Рэпарцёр атрымаў заданне… Наведаць перапісны ўчастак

У той дзень, калі мы завіталі ў стацыянарны перапісны ўчастак № 3 г. Шчучына, перапісчыкам Н.Р. Канцавік і А.А. Касцевіч сумаваць яўна не прыходзілася. Жыхары горада, у асноўным пенсіянеры, па адным і з сябрамі, а некаторыя і ўвогуле ўсёй сям’ёй, шпарка падымаліся па стромкай лесвіцы аддзела статыстыкі, дзе іх прыязна сустракалі. Неўзабаве распачыналася шчырая размова. Адказы на 49 пытанняў не выклікалі напружання паміж суразмоўцамі, і ўжо праз 10-15 хвілін абодва бакі выказвалі словы падзякі – за ўвагу і добразычлівасць.

 

– Мы – людзі законапаслухмяныя. Ведаеце, сёння нават нейкую святочную прыўзнятасць адчуваем, – твар Валянціны Паўлаўны Запаснік азарае светлая ўсмешка. 

 

Яе муж, Рышард Карлавіч, у свае 80 год не проста выглядае маладцавата, а толькі-толькі развітаўся з любімай прафесіяй – да нядаўняга часу працаваў галоўным энергетыкам на прадпрыемстве “Клубніка Плантс”.

 

– Вось нарэшце з’явіўся вольны час, дык чаму не зрабіць крок насустрач у гэтай адказнай дзяржаўнай кампаніі, не зняць хоць часцінку нагрузкі на перапісчыкаў? – слушна разважае Р.К. Запаснік.

 

Былы вайсковец Міхаіл Георгіевіч і педагог Святлана Цімафееўна Шумаковы таксама ў добрым настроі прыехалі на перапісны ўчастак з вуліцы Астроўскага.

 

– А не спрабавалі перапісацца праз інтэрнэт? – цікаўлюся я.

– Ды нам хочацца “ў жывую” з прыемнымі людзьмі пагутарыць, – ківаюць у бок персаналу мае суразмоўцы.

 

Сапраўды, дзяўчаты-перапісчыцы працуюць тактоўна і з веданнем справы. У звычайным жыцці Наталля Раманаўна Канцавік – камплектоўшчык правадоў на заводзе “Аўтапровад”, а Ала Альбертаўна Касцевіч – спецыяліст ТЦСАН. Яны, як і іншыя іх калегі па перапісной кампаніі, прайшлі абучэнне і, дарэчы, без усялякіх паперак, а толькі на планшэце са спецыяльным праграмным забеспячэннем “Перапіс” заносяць інфармацыю, атрыманую ад наведвальнікаў участка.

 

– Усе пытанні жыццёвыя, асабіста ў мяне яны не выклікалі пачуцця дыскамфорту ці нежадання адказваць, – дзеліцца сваімі ўражаннямі адна з наведвальніц. 

 

Да таго ж людзі разумеюць, што апытанні пра жыллё і склад іх сям’і, адукацыю, прафесійную падрыхтоўку дапамогуць дзяржаве фарміраваць фінансаванне сацыяльных выплат, бачыць рэальную патрэбнасць у будаўніцтве дамоў, у колькасці ўрачоў, педагогаў і г.д. А збор дадзеных аб сельскагаспадарчай дзейнасці паслужыць асновай для распрацоўкі рэспубліканскіх праграм у аграрнай галіне, у тым ліку для развіцця асабістых падвор’яў.

 

– Акрамя шчучынскага, у нас у раёне працуюць стацыянарныя перапісныя ўчасткі на базе Астрынскай і Жалудоцкай сярэдніх школ, – распавядае начальнік аддзела статыстыкі Марыя Іосіфаўна Каляда. – Сёння ў раёне актыўна працуюць 26 мабільных груп перапісчыкаў. Гэта маладыя, энергічныя людзі, якія вельмі адказна ставяцца да сваіх даручэнняў і імкнуцца, каб кожны дзень прайшоў максімальна эфектыўна. Яны ідуць у арганізацыі і на прадпрыемствы, каб дапамагчы работнікам ажыццявіць перапіс праз інтэрнэт або самі перапісваюць людзей, уводзячы даныя ў свой планшэт.

 

 

Марыя Іосіфаўна нагадала, што такая зручная форма перапісу, як праз сеціва, будзе доўжыцца да 18 кастрычніка – ужо варта й паспяшацца. Дарэчы, як кампетэнтны спецыяліст яна дапамагла і мне справіцца з анлайн працэдурай. 

 

– Ну, а калі хто не мае магчымасці скарыстацца інтэрнэтам ці прыйсці на стацыянарны ўчастак, то з 21 па 30 кастрычніка перапісчык наведаецца да вас дамоў, – зазначыла М.І. Каляда і выказала надзею, што жыхары Шчучыншчыны праявяць, як гэта было заўжды, павагу, паразуменне і пачуццё адказнасці падчас гэтай шырокамаштабнай дзяржаўнай кампаніі, ад якой залежыць рэгуляванне эканамічнага і сацыяльнага развіцця краіны, а значыць, і інтарэсы кожнага з нас.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ. 
Фота аўтара.


 

В Щучинском районе стационарные переписные участки с 7 по 30 октября работают с 9.00 до 20.00

 

ГУ “Авиатор”, г. Щучин, ул. Ленина, д. 63, тел.8(01514) 21594
Желудокская средняя школа имени В.Врублевского, г.п. Желудок, ул. Советская, д. 10, тел. 8(01514) 21033
Остринская средняя школа имени А.С.Пашкевич, г.п. Острино, ул. Гродненская, д. 58, тел. 8(01514) 30428

 

Справочно-информационная служба (колл-центра): 8-801-100-3131  – звонок бесплатный

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!