Упэўненая перамога на выездзе. ФК “Шчучын” згуляў супраць “Свіслачы” ў рамках чэмпіянату вобласці па футболе
Сезон вялікага футбола ў самым разгары. На радасць аматарам гульні з мячом працягваецца чэмпіянат Гродзенскай вобласці па футболе сярод каманд Другой лігі. На мінулых выхадных наша каманда ФК “Шчучын” праводзіла выязны матч супраць “Свіслачы”.
Перад гульнёй каманды размяшчаліся на суседніх радках у турнірнай табліцы групы “Захад”. “Шчучын” з 10 ачкамі ішоў на пятым месцы. Свіслацкая каманда, маючы ў сваім актыве 12 балаў, займала чацвёрты радок. Як кажуць пра такія матчы – гульня за шэсць ачкоў. Перамога была важная абедзвюм камандам, бо значна ўплывала на далейшыя турнірныя амбіцыі калектываў.
Пачатак гульні атрымаўся роўным. На гэтым адрэзку сустрэчы каманды абменьваліся атакамі. Кожны з бакоў супрацьстаяння меў добрыя моманты, але выкарыстаць іх усё ніяк не атрымлівалася. Нарэшце ў сярэдзіне першага тайма рэалізаваць небяспечную атаку атрымалася ў нашых футбалістаў. Трапны стрэл прывёў да гола. Яшчэ адзін патэнцыяльны галявы момант быў у шчучынцаў напрыканцы тайма. Небяспечная атака ФК “Шчучын” прымусіла гаспадароў парушаць правілы ў сваёй штрафной пляцоўцы, што ў выніку прывяло да пенальці. Рэалізаваць адзінаццаціметровы ўдар наша каманда не змагла, варатар “Свіслачы” выратаваў сваю каманду.
Другі тайм падараваў гледачам значна больш галоў, але свіслацкім заўзятарам наўрад ці гэта спадабалася. “Свіслач” вырашыла гуляць у контратакуючы футбол, што ў сваю чаргу дало свабоду для дзеянняў нашай камандзе. Гаспадары свае падыходы да варот рэалізаваць не змаглі, а вось шчучынцы настралялі ажно чатыры мячы. Выніковы лік на табло – 0:5. У складзе нашай каманды галамі адзначыліся Арцём Байгот, Аляксандр Кірылаў, Вадзім Вяроха, Дзямід Лобач і Мікіта Карпук. Такім чынам, важныя турнірныя балы дасталіся шчучынсім футбалістам. Віншуем нашых хлопцаў з перамогай!
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.