У Шчучыне абралі новага старшыню раённага аддзела ГА “Саюз палякаў на Беларусі”

"Будзем працаваць дзеля адзінства народа!" -- менавіта ў гэтым запэўніла новы старшыня Шчучынскага раённага аддзела грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” Яніна Місюк. Члены раённай арганізацыі СПБ абралі Яніну Іванаўну сваім лідарам падчас анлайн канферэнцыі, а вось павіншаваць з нагоды такой падзеі асабіста прыехаў у Дом палякаў старшыня ГА СПБ Аляксандр Сангін, прыйшлі прадстаўнікі ўлады – намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Цюсіна, завіталі актывісты арганізацыі.

 

 

  Больш за 20 гадоў раённы аддзел ГА “Саюз палякаў на Беларусі” ўзначальваў Віктар Богдан.

 

-- За гэты час адбылося вельмі шмат падзей. З задавальненнем успамінаюцца гады плённага міжнароднага супрацоўніцтва, калі ўсталёўваліся сувязі з гарадамі-пабрацімамі, нашы шчучынскія ўрачы, настаўнікі, прадстаўнікі іншых прафесій ездзілі ў Польшчу, каб абмяняцца вопытам, а польскія дэлегацыі наведвалі Шчучын, за мяжу на адпачынак і моўную практыку адпраўляліся дзеці,  --  узгадвае Віктар Іванавіч. – Нашы творчыя калектывы ўдзельнічалі ў прэстыжных міжнародных фестывалях, святах фальклору. Хацелася б, каб хутчэй урэгуляваліся палітычныя непаразуменні, а масты дружбы з польскім народам толькі ўмацоўваліся, каб лепшыя культурныя і асветніцкія традыцыі абавязкова мелі свой працяг.

 

 

І намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта, і старшыня ГА СПБ А.Г. Сангін выказалі словы падзякі В.І. Богдану за шматгадовую работу ў сферы этнаканфесіянальных адносін і ўручылі кветкі, падзячныя лісты і юбілейны медаль “30 год Саюзу палякаў на Беларусі”.

 

Аляксандр Генрыхавіч адзначыў, што Шчучынскі Дом палякаў радуе вока сваёй дагледжанасцю і прыгажосцю, што гасцей тут заўжды сустракаюць з адкрытай душой. Вось і на гэты раз народны хор польскай песні “Промень” парадаваў прысутных вянком цудоўных музычных кампазіцый.

 

-- Мне вельмі хочацца, каб і далей развіваўся гэты ўнікальны творчы калектыў, каб больш актыўна ў Доме палякаў вывучалася польская мова, адбывалася знаёмства моладзі з нацыянальнай культурай і традыцыямі, народнымі святамі, -- выказаў свае пажаданні Аляксандр Сангін. – Я сам, мае бацькі, дзяды і прадзеды – этнічныя палякі, але ўсе мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Гэта вельмі важна памятаць і жыць у згодзе і паразуменні з іншымі народамі ў нашай шматнацыянальнай краіне, дзе створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі і творчага развіцця. Зараз усе мы перажываем вельмі складаныя ў палітычным кантэксце часы, але наш “звёнздак” заўсёды пазіцыяніраваў сябе не як палітычную арганізацыю, а культурна-асветніцкае фарміраванне, і сёння яго дзейнасць як ніколі накіравана на кансалідацыю грамадства.

 

 

-- У Год народнага адзінства асабліва важна згуртаваць людзей на добрыя справы, быць адзінымі ў сваіх стваральных памкненнях. Спадзяёмся, што менавіта гэтыя арыенціры будуць галоўнымі ў рабоце новага старшыні Шчучынскага раённага аддзела СПБ, -- выказала свае пажаданні А.В. Пасюта, паабяцаўшы падтрымку і дапамогу ў вырашэнні праблемных пытанняў.

 

Алена Васільеўна ўручыла Яніне Іванаўне Місюк сімвалічны знак з абрысамі нашай роднай краіны, на прасторах якой у адзінай сям’і  жывуць беларусы, рускія, палякі, украінцы, літоўцы… Вітаючыся, яны паціскаюць адзін другому рукі, запрашаюць у госці. Менавіта згоду, добразычлівасць і талерантнасць так важна захаваць у нашым грамадстве. 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!