, старыя пласцінкі, радыё і нават змайстраваны з гіпсакартону макет печкі – наведвальнікам музея ўсё цікава, таму што тут, у гэтым невялічкім пакойчыку, цесна пераплялася гісторыя самых розных часоў. Нейкую асаблівую індывідуальнасць інтэр’еру надае нават фікус – расліна, што часта сустракалася ў кватэрах савецкіх часоў.

 

 

У музейным пакоі “Вытокі” можна паслухаць сем экскурсій: накіравацца ў вандроўку ў мінулае, шмат цікавага даведацца пра беларускі ручнік, пачуць міфы і легенды Беларусі, пацікавіцца традыцыямі нашых продкаў і нават вярнуцца назад у СССР і інш. І трэба сказаць, што цікавыя яны людзям рознага ўзросту: як дзецям, так і дарослым. Прыходзьце ў музей і пераканайцеся ў гэтым самі!

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!