У Шчучыне на плошчы Свабоды прайшоў мітынг, прысвечаны Дню Дзяржаўнага сцяга, герба і гімна Рэспублікі Беларусь

З самай раніцы на плошчы Свабоды ў Шчучыне гучалі патрыятычныя песні, заклікаючы гараджан і гасцей райцэнтра прыняць удзел у святочным мітынгу, прысвечанаму Дню Дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь.

 

Ужо чвэрць стагоддзя мы ўшаноўваем і аддаём даніну павагі дзяржаўным сімвалам сваёй краіны, якія былі выбраны воляй народа на рэферэндуме ў 1995 годзе. Афіцыйна Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь святкуецца штогод кожную другую нядзелю мая з 1998 года.
 

 

31 сакавіка бягучага года ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Дзяржаўная сімволіка Беларусі – гэта свайго роду захавальнік гістарычнай памяці. І той факт, што дзяржаўных сімвалаў у нас тры: герб, сцяг, гімн, а дзяржаўнае свята прысвечана толькі двум, напэўна, гэта няправільна. Трэба выправіць гэтыя недахопы”. Указам Прэзідэнта краіны былі ўнесены змены ў афіцыйную назву свята, і цяпер мы адзначаем Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

 

 

І вось распачаўся святочны мітынг. Моладзь у нацыянальных касцюмах вынесла у цэнтр гарадской плошчы галоўныя сімвалы краіны. Ганаровае права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена ветэрану Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, воіну-інтэрнацыяналісту, падпалкоўніку ў адстаўцы Аляксею Зайцаву, пераможцу раённага фестывалю патрыятычнай песні, спецыялісту адкрытага акцыянернага таварыства “Орля” Сяргею Рудолю і пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, вучаніцы 9 класа сярэдняй школы № 1 г. Шчучына Анастасіі Жук. Для выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь былі запрошаны прадстаўнікі розных пакаленняў Шчучыншчыны.

 

 

Да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксей Садоўскі:

 

– Сёння мы ўпершыню аддаем даніну павагі ўсім тром дзяржаўным сімвалам – адзначаем Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Гэта неразрыўна звязаныя паміж сабою сімвалы незалежнасці беларускага народа, выраз культурнага кода нацыі і праява нацыянальнага гонару. Наша дзяржаўная сімволіка мае глыбокія гістарычныя карані. Да незалежнасці беларусы ішлі праз чаргу выпрабаванняў. У драматычны, але лёсавызначальны перыяд у Канстытуцыі 1919 года быў замацаваны жыццесцвярджальны правобраз сучаснага герба Беларусі – узыходзячае сонца, акружанае вянком з каласоў. Каштоўнасць міру і магчымасць свабодна жыць і працаваць на роднай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны народ адстаяў пад Сцягам Перамогі. Яго часцінку захоўвае ў сабе Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Сапраўды народны характар дзяржаўнай сімволікі даказвае той факт, што яна была зацверджана ў выніку рэферэндуму 14 мая 1995 года. За прапанаваныя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь праекты сімвалаў выказаліся болей за 75% ад колькасці тых, хто прыйшоў на выбарчыя ўчасткі. У гонар усенароднага выбару было ўстаноўлена афіцыйнае свята. Сучасныя герб, сцяг і гімн аб’ядноўваюць лёсы розных пакаленняў беларусаў, увасабляюць у сабе шматвяковы вопыт дзяржаўнага будаўніцтва, з’яўляючыся арыенцірам на будучае роднай краіны – мірнай, моцнай і суверэннай. Сёння дзяржаўная сімволіка абараняе незалежнасць Беларусі, аб’ядноўваючы ўсіх нас у імкненні зберагчы жыццёвы ўклад, спрадвечныя традыцыі і гераічнае мінулае. Жыхары Шчучынскага раёна пад беларускім сцягам нараджаюцца, жывуць і працуюць, уносяць значны ўклад у развіццё роднай краіны. Сваёй стваральнай працай, руплівай вучобай, актыўнай грамадзянскай і жыццёвай пазіцыяй мы падкрэсліваем адданасць Айчыне. Няхай мацнее слава нашай краіны, створаная продкамі, і беражліва прымнажаецца новымі пакаленнямі беларусаў – патрыётаў сваёй Радзімы!

 

 

Будучыня нашай дзяржавы, яе багацце, дабрабыт у цэлым залежаць ад падрастаючага пакалення, ад тых, хто перапоўнены ідэямі, імкненнем да лепшага і з павагай ставіцца да сваёй краіны і малой радзімы.

 

 

– Дзень дзяржаўнай сімволікі – значымае свята для кожнага беларуса, – зазначыла першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Віталія Селівончык. – Гэта свята гонару, адзінства і вернасці Айчыне, нашай гісторыі, традыцыям, веры ў светлую будучыню. Сімвалічна, што менавіта ў гэты дзень мы пачынаем новую традыцыю – цырымонію развітання з піянерскім гальштукам і ўступлення ў рады БРСМ.
Мы разумеем, наколькі важна захаваць пераемнасць пакаленняў. Таму бяром пад сваё крыло піянераў і дапаможам ім стаць дастойнымі грамадзянамі роднай Беларусі.

 

Віталія Селівончык разам са старшынёй раённага савета грамадскага аб’яднання “БРПА” Дзмітрыем Чывілем ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі самай актыўнай моладзі членскія білеты БРСМ. Пасля прайшоў флэшмоб “Будущее Родины строить молодым” і быў дадзены старт велапрабегу.

 

 

Фінальным акордам стаў раённы фестываль “Семьи – за мир и созидание”, які стартаваў адразу пасля святочнага мітынгу ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!