Адзіны дзень інфармавання прайшоў на Шчучыншчыне

Жыллёва-камунальная гаспадарка – сфера, паслугамі якой штодзень карыстаецца ўсё насельніцтва краіны, кожны з нас. Таму стасункі паміж работнікамі гэтай службы і спажыўцамі асабліва актыўныя, а цікавасць да яе работы непадробная.

 Аб важнай ролі сферы ЖКГ у сістэме жыццезабеспячэння насельніцтва ішла размова падчас сустрэчы калектыву ДУА "ВПК Ляшчанскі дзіцячы сад-сярэдняя школа" з абласной інфармацыйна-прапагандысцкай групай. Мерапрыемства праходзіла ў рамках адзінага дня інфармавання, у ім прымалі ўдзел і спецыялісты Шчучынскага РУП ЖКГ.

– Менавіта ад якасці работы камунальных службаў сёння залежыць паспяховае развіццё эканомікі, камфорт і дабрабыт людзей, іх здароўе і працаздольнасць, – падкрэсліў, выступаючы перад аўдыторыяй, кіраўнік спраў Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта І.А. Папоў, які ўзначальваў групу прапагандыстаў.

 Сёння галіна ЖКГ актыўна развіваецца. Змены заўважныя ва ўсіх структурах шматгаліновага комплексу – жыллёвым фондзе, сістэмах цепла- і водазабеспячэння, санітарнай ачысткі і інш. А кропкай адліку для ўдасканалення вытворчай дзейнасці, стылю і метадаў работы са спажыўцамі стаў мінулагодні рэспубліканскі семінар аб развіцці сферы ЖКГ з удзелам Прэзідэнта, падкрэсліў Ігар Андрэевіч Папоў.

Сярод асноўных напрамкаў дзейнасці ЖКГ – цеплавая мадэрнізацыя жылых дамоў, паляпшэнне якасці вады, абнаўленне кацельных і цепласетак, пашырэнне выкарыстання мясцовых відаў паліва ў цеплаэнергетыцы, капітальны рамонт дамоў. Гэта вялікі аб'ём работы. Так, жылфонд у вобласці – гэта 6618 дамоў, і вельмі важна, каб ён дакладна і поўна абслугоўваўся. У два разы павялічыліся аб'ёмы капітальнага рамонту жылля, упор робіцца на эфектыўнасць і аператыўнасць. Ігар Андрэевіч патлумачыў аўдыторыі, што неабходнасць капітальнага рамонту таго ці іншага будынка вызначаецца не на вока, а на падставе вывадаў камісіі пасля грунтоўнага абследавання.

 Пра эфектыўнасць работы ЖКГ сведчаць і іншыя лічбы і факты. Так, больш за 70 працэнтаў кацельных працуюць на мясцовых відах паліва, рэканструююцца 8 цеплавых крыніц, узводзіцца 14 станцый абезжалезвання вады, за апошнія 5 год заменена больш за 600 кіламетраў цепласетак пры больш чым 2000 існуючых. Ствараецца інфраструктура па зборы, вывазе і перапрацоўцы цвёрдых бытавых адходаў.

Гаворачы пра тарыфную палітыку, І.А. Папоў адзначыў:

– Задача ставіцца не проста павялічыць цэны і тарыфы на аплату паслуг ЖКГ, а зрабіць гэты працэс плаўным, з улікам даходаў насельніцтва і зніжэння затрат на паслугі ЖКГ. Для малазабяспечаных грамадзян дзяржава выдзяляе безнаяўныя жыллёвыя субсідыі, нядаўні прэзідэнцкі ўказ пашырае кола прэтэндэнтаў на яе атрыманне.

Размова ішла і пра развіццё ў сферы ЖКГ інфармацыйных тэхналогій. Так, у 11 з 17 раёнаў вобласці укаранёна праграма па рабоце з адзінай дыспетчарскай службай 115.

Дарэчы, госці з абласнога цэнтра мелі магчымасць бачыць, як працуюць шчучынскія камунальнікі. Цяпер якраз вядуцца работы па перакладцы ўчастка цеплатрасы ў аграгарадку Ляшчанка. Як патлумачыў намеснік начальніка РУП ЖКГ І.У. Вішнеўскі, новае рэчышча для падачы цяпла ў будынак сада-школы пракладаецца паралельна з існуючай лініяй. Дэмантаж апошняй зробяць толькі тады, калі завяршаць распачатае. Гэта значыць, без цяпла ўстанова адукацыі не застанецца. Ігар Вячаслававіч таксама адказаў на пытанні прысутных у зале. У прыватнасці, прагучала просьба абуладкаваць ля школы стаянку для аўтамабіляў – цяпер многія педагогі дабіраюцца на працу "на колах".

 "Прафсаюзы не знаходзяцца ў  баку ад тэмы ЖКГ", запэўніў член абласной інфармацыйна-прапагандысцкай групы, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза АПК І.С. Алізаровіч. Гэта грамадская структура праводзіла маніторынг аплаты за пражыванне ў інтэрнатах і выказваецца за адзіныя тарыфы.

Пра правілы жыцця – правілы пажарнай бяспекі расказаў супрацоўнік РАНС А.А. Малмыга. Ён нагадаў: хутка халады, таму варта паклапаціцца, каб не дапусціць надзвычайных здарэнняў.

Аб выкананні сацыяльных стандартаў па забеспячэнні аграгарадкоў аб'ектамі гандлю і грамадскага харчавання вяла размову першы намеснік начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама М.В. Сяргеева.

У сустрэчы прыняла ўдзел кіраўнік спраў – начальнік кіраўніцтва справамі райвыканкама А.В. Шкіндзерава.

Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!