Урачыста і кранаюча прайшоў мітынг ля стэлы загінуўшым воінам Вялікай Айчыннай вайны

 У парк культуры і адпачынку горада Шчучына ў Дзень Перамогі па традыцыі прыйшлі вучні і педагогі другой гарадской школы, дэлегацыі з прадпрыемстваў і арганізацый, ветэраны працы. Дый франтавікі, партызаны, падпольшчыкі – тыя, хто каваў Вялікую Перамогу, у гэтыя хвіліны таксама былі з намі. Яны засяроджана глядзелі з партрэтаў, што трымалі ў руках юныя патрыёты – удзельнікі акцыі “Навекі ў страі”.

 Мітынг адкрыў дырэктар СШ №2 г. Шчучына Уладзімір Антонавіч Жданко. Ён павіншаваў прысутных з самым ушаноўваемым на Беларусі святам, расказаў пра ўклад нашай рэспублікі-партызанкі ў Перамогу, выказаў падзяку нашым дарагім ветэранам, пажадаў ім здароўя і даўгалецця.

 – Мы сабраліся тут, каб аддаць даніну бязмернай любві і павагі тым, хто не шкадаваў свайго жыцця дзеля сённяшніх мірных вёсен, незалежнасці роднай зямлі, шчаслівага заўтра сваіх нашчадкаў. Мы пранясём па жыцці эстафету памяці і перададзім яе ў надзейныя рукі новага пакалення, -- зазначыў прамоўца.

Вядучыя Анастасія Пярова, Арцём Ліпскі, Ала Патапчык знаходзілі самыя ўзнёслыя, шчырыя словы, пранікнёна чыталі вершы. Гучалі патрыятычныя песні. Рабяты з атрада “Экстрым” пад кіраўніцтвам А.І. Ярмалава неслі Вахту памяці.

Хвіліна маўчання… А потым строгія гваздзікі, пяшчотныя нарцысы і цюльпаны кладуцца ля падножжа стэлы. У думках мы зноў і зноў вяртаемся да тых векапомных дзён.

– Я трымаю ў руках партрэт майго прадзеда Аляксандра Іосіфавіча Кульваноўскага, -- гаворыць дзесяцікласнік Мікіта Змітрукевіч. – Калі пачалася вайна яму толькі-толькі споўнілася 18. Нягледзячы на юны ўзрост, ён пайшоў у партызанскі атрад, адважна ўдзельнічаў у самых рызыкоўных баявых аперацыях, неаднаразова ўзнагароджваўся за праяўленую мужнасць. У нашай сям’і жыве памяць пра дзядулю-героя, а Дзень Перамогі адзначаецца як самае вялікае свята. У школе таксама  сабрана цэлая экспазіцыя пра герояў-землякоў, дзе можна падрабязна даведацца пра слаўны шлях партызана Аляксандра Кульваноўскага.

Сапраўды, за кожным партрэтам у руках вучняў свая гісторыя, свая слаўная старонка ў гісторыі Вялікай Айчыннай. Дзякуючы такім людзям мы перамаглі ў гэтай жорсткай, бесчалавечнай вайне. І сёння так важна не толькі памятаць, але і захаваць мір на зямлі…

Удзельнікі мітынгу далучыліся да мерапрыемстваў, што праходзілі на плошчы Свабоды.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!