У вёсцы Бершты прайшоў памятны мітынг ля помніка партызану Валянціну Аляксандраву

15 лістапада 1943 года недалёка ад вёскі Бершты загінуў памочнік камандзіра роты дзесантнага партызанскага атрада імя Камсамола Беларусі масквіч Валянцін Аляксандраў. Праз 75 гадоў ля магілы героя прайшоў памятны мітынг, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, ветэраны Узброеных Сіл, вучні Першамайскай, Астрынскай і Навадворскай сярэдніх школ, жыхары навакольных населеных пунктаў, а таксама госці з Масквы.

Прысутных вітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк.

-- Вялікая Айчынная вайна стала суровым выпрабаваннем для беларускага народа. Крывавым тэрорам фашысты імкнуліся запалохаць нашых людзей, скарыць іх, зламаць волю да супраціўлення. Аднак усе намаганні гітлераўцаў аказаліся дарэмнымі. З першых дзён акупацыі Беларусь ператварылася ў партызанскі край. Такога масавага руху супраціўлення гісторыя яшчэ не ведала. Беларусы не давалі ворагу апомніцца ні на перадавой, ні ў тыле. Многія загінулі смерцю храбрых у барацьбе з акупантамі. Сярод імён герояў навечна застанецца ў нашай памяці імя старшага лейтэнанта Валянціна Аляксандрава, які не вярнуўся з поля бою.

…Валянціну было ўсяго дваццаць чатыры гады, калі яго жыццё абарвала варожая куля. Масквіч, спартсмен-парашутыст, студэнт вячэрняга факультэта аўтамеханічнага інстытута (цяпер Маскоўскі дзяржаўны палітэхнічны ўніверсітэт – Заўв. аўт.) у чэрвені 1941 года добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі. Прайшоў спецыяльную падрыхтоўку і ў складзе дыверсійнага атрада быў накіраваны ў Барысаўскі раён Мінскай вобласці. За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў тыле ворага, у лістападзе 1942 года быў ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Другі раз у тыл праціўніка Валянцін Аляксандраў вылецеў ў красавіку 1943 года ў складзе дэсантнага атрада імя Камсамола Беларусі. Па ўспамінах баявых таварышаў, удзельнічаў у шматлікіх баявых аперацыях, быў прыкладам адвагі. У баі з гітлераўцамі на дарозе Бершты-Новы Двор ля вёскі Пілаўня быў смяротна паранены і навечна застаўся ляжаць у беларускай зямлі. У 1948 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Валянцін Аляксандраў быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені.

-- Я быў знаёмы з бацькам героя Валянцінам Аляксандравым-Рослаўлевым, які працаваў у нашым інстытуце выкладчыкам на кафедры электратэхнікі, -- гаворыць саветнік рэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маскоўскага палітэхнічнага універсітэта, кандыдат тэхнічных навук, прафесар Уладзімір Вітальевіч Сярэбракоў. -- Ведаў таксама і яго сястру Валянціну. Будучы таленавітым скульптарам, яна зрабіла барэльеф з профілем брата на помніку. Прыемна, што беларусы захоўваюць памяць аб тых, хто цаной свайго жыцця адстаяў нашу свабоду і незалежнасць.

Удзельнікі мітынгу схілілі галовы ў знак жалобы аб загінуўшым партызане Валянціне Аляксандраве і ўсклалі кветкі да помніка герою. Сюды ніколі не зарасце народная сцежка!

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!