У Шчучыне адзначылі свята Перамогі (дапоўнена)
Дзень Перамогі займае асаблівае месца ў гісторыі нашай краіны і лёсе беларускага народа. Хай час і аддаляе ад нас гэту эпахальную дату, аднак толькі ярчэй і велічней паўстае перад намі подзвіг нашага народа.
Урачысты мітынг з нагоды вялікага свята прайшоў у гарадскім скверы райцэнтра ля помніка загінуўшым воінам і партызанам. Па расквечаных вуліцах Шчучына прайшлі калонай прадстаўнікі улады, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, працоўныя калектывы раёна, ветэраны, моладзь, шчучынцы і госці з іншых гарадоў і краін.
Распачаўся мітынг з тэатральнай пастаноўкі таленавітых артыстаў Астрынскага дома культуры і тэатральнай творчасці, якая кранула сэрца кожнага.
Са святам шчучынцаў і гасцей горада сардэчна павіншавала старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк.
– Дзень 9 мая важны для кожнага з нас, – адзначыла Ганна Станіславаўна. – Ён прыходзіць у нашы дамы і сэрцы разам з вясной, аб’ядноўвае агульнай светлай памяццю і сумам страт. З году ў годам мы ўсё больш разумеем, што гэта была не проста Перамога ў эпахальнай вайне. Гэта была Перамога, якая даказала, што ў барацьбе за свабоду і Радзіму самыя звычайныя людзі могуць стаць героямі. Мы памятаем подзвіг кожнага.
Паважаныя ветэраны! Вы – жывы прыклад гераізму. Нізкі Вам паклон за Перамогу!
З віншавальным словам звярнуўся да нашых паважаных ветэранаў ветэран Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Віктар Мікалаевіч Анашкін. Ён пажадаў усім моцнага здароўя і доўгага жыцця, падзякаваў за мужнасць і гераізм, за незалежнасць, за мір і спакой, якія сёння ёсць на нашай беларускай зямлі.
Ад імя моладзі са святам Перамогі шчучынцаў і гасцей горада павіншавала актывіста РК БРСМ Юлія Гулько.
– Дзень Перамогі для моладзі – сімвал гонару за тых, хто ў самай цяжкай і страшнай вайне адстаяў свабоду і незалежнасць нашай Беларусі, сімвал мужнасці і сілы, -- адзначыла Юля. -- Мы разумеем сваю адказнасць за будучае Радзімы і гатовы берагчы мір і спакой на зямлі і стаць годнымі пераймальнікамі лепшых традыцый беларускага народа.
Мы жывём пад мірным небам. Аднак памяць аб гераічным подзвігу нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аб тых героях, якія аддалі сваё жыццё за нашу будучыню – у нашых сэрцах.
… Метраном адлічваў час. Як знак павагі – хвіліна маўчання , кветкі да магілы воінаў-вызваліцеляў і аружэйны салют.
Цудоўнымі ваеннымі шлягерамі парадавалі ўсіх артысты Шчучынскага РЦКіНТ. На гэтым свята не скончылася. Пасля мітынгу шчучынцы і госці горада мелі магчымасць адпачыць з сапраўдным беларускім размахам. У скверы актыўна працавалі святочныя падворкі, гандлёвыя кропкі, атракцыёны, дзіцячыя пляцоўкі, праводзіліся тэматычныя віктарыны. Цікавыя акцыі, конкурсы і выставы да свята падрыхтавалі актывісты РК БРСМ, работнікі Шчучынскага РЦКіНТ, раённай бібліятэкі імя Цёткі, Шчучынскага цэнтра турызму і краязнаўства, навучальных устаноў раёна і іншыя.
Даспадобы шчучынцам і гасцям горада прыйшоўся ваенны прывал, штаб, палявая кухня… Дарослыя маглі падсілкавацца духмяным шашлыком ды гарбатай, а дзятва – салодкай ватай ды іншымі ласункамі.
Тым часам на плошчы сваім святочным канцэртам жыхароў райцэнтра радавалі артысты і выхаванцы Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі і Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. А які цудоўны танцавальны флэш-моб атрымаўся ў нашай моладзі! На плошчы Свабоды некалькі дзясяткаў пар кружылі майскі вальс, а затым выстраілася ў знакавую для Гродзеншчыны лічбу – 75!
Шэраг святочных мерапрыемстваў прайшоў і ў іншых населеных пунктах раёна. Свята працягваецца і зараз. Вечарам шчучынцаў і гасцей горада чакае цудоўны канцэрт артыстаў Шчучынскага цэнтра культуры і народнай творчасці. Хэдлайнерам стане выступленне вядомай беларускай артысткі Улады.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.