У Шчучынскім філіяле Гродзенскага племпрадпрыемства прайшла экскурсія для трэцякурснікаў Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа

 

Шчучынскі філіял Гродзенскага племпрадпрыемства, які знаходзіцца ў вёсцы Гірдзеўка, нядаўна наведалі трэцякурснікі Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа – будучыя ветэрынары. Дырэктар прадпрыемства Іван Кімашэўскі і галоўны тэхнолаг Юрый Саладуха арганізавалі для гасцей цікавую экскурсію па вытворчасці.

 

– Штогод мы атрымліваем каля двух мільёнаў доз высакаякаснага семені і тым самым забяспечваем гаспадаркі і сельгасарганізацыі краіны чыстапароднымі племяннымі жывёламі малочнага і мяснога накірунку, – зазначыў Іван Вацлававіч. – Да нядаўняга часу ў нас была толькі адна ферма, дзе ўтрымлівалася звыш 200 быкоў-вытворцаў розных парод. Летась пабудавалі і здалі ў эксплуатацыю яшчэ адну. Цяпер там у камфортных умовах утрымліваюцца 606 кароў і цялушак, а таксама тры быкі-вытворцы. З запускам новага вытворчага аб’екта мы істотна павялічылі генетычны патэнцыял жывёлы і палепшылі яе характарыстыкі прадуктыўнасці. Толькі ў бягучым годзе рэалізавалі ў гаспадаркі нашай краіны і за яе межы звыш 250 галоў высокакаштоўнай племянной жывёлы мясных парод, у тым ліку 56 быкоў прадалі ў розныя гаспадаркі рэспублікі для натуральнай злучкі.

 

 

Новая ферма ў Гірдзеўцы ўнікальная тым, што тут пад адным дахам разводзяць адразу тры пароды мяснога накірунку – лімузінскую, абердзін-ангускую і герыфордскую. Ад вырошчвання апошняй на племпрадпрыемстве плануюць паступова адмовіцца па эканамічных прычынах.

 

– Паглядзіце, якія прыгожыя і велічныя быкі-вытворцы, – з гонарам зазначае Іван Вацлававіч. – Вага некаторых волатаў дасягае 1100 кілаграмаў. Вось гэты рыжы гігант па мянушцы Скаут прыбыў да нас з Галандыі. Ён – чыстакроўны герыфорд. А вось галшцінец Дамінік, абердзін-ангус Бархан, лімузін Адваc. Яны двойчы ўдзельнічалі ў выставе “Белагра” і выклікалі вялікі інтарэс у жывёлаводаў. Гэтыя быкі па сваіх памерах нагадваюць магутных зуброў.

 

Кожны бык на новай ферме мае свой нумар і ўтрымліваецца ў індывідуальнай клетцы плошчай 15 квадратных метраў. Як толькі мы зайшлі ўнутр памяшкання, жывёлы заметна ажывіліся. Сваіх жывёлаводаў яны добра ведаюць і амаль не рэагуюць на іх паяўленне. Галоўны тэхнолаг Юрый Саладуха, які нас суправаджаў, падыходзіў і гладзіў волатаў, а вось да мяне яны аднесліся насцярожана.

 

 

– Аснову рацыёну быкоў-вытворцаў складаюць высакаякасныя травяністыя кармы – у асноўным сянаж з бабовых і злакавых культур, а таксама люцэрны, – адзначае Іван Кімашэўскі. – Кармленне аднатыпнае круглагадовае. Акрамя камбікорму, кожны дзень даём быкам па кілаграме прарошчанага зерня пшаніцы. Грубыя кармы мы разносім уручную, а камбікармы трапляюць у кармушкі пры дапамозе аўтаматычнай сістэмы раздачы. У кожнай клетцы ўстаноўлены спецыяльны дазатар, які рэгулюе падачу ў залежнасці ад вагавых кандыцый жывёлы і інтэнсіўнасці яе выкарыстання. Дзякуючы бяспрывязнаму ўтрыманню і ідэальна збалансаванаму рацыёну ад кожнага дарослага быка атрымліваем каля 35 тысяч доз семені. Толькі ў мінулым месяцы ад 69 быкоў-вытворцаў атрымалі 143 тысячы доз матэрыялу. Усяго на фермах у Гірдзеўцы ўтрымліваецца 821 галава буйной рагатай жывёлы.

 

Навучэнцаў Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа асабліва цікавілі тэхналогіі атрымання і захавання генетычнага матэрыялу. Аказалася, гэты працэс на племпрадпрыемстве даўно адладжаны. Тут ёсць свая лабараторыя, дзе высокакваліфікаваныя спецыялісты праводзяць рэгулярныя лабараторныя даследаванні семені, каб пацвердзіць яго якасць. У сваёй рабоце яны выкарыстоўваюць навейшыя біятэхналагічныя прыёмы і метады.

 

 

– Мы працуем у адпаведнасці з усімі навуковымі стандартамі, – падкрэслівае галоўны тэхнолаг Шчучынскага філіяла Гродзенскага племпрадпрыемства Юрый Саладуха. – Атрыманае семя пасля разбаўлення і фасоўкі ў міні-саломінкі абавязкова праходзіць эквілібрацыю ў хладатэрмастаце, дзе ахалоджваецца да 4 градусаў. Затым замарожваем яго парамі вадкага азоту ў спецыяльным прыборы пры тэмпературы -120 градусаў. Уся прадукцыя захоўваецца ў біясховішчы ў ёмістасцях, дзе тэмпература падтрымліваецца на ўзроўні -196 градусаў.

 

У Шчучынскім філіяле Гродзенскага племпрадпрыемства для рэалізацыі падрыхтавана 11,5 мільёна доз семені. Большая іх частка атрымана ад быкоў з высокім індэксам племяннога кошту. Таму тавар надзвычай запатрабаваны ў розных гаспадарках Беларусі. Да ўсяго племпрадпрыемства паспяхова экспартуе семя ў Расію і краіны СНД. За год шчучынскія жывёлаводы прадаюць каля 0,9 мільёна доз. Прычым не толькі гаспадаркам, але і ўласнікам.

 

– Каб палепшыць характарыстыкі нашага мяснога статка, мы рэгулярна абнаўляем генетыку шляхам выкарыстання генатыпаў замежнай селекцыі, – гаворыць Іван Кімашэўскі. – Завозім генетычны матэрыял з ЗША і Германіі. Дзякуючы гэтаму атрымліваем чыстапародных жывёл. У наступным годзе плануем набыць у Венгрыі 80 чыстапародных цялушак абердзіна-ангускай і лімузінскай парод.

 

У Шчучынскім філіяле Гродзенскага племпрадпрыемства налічваецца 600 гектараў зямлі і каля 20 адзінак спецыялізаванай тэхнікі для яе апрацоўкі. Каб забяспечыць усё пагалоўе буйной рагатай жывёлы якаснымі кармамі, тут залажылі больш за 5246 тон сенажу, 115 тон сена, намалацілі 420 тон пшаніцы і 167 тон рапсу. Камбікорм сюды дастаўляюць з Ліды, дзе яго выпускае ААТ “Лідахлебапрадукт” па распрацаваных спецыялістамі племпрадпрыемства рэцэптурах.

 

– Наша племпрадпрыемства ўпэўнена крочыць у будучыню і працягвае дынамічна развівацца, – падкрэслівае Іван Вацлававіч. – Вось і нядаўна адправілі ў Таджыкістан 30 племянных быкоў, якія будуць дабірацца да месца прызначэння цэлы тыдзень. У наступным годзе плануем пабудаваць яшчэ адну пляцоўку для вольна-выгульнага ўтрымання жывёлы, а таксама радзільнае аддзяленне. На рэалізацыю гэтых маштабных праектаў выдзелім мільён долараў. Грошы немалыя, але толькі так можна павялічыць пагалоўе БРЖ і паспяхова развіваць племянную мясную жывёлагадоўлю, прадукцыя якой надзвычай запатрабавана не толькі ў нашай краіне, але і па-за яе межамі.

 

Навучэнцы Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа былі вельмі ўражаны ўбачаным і задавалі шматлікія пытанні. Па ўсім было бачна, что экскурсія нікога не пакінула раўнадушным.

 

– У Шчучынскі філіял Гродзенскага племпрадпрыемства я трапіла ўпершыню, – дзеліцца ўраджэнка Гродна Ганна Ярашэвіч. – Тут вельмі высокі тэхналагічны ўзровень і ёсць чаму павучыцца. Да ўсяго маладых сцецыялістаў забяспечваюць жыллём. Прафесію ветэрынара выбрала свядома, таму з задавальненнем прайшла б тут практыку. А ў перспектыве можна было б і асесці.

 

– Паездка ўдалася на славу, – канстатуе выкладчык ветэрынарных дысцыплін Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа Міхаіл Грыгорчык. – Зараз згодна з вучэбнай праграмай мы якраз праходзім штучнае асемяненне, таму нашым навучэнцам было карысна ўбачыць увесь гэты працэс на практыцы. Яны атрымалі каштоўны вопыт, які змогуць прымяніць у будучым.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!