У Шчучыне прайшоў фінальны этап спартыўных гульняў працоўных

 

Здаровы лад жыцця, безумоўна, з’яўляецца адной з найважнейшых прыкмет прагрэсіўнага грамадства і моцнай краіны. З гэтымі словамі згодныя і жыхары нашага раёна. Штогод на Шчучыншчыне праходзіць вялікі шэраг спартыўна-масавых мерапрыемстваў, сярод якіх вылучаюцца спартыўныя гульні працоўных.

 

Нядаўна ў Шчучыне прайшлі фінальныя спаборніцтвы гульняў працоўных. За званне самага спартыўнага калектыву раёна з пачатку года змагаліся каманды з адзінаццаці ўстаноў і арганізацый Шчучыншчыны. У фінальным этапе мацнейшыя дружыны вызначаліся ў шасці спартыўных дысцыплінах.

 

Перад пачаткам фінальных спаборніцтваў каманды працоўных калектываў прывітаў загадчык сектару спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Дзмітрый Кірылаў:

 

– Вітаю, дарагія ўдзельнікі спаборніцтваў! Рады ўсіх вас бачыць на фінальным этапе спартыўных гульняў працоўных. Жадаю, каб кожны з вас правёў сённяшні дзень з задавальненнем, атрымаў добрыя эмоцыі. Каб кожны з вас стаў сёння мацней. Няхай пераможа мацнейшы!

 

 

Спачатку свой спрыт паказалі сямейныя калектывы, якім на працягу спартыўнага мерапрыемства трэба было зарабляць ачкі ў спаборніцтвах па дартсе і лёгкаатлетычных забегах. Не зважаючы на высокую канкурэнцыю, сярод каманд панавала атмасфера сяброўства.

 

Паралельна на базе СШ №1 горада Шчучына праходзілі спаборніцтвы па кулявой стральбе сярод кіраўнікоў арганізацый, іх намеснікаў і галоўных інжынераў.

 

 

Вялікая ўвага на фінальным этапе спартыўных гульняў працоўных надавалася сілавым дысцыплінам. З папраўкай на вагавыя катэгорыі мужчыны спаборнічалі ў гіравым спорце. Высокі накал эмоцый назіраўся падчас турніру па армрэстлінгу. Сціскаючы зубы, кожны са спартсменаў хацеў паваліць свайго саперніка.

 

Па традыцыі, фінальным выпрабаваннем для каманд сталі спаборніцтвы па перацягванні каната. Самыя моцныя атлеты з усіх каманд сышліся на пляцоўцы для таго, каб вызначыць, хто з іх самы моцы. Вядома, што ў гэтай дысцыпліне цэняцца камандныя дзеянні і ўменне правільна падбіраць тактыку сыходзячы з паказчыкаў саперніка.

 

 

У рэшце рэшт, вынікі выступаў каманд ва ўсіх дысцыплінах былі падлічаны. Выніковыя прызавыя месцы спартыўных гульняў працоўных 2023 года размеркаваліся наступным чынам. На трэцюю п’едэстальную прыступку паднялася каманда ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад”, срэбра спаборніцтваў узялі спартсмены Шчучынскага РУП ЖКГ, а чэмпіёнамі ў агульнакамандным заліку стаў калектыў Шчучынскага раёна Электрычных Сетак.

 

 

 

На прыканцы спаборніцтваў Дзмітрый Кірылаў выказаў працоўным калектывам падзяку за ўдзел у мерапрыемстве, а таксама адзначыў, што ў наступным годзе плануецца абнавіць конкурсную праграму спартыўных гульняў працоўных і зрабіць яе яшчэ больш цікавай.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!