У саўгасе “Вялікае Мажэйкава” актыўна ідзе ўборка “другога хлеба”

Шчучынка Святлана Уладзіміраўна Семяновіч восенню штогод прыязджае ў саўгас “Вялікае Мажэйкава”, каб дапамагчы гаспадарцы ўбраць “другі хлеб” і назапасіць бульбы на зіму. Побач з ёй у полі працуюць два дзясяткі добраахвотнікаў, кожны з якіх у дзень накопвае ў сярэднім каля тоны клубняў.

 

– Я жыву ў Рэзах, якія сёлета былі ўключаны ў склад Шчучына, – дзеліцца Святлана Уладзіміраўна Семяновіч. – Маю двух дзяцей і пяць унукаў. Вось і вырашыла забяспечыць іх “другім хлебам”. На зіму планую набраць 10-12 мяшкоў бульбы, а астатнюю працэнтоўку вазьму грашамі. Безумоўна, ручная ўборка выматвае фізічна, але хто дбае, той і мае. Мы працуем дружнай камандай і дапамагаем адзін аднаму. Мужчыны ўзялі на сябе самую цяжкую работу і носяць нагружаныя кошыкі і вёдры да грузавіка.

 

 

На ўборцы “другога хлеба” ў саўгасе “Вялікае Мажэйкава” задзейнічаны чатыры бульбаўборачныя камбайны, якія за дзень накопваюць каля 100 тон бульбы. Шэсць грузавікоў аператыўна адвозяць сабраны ўраджай на бульбасховішча агульнай змяшчальнасцю 5000 тон ля вёскі Зенеўцы. Тут брыгада паляводаў паўторна сартуе клубні і ачышчае ад каменняў і смецця. Пэўны час бульба прасушваецца, потым ахалоджваецца і закладваецца на захоўванне. Дзякуючы створанаму ў бульбасховішчы мікраклімату ўраджай без праблем даляжыць тут да красавіка наступнага года.

 

 

– Пад бульбу сёлета мы адвялі 150 гектараў, – гаворыць галоўны аграном саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Генадзій Міхайлавіч Каляда. – Мы з’яўляемся элітгасам па вырошчванні гэтай культуры, таму выкарыстоўваем пры закладцы толькі элітнае насенне высокапрадукцыйных сартоў “уладар”, “маніфест”, “вектар”, “Янка” і “Гала”. Ураджайнасць апошняга асабліва радуе: у сярэднім з кожнага гектара накопваем 430 цэнтнераў бульбы. Такіх вынікаў немагчыма было б дабіцца без строгага выканання тэхналогій. Каб засцерагчы расліны ад насякомых-шкоднікаў, мы пратравілі клубні. Таксама правялі чатыры фунгіцыдныя апрацоўкі ад розных захворванняў. Усё гэта прынесла добры плён! Аднак важна не толькі вырасціць, але і паспяхова рэалізаваць сабраны ўраджай. Сёння мала затаварыць бульбу ў сеткі. Пакупнікі галасуюць рублём за чыстыя клубні, таму мы ў будучым плануем мыць іх перад фасоўкай, як гэта робяць у перадавых гаспадарках Еўропы.

 

 

У саўгасе “Вялікае Мажэйкава” ўжо накапалі 1000 тон бульбы. Усяго ж у гаспадарцы сёлета плануюць сабраць 6000 тон, з якіх 1000 тон пакінуць на насенне, а астатняе рэалізуюць на рынках рэспублікі. Дробныя клубні аператыўна адвозяцца на перапрацоўку на крухмальны завод у Рагозніцу: мажэйкаўскія аграрыі ўжо здалі 400 тон пры сярэдняй крухмалістасці 11%. Завяршыць жа ўборку “другога хлеба” ў сельгаспрадпрыемстве плануюць да 15 кастрычніка.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!