Работа да жылля давядзе
У доме №1 па вуліцы Слатвінскага, што ў Астрыне, яшчэ адчуваецца пах фарбы, аднак адзін за другім cпяшаюцца сюды шчаслівыя навасёлы. Хтосьці ўжо нават фіранкі на вокны павесіў, перавёз сюю-тую мэблю. Сям’я Адамчыкаў таксама хутка справіць наваселле.
– Згодна з народнай традыцыяй, першым у наша новае жыллё запусцілі ката, – расказваюць Павел і Дзіяна Адамчыкі, якія заўсёды марылі пра сваю ўласную кватэру.
– Другім зойдзе журналіст, – жартую і пераступаю парог утульнай трохпакаёўкі.
Кватэра насамрэч шыкоўная, з рамонтам. Прасторныя і светлыя пакоі, здаецца, з нецярпеннем чакаюць сваіх гаспадароў.
– А вось тут будуць стаяць ложкі для нашых любых сыночкаў, – з гонарам дэманструюць пакуль пусты дзіцячы пакой Павел і Дзіяна Адамчыкі. – У нас іх двое: Яну – 1 год і 9 месяцаў, Антону ўсяго 7 месяцаў.
Хлопчыкі пакуль зусім не разумеюць, чаму так радуюцца тата з мамай, аднак таксама ўсміхаюцца. Цяпер Адамчыкі з’едуць ад бацькоў і пачнуць віць уласнае гняздзечка. А пра бабуль і дзядуляў забываць не будуць. Пераконваюць, што адной з добрых традыцый у новым доме стане збірацца за вялікім святочным сталом усёй сям’ёй.
Паша і Дзіяна вучыліся ў Астрынскай школе, таму з дзяцінства ведаюць адзін аднаго. Шмат гадоў сябравалі, затым вырашылі ажаніцца і застацца жыць у родным пасёлку. Дзіяна пайшла працаваць медыцынскай сястрой у мясцовую бальніцу, Павел уладкаваўся на працу ў ААТ “АграГЖС”. Мясцовая гаспадарка і дапамагла спраўдзіцца мары маладой сям’і – забяспечыла іх кватэрай.
– Жыллё – важны фактар замацавання маладых кадраў на сяле, – перакананы дырэктар ААТ “АграГЖС” Віктар Генрыхавіч Паўлюкевіч. – А нашай гаспадарцы патрэбны добрыя спецыялісты, механізатары, жывёлаводы… Вось і вырашылі пабудаваць новы дом у пасёлку.
Будаўніцтва трохпавярхоўкі распачалося яшчэ мінулым летам. Пляцоўка была выбрана амаль у цэнтры гарадскога пасёлка Астрына, на вуліцы Слатвінскага. Будаўніцтва ішло хуткімі тэмпамі, і ўжо праз паўгода на месцы старых будынкаў і пусткі вырас новы 21-кватэрны дом. Узводзілі жыллё работнікі ААТ “Гроднажылбуд” пад кіраўніцтвам начальніка ўчастка Г.І. Будзько. Дом атрымаўся выдатным. Побач размясцілася дзіцячая пляцоўка. На чарзе – сезонныя работы і добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Ключы ад новых кватэр ужо атрымалі Віталій Якуцэвіч, Андрэй Бузун, Аляксандр Малмыга і іншыя. Хутка наваселле справяць і іншыя спецыялісты і работнікі ААТ “АграГЖС”.
– Некаторыя астрынчане будуюцца самі, аднак такіх энтузіястаў мала, – расказвае старшыня Астрынскага сельвыканкама Г.Ю. Бекіш. – Сёння ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаіць 75 чалавек.
Рассёк гордзіеў вузел з жыллём і трэнер па лёгкай атлетыцы ДЮСШ Вячаслаў Забураеў, які вядзе гурткі ў Астрынскай СШ. Маладому чалавеку працяглы тэрмін даводзілася здымаць жыллё. Сітуацыя змянілася ў мінулым годзе, калі адбылася рэканструкцыя былога інтэрната пад жылы дом. Дзве кватэры атрымалі сем’і, якія стаялі ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, адна была аддадзена для размеркавання аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, другая – медыцынскім работнікам.
Вячаслаў атрымаў ключы ад пакоя ў трохпакаёўцы і вельмі рады.
– Ну і як вам кватэра? – пытаю ў трэнера.
У адказ малады чалавек дэманструе сваё жыллё. Пакой невялічкі, пафарбаваныя сцены, сціплая мэбля… Аднак усё ж лепш, чым кватараваць у незнаёмых людзей. Цяпер Вячаслаў сам сабе гаспадар, як і астатнія спецыялісты, якія атрымалі кватэры ў былым інтэрнаце.
Пад’язджаючы да цэнтральнага скрыжавання, кожны можа ўбачыць, што зроблена. Дом прыгожа пафарбаваны, з новым дахам і вокнамі. Тэрыторыя побач з домам таксама добраўпарадкавана. Ды і ў самым пад’ездзе належныя чысціня і парадак. Зусім не той інтэрнат, што быў раней. Адным словам, стары будынак атрымаў шанс на новае жыццё.
Прыемна было бачыць, як па пасёлку гуляюць мамы з дзеткамі. Значыць, не ўцякае моладзь у горад, застаецца на радзіме. Будуецца Астрына.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.