У Шчучынскай ЦРБ падвялі вынікі работы за 2018 год

Даступная і якасная. Такой павінна быць медыцына на Шчучыншчыне. І ў гэтым меркаванні пазіцыі ўлады і людзей у белых халатах супадаюць. Кіраўніцтва райвыканкама і адміністрацыя Шчучынскай ЦРБ удзяляюць пытанням медыцынскага абслугоўвання насельніцтва вялікую ўвагу, вобразна кажучы, актыўна шукаюць элексір здароўя для гэтай важнай сферы, ад якой моцна залежыць якасць нашага жыцця. 

Пры падвядзенні вынікаў работы за 2018 год выконваючы абавязкі галоўнага ўрача І.У. Загароўскі аперыраваў лічбамі і фактамі – аб здароўі і нездароўі медыцыны і пацыентаў, не замоўчваў праблем, агучваў меры па ўдасканаленні работы ведамасных устаноў і супрацоўнікаў. 


– Лячэбна-прафілактычныя ўстановы Шчучынскай ЦРБ працавалі ў мінулым годзе над дасягненнем паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады”, – падкрэсліў кіраўнік. – Асноўнай задачай была мінімізацыя негатыўных тэндэнцый медыка-дэмаграфічных працэсаў, якія праяўляюцца дэпапуляцыяй і старэннем насельніцтва.
Па словах кіраўніка, вельмі трывожыць узровень агульнай смяротнасці (22,6) і тое, што Шчучыншчына страчвае людзей больш, чым іншыя рэгіёны вобласці. Паказчык смяротнасці ў працаздольным узросце склаў 6,7 на адну тысячу працаздольнага насельніцтва пры прагнозе 3,9. Усё яшчэ многа не старых і фізічна актыўных людзей паміраюць ад вострага парушэння мазгавога кровазвароту на фоне артэрыяльнай гіпертэнзіі, іншых хвароб, якія паспяхова прафілактуюцца і лечацца. І тут, трэба прызнаць, не толькі праблема медыцыны, але і пацыентаў, якія доўга не знаходзяць дарогу да ўрача…


Медыцына раёна не абдзелена фінансамі: у 2018-ым з бюджэту раёна было выдзелена 11 мільёнаў 899 тысяч рублёў. Установы аховы здароўя стараліся зарабляць і самі: карысталіся попытам стаматалагічныя паслугі, УГД- дыягностыка, медыцынскі агляд для атрымання допуску на кіраванне транспартам, масаж.
 Пастаянна і мэтанакіравана праводзіцца работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы медустаноў і падраздзяленняў, падкрэсліў Іван Уладзіміравіч. Летась адчынена пасля рамонту хірургія №2, праведзены бягучы рамонт у харчаблоку, касметычны – у адной з палат аперацыйнага блока. Новы выгляд набылі некалькі кабінетаў райпаліклінікі, адрамантаваны дах тэрапеўтычнага і адміністрацыйнага карпусоў… На гэтыя добрыя справы пайшло 93 тысячы рублёў. А яшчэ звыш 205 тысяч рублёў – з бюджэту, небюджэтных крыніц і спонсарскай дапамогі – было накіравана на набыццё медыцынскага і тэхналагічнага абсталявання. Установы аховы здароўя перааснашчаліся абсталяваннем і вырабамі медыцынскага прызначэння. У паліклініках і аддзяленнях з’явіліся апарат УГД з прынтарам, аналізатар гематалагічны, электракардыёграфы, дыфебрылятары і шмат чаго іншага. Аднак медыкам хочацца большага. Так, даўно ёсць патрэба ў лапараскапічнай стойцы, нагадаў загадчык хірургіі №1 А.В. Чудоўскі. Набыццё новага абсталявання дазволіць пашырыць спектр медыцынскіх паслуг у стаматалогіі, пераканана яе кіраўнік Т.А. Ярмак. І.У. Загароўскі запэўніў калег: яно будзе. І гэта толькі справа часу. Але першачарговая задача – набыццё флюорографа. Дарэчы, хутка ўрачы апрабуюць у рабоце новенькі рэктаскоп…
Не замоўчвалася і кадравая праблема. У мінулым годзе ўкамплектаванасць урачамі склала 85,7 працэнта, сярэднім медперсаналам – 96,4 працэнта. Ёсць і цякучасць кадраў: летась 21урач прыбыў у раён на працу, а 22 з’ехалі. А 33 урачы працягваюць служыць медыцыне, знаходзячыся на пенсіі. Між тым многія маладыя спецыялісты з тых, што цяпер працуюць, парадавалі галоўнага доктара раёна – агучылі ідэі па ўдасканаленні работы. Актыўнасці ў гэтым плане ён чакае і ад іншых калег. 
Дарэчы, кіраўніцтва раёна нацэлена падтрымаць маладых спецыялістаў бальніц і паліклінік. Па словах намесніка старшыні райвыканкама А.В. Пасюта, якая прысутнічала на сходзе па падвядзенні вынікаў работы, адзін з інтэрнатаў у Шчучыне будзе рэканструяваны пад 12 “маласямеек”, а некалькі з іх нават абставяць мэбляй. Якаснае жыллё атрымаюць і медыкі. Алена Васільеўна пацвердзіла гатоўнасць улады сумесна з медыкамі працаваць над вырашэннем і іншых праблем у сістэме аховы здароўя раёна. Назваўшы працу людзей у белых халатах бясцэннай, яна шчыра падзякавала калектыву медработнікаў за працу.
– З поўнай адказнасцю заяўляю, што бальніцу і ўсю сістэму аховы здароўя раёна робяць урачы, – адзначыў І.У Загароўскі. – Летась у паліклініках і амбулаторыях аказана медыцынская дапамога больш чым 371 тысячы чалавек, пралечана ў стацыянарах 9,5 тысячы, у дзённых стацыянарах – 2,5 тысячы, у стацыянарах на даму – 676 чалавек, наведана на даму 32,5 тысячы, супрацоўнікі “хуткай дапамогі” абслужылі 12754 выклікі. Акрамя гэтага, праведзена амаль 22 тысячы прафілактычных абследаванняў грудной клеткі, больш за 24 тысячы УГД, звыш 48 тысяч ЭКГ і вельмі шмат іншых відаў абследаванняў. Супраць грыпу прывіты 16 тысяч жыхароў раёна.
Несумненна, шчучынскія медыкі дапамаглі паправіць здароўе і захаваць жыццё многім пацыентам – дарослым і дзецям, вяскоўцам і гараджанам. Тым не менш хвалюе, што становяцца інвалідамі, дачасна пакідаюць гэты свет працаздольныя людзі і маладыя пенсіянеры, што па-ранейшаму застаюцца пагрозай для жыцця захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы і анказахворванні, ёсць выпадкі запушчаных хвароб... А значыць, патрабуе ўдасканалення работа па дыспансерызацыі насельніцтва, раннім выяўленні пацыентаў з павышаным АД і іншымі фактарамі рызыкі, адзначыў намеснік галоўнага ўрача па АПП М.А. Пляханаў. Прагучалі і іншыя канкрэтныя, так бы мовіць, здаровыя прапановы па правядзенні прафілактыкі захворванняў і арганізацыі лячэбнага працэсу. З іх улікам будзе выпрацаваны агульны алгарытм дзеянняў для аказання даступнай, якаснай і своечасовай медыцынскай дапамогі насельніцтву, запэўніў І.У. Загароўскі. Многія новаўвядзенні пацыенты ацэняць зусім хутка. Так, паліклініку чакае рэструктурызацыя работы, а ў стаматалогіі будзе электронны запіс на прыём да ўрача. 
 Напрыканцы сходу былі адзначаны граматамі і матэрыяльна заахвочаны па выніках работы ў 2018 годзе калектывы аддзяленняў ЦРБ – інфекцыйнага, неўралагічнага і аддзялення анестэзіі і рэанімацыі. А ў амбулаторна-паліклінічным звяне лепшымі прызнаны Першамайская участковая бальніца, раённая паліклініка і Каменская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі. 


Таццяна ПАЛУБЯТКА. 
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!