Удзельнікі знакамітага на Шчучыншчыне народнага ансамбля народай песні “Сябрына” з Жалудка напярэдадні 30-годдзя заснавання калектыву ўзгадалі яго гісторыю

У гэтыя прыгожыя веснавыя дзянькі народны ансамбль народнай песні “Сябрына” святкуе сваё 30-годдзе. Напярэдадні ўрачыстай юбілейнай імпрэзы мы спецыяльна паехалі ў Жалудоцкі Дом культуры, каб бліжэй пазнаёміцца з удзельнікамі знакамітага на Шчучыншчыне гурта, даведацца, як усё пачыналася і чым сёння жывуць, якія планы будуюць людзі, горача ўлюбёныя ў песню і сцэну.

 

– Напачатку 90-х мінулага стагоддзя ў Жалудку, дзе так багата таленавітых людзей, адзін за адным нараджаліся фальклорныя і вакальныя гурты, – распачалі свой аповед пра вытокі творчасці “Сябрыны” яе старэйшыя ўдзельнікі. – Спачатку ў нас з’явілася фальк-група “Чабарок”, затым – ансамбль “Жалудок”, але сапраўдныя папулярнасць, доўгажыхарства і любоў публікі былі наканаваны менавіта “Сябрыне”. Створаны ў 1993 годзе, гэты ансамбль народнай песні з кожным годам заваёўваў усё большую папулярнасць, удасканальваў сваё майстэрства.

 

Падумаць толькі, за 30 год існавання праз “Сябрыну” прайшло каля 30-ці чалавек, і кожны з іх вынес шчырую любоў да народнай спадчыны. Досыць часта мяняліся мастацкія кіраўнікі, але імя самага першага – Ірыны Гаркалавай, безумоўна, застанецца ў гісторыі ансамбля. Гурт стойка перажыў і змену пакаленняў, і тое, што моладзь ад’язджала на вучобу ў гарады, дый прадстаўнікі сярэдняга ўзросту іншы раз не сядзелі на месцы.

 

 

– Так склаўся лёс, што я на два гады “затрымалася” ў Віцебску, – расказвае Галіна Лазоўская. – Як вядома, гэта фестывальны і вельмі песенны горад. Бывала, калі пачую народную песню, асабліва з нашага рэпертуару, слёз не магу стрымаць. У рэшце рэшт вярнулася ў свой Жалудок і зноў прыйшла ў любы сэрцу ансамбль.

 

Дарэчы, менавіта Галіна Аляксееўна, будучы выкладчыцай музыкі, распісвае партыі на шматгалоссе, робіць цікавыя аранжыроўкі. Яна ж з поспехам выступіла ў ролі кампазітара, прапанаваўшы цудоўную музыку да “Песні пра Жалудок” на словы мясцовага настаўніка Міхаіла Марука. Менавіта гэты нумар стаў каронным на ўсіх канцэртах “Сябрыны”. Увогуле ў рэпертуары гурта больш за сто твораў! І, вядома ж, у прыярытэце тут яе вялікасць беларуская народная песня.

 

 

У 2002 годзе ансамбль атрымаў ганаровае званне – народны, якое пастаянна пацвярджае, выносячы на суд строгіх прафесіяналаў і ўдзячнай публікі свае новыя творчыя здабыткі.

 

– Калі ўзгадваць вытокі, то пачыналі мы з этнаграфічных экспедыцый і сустрэч з карэннымі жыхарамі Жалудка, каб адшукаць менавіта аўтэнтычныя, так бы мовіць, местачковыя песні, – кажа адна з арганізатараў “Сябрыны” Валянціна Клімовіч. – Людзі адгукаліся, згуртоўваліся вакол калектыву, атрымалася сапраўднае кола сяброў-аднадумцаў. Вельмі даражу тым, што ўсе ўдзельнікі ансамбля па першым поклічы збіраюцца ці то на рэпетыцыі, ці то ў гастрольныя паездкі – словам, на любое мерапрыемства. А іх было так багата ў нашым творчым жыцці – ад абласных і раённых “Дажынак” да сталічных кірмашоў. І на кожнай канцэртнай пляцоўцы нашы самадзейныя артысты выкладваліся па поўнай!

 

 

– А памятаеце, як аднойчы давалі ў Жалудку вячэрні канцэрт і раптам “вырубіла” электрычнасць. Змоўкла “Ямаха”, але не змоўклі нашы галасы, і мы годна і прыгожа да канца адпрацавалі праграму. А гледачы – усе да аднаго – апладзіравалі нам стоячы. Ацанілі! – дапаўняе Наталля Каптур – настаўніца інфарматыкі па прафесіі і вялікі аматар народнай песні, якая прыйшла ў “Сябрыну” яшчэ чвэрць стагоддзя назад. – Быў выпадак, калі мы выступалі на цэнтральнай плошчы пасёлка і такі лівень распачаўся! Аднак публіка не разбеглася. Гэта быў найлепшы паказчык адданасці нашых землякоў. Мы заўсёды адчуваем зваротную сувязь і вялікую любоў з боку жалудчан.

 

У чым жа сакрэт нязменнага поспеху самадзейных артыстаў? Мабыць, у прафесіянальным падыходзе да ўсяго, што яны робяць. І як сур’ёзна працуюць над вакалам, і як уважліва ды прадумана адбіраюць песні ў рэпертуар, і як імкнуцца, каб кожная кампазіцыя мела прыгожы харэаграфічны малюнак і захапляла гледача сваёй гармоніяй. Сярод удзельніц ансамбля балетмайстар Марына Парфіновіч. Яна ў свой час і прапанавала ўнесці танцавальныя штрыхі ў самабытнае песеннае палатно “Сябрыны”, і гэта стала яшчэ адной яркай адметнасцю гурта.

 

 

Нельга не ацаніць і шыкоўныя строі ўдзельніц. Дарэчы, убранні вырабілі майстры па сцэнічных касцюмах з Віцебска. Гэта быў падарунак жалудоцкім артыстам да Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне, калі народны ансамбль народнай песні “Сябрына” выступаў на адной сцэне з самымі знакамітымі артыстамі краіны. Яшчэ адзін прыгожы камплект строяў нашым энтузіястам шылі ў Мінску ў Вялікім тэатры оперы і балета. Дарэчы, тады Жалудоцкі Дом культуры пералічыў грошы за касцюмы з уласнага рахунка. “Сябрына”, між іншым, умее і зарабляць, адпраўляючыся з канцэртамі па санаторыях Гродзеншчыны.

 

 

Нядаўна ў жыцці ансамбля зноў адбыліся перамены. Мастацкі кіраўнік Дзмітрый Паварга перадаў эстафету загадчыку Жалудоцкага Дома культуры Сяргею Барысевічу, аднак сам мае намер і далей удзельнічаць у праекце:

 

– Я ж мясцовы жыхар, вельмі даражу малой радзімай, – прызнаецца Дзмітрый, – і хоць жыву і працую зараз у Шчучыне, але ўжо звязаны з “Сябрынай” непарыўнымі творчымі ніцямі.

 

Народная песня згуртавала ў Жалудку людзей самых розных прафесій і ўзростаў. У ансамблі спяваюць інжынер-эколаг, педагогі, працаўнікі мясцовага аграпрадпрыемства, культасветработнікі…

 

 

– Я чалавек новы ў пасёлку і мне яшчэ належыць заваяваць давер і аўтарытэт, – лічыць новы кіраўнік ансамбля С.І. Барысевіч. – Але багаты вопыт работы ў культурнай сферы мне дазваляе разгледзець вялікі патэнцыял і перспектывы гэтага цудоўнага народнага калектыву. 30 год – толькі пачатак росквіту.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.


 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!