У родным доме ён цяпер не госцем. Шчучынец вярнуўся на сваю Бацькаўшчыну, каб заняцца фермерствам

 

Вёсачка Хількі знаходзіцца воддаль ад шумных дарог. Некалькі старых хат быццам схаваліся ад чужых вачэй. І толькі на ўездзе прыцягвае ўвагу вялікая сядзіба, абнесеная моцным высокім плотам. Унутры перыметра – дом пад чырвоным дахам, некалькі гаспадарчых будынкаў. Гэта ўладанні фермера Сяргея Іванчыка, у госці да якога мы нядаўна наведаліся.

 

У родным доме ён цяпер не госцем

Сяргей Анатольевіч выходзіць насустрач. Высокі, шыракаплечы мужчына добра глядзіцца на прыступках дома, у якім, бачна з вуліцы, ідзе грунтоўная рэканструкцыя. “Гэта мая Бацькаўшчына, тут выраслі я і тры сястры, – тлумачыць ён. – А праз дарогу стаяла хата дзядулі Аляксандра Шымко. Так што тут самае сапраўднае родавае гняздо”.

 

Як і многія вясковыя равеснікі, Сяргей некалі вылецеў з гэтага гнязда, “звіў” уласнае, але ў горадзе. У Шчучыне жыў і служыў. Калі ж выйшаў на пенсію, вырашыў з “тратуараў” зноў вярнуцца на зямлю. Малая радзіма сустрэла цішынёй: бацькі даўно пайшлі на вечны спачын. Запусценне панавала і навокал сядзібы: вальготна пачувалі сябе кустоўе, бур’ян і дзікарослая трава. Пачаў з таго, што навёў няхай не поўны, але парадак. А потым ўзяўся за афармленне дакументаў на права звацца фермерам.

 

 

– Я ж усё жыццё займаюся зямлёй, – здзіўляе Сяргей Анатольевіч. – Так, так. Нават калі служыў. Сваякі мелі “соткі” ў асабістай гаспадарцы, разам з імі і працаваў, вырошчваў бульбу, прадаваў. Таму і заахвоціўся заняцца фермерствам. Параіўся з дасведчанымі ў гэтай справе людзьмі, са спецыялістамі райвыканкама. Усе падтрымалі. Бяры зямлю, кажуць, дапаможам… Стаў вывучаць нарматыўна-прававыя акты, бухгалтарскі ўлік, афармляць дакументы…

 

Калі дакументы былі на руках, новаспечаны фермер заняўся рамонтам і рэканструкцыяй дома. Перакрыў дах, падстрэшак ператварыў у асобныя пакоі, уставіў новыя дзверы і вокны, распачаў рамонт унутраных памяшканняў. Работы ўжо на завяршальнай стадыі, аб’ём іх уражвае. “Два пакоі ўжо, лічы, жылыя. Зроблены камунальныя выгоды. А вось тут будзе руская печ, – паказвае гаспадар на падрыхтаваную пляцоўку. – А за ёю – лесвіца на другі паверх”. Увогуле, у гаспадара на кожны куточак дома і прыдамавой тэрыторыі свае планы. Яны падтрыманы жонкай Антанінай Яўгенаўнай. У жанчыны – сваё кола абавязкаў і інтарэсы. Яе рукамі побач з домам разбіты кветнік, дзе ўсё яшчэ цвітуць ружы. Непадалёку – градка з клубніцамі: роўненькая, бы пад лінейку, і без адзінай зялінкі.

 

Гаспадары праводзяць для мяне міні-экскурсію па сваіх уладаннях. Расказваюць, што за чатыры гады з’явіўся вялікі гаспадарчы комплекс: хлеў, бульбасховішча, склад. Тут хапае месца і на засекі для збожжа, і на тэхніку. Балазе, у фермера яе шмат. Кажа, набываў пакрысе і не новую. Збожжаўборачны камбайн, аўтамабіль “ЗІЛ”, трактары, прылады для апрацоўкі зямлі – усё гэта запатрабавана: бо ў фермерскай гаспадарцы 23 гектары зямлі (знаходзяцца побач з домам) і звыш 75 сотак для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. “І гэта толькі пачатак, – дзеліцца Сяргей Анатольевіч. – Каб зарабіць грошы, трэба пашырацца”.

 

 

Ад бізнэс-плана да першага ўраджаю

 

– Перш чым заняцца фермерствам, я склаў бізнэс-план, – прыгадвае Сяргей Анатольевіч. – Калі ездзіў у аблвыканкам, паказаў яго першаму намесніку старшыні Івану Алейзавічу Жуку. “З такім бізнэс-планам можна працаваць”, – сказаў тады вопытны кіраўнік і спецыяліст у аграрнай сферы. Яшчэ адну каштоўную параду атрымаў ад губернатара. “Пабудуй хлеў, каб было дзе захоўваць прадукцыю, і займіся жывёлагадоўляй, – параіў мне Уладзімір Васільевіч. – Жывёлагадоўля – банк фермера: у любы момант за жывёлу можна атрымаць грошы”. Таму частку з гэтых парад я ўжо выканаў. І вопыту пакрысе набіраюся.

 

Некалькі слоў пра зямлю, на якой цяпер гаспадарыць Сяргей Іванчык. Па яго словах, прыйшлося прыкласці рукі і ўласныя сродкі, каб атрымаць ураджай. Сёлета на 10-ці гектарах фермер вырошчваў пшаніцу, астатняе знаходзіцца пад парам, так бы мовіць, зямля адпачывае.

 

– А ў першы год я ўсю плошчу засеяў, і… ўвогуле нічога не ўзышло. Зямля была выпусташана, бальнасць яе нізкая, – тлумачыць фермер. – Таму стаў рэдзьку алейную і лубін сеяць, дыскаваць, загорваць. І зямля “адгукнулася”. За тры гады вывеў ураджайнасць на 25 цэнтнераў з гектара. І гэта ўжо рэзультат, нават знаёмыя аграномы дзівіліся з маёй пшаніцы.

 

 

Дарэчы, калі прыйшоў час убіраць ураджай, Сяргей сеў за штурвал камбайна, а Антаніна – за руль ЗІЛа. “Я жну, яна возіць.Так сямейным падрадам і працавалі, – дзеліцца Сяргей Анатольевіч. – Застаецца яе зямлю араць навучыць”. Што цікава: гаспадыня сядзібы да пераезду ў Хількі працавала алоўным тэхнолагам на вялікай швейнай вытворчасці ў Гродне. Прызнаецца, што пакідаць прафесію не хоча, таму плануе адчыніць маленькі ўласны цэх у суседнім аграгарадку. Ведаў і вопыту хапае.

 

Восень. Палеткі апусцелі і зноў прынялі ў глебу зерне пад будучы ўраджай. Тое, што засталося ў засеках, пойдзе на рэалізацыю, а атрыманыя грошы – на набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў, угнаенняў, запчастак да тэхнікі і іншыя гаспадарчыя патрэбы. Фермер разлічвае выдаткі да рубля, каб хапіла сваіх сродкаў і не прыйшлося браць крэдыты. Здаецца, зімой можна будзе перадыхнуць. І спланаваць, як абуладкаваць і ўпарадкаваць малую радзіму поўнасцю. Гэта значыць – абшыць фасад дома, пасадзіць сад, пабудаваць лазню і цяпліцы, ачысціць тэрыторыю за агароджай…

 

Буслы над домам – добры знак

 

Пагаварыла з прыемнымі людзьмі пра многае. Пра вёску і яе гісторую, якая, па словах Сяргея Іванчыка, досыць цікавая. І пра праблемы мясцовага значэння таксама. У прыватнасці, пра знікненне вады ў калодзежах і мясцовых азёрах. “Нават бабры сышлі. А некалі ж стаяла вечнае балота”, – непакоіцца Сяргей Анатольевіч. Наступствы зменаў у экалогіі адчуў і сам: “Дванаццаць тон вады трэба, каб поле хіміяй апрацаваць. А дзе ўзяць? Давялося паглыбляць калодзеж”.

 

 

Вельмі шчыра і эмацыянальна разважалі мае субяседнікі і на тэму любві да Бацькаўшчыны і Айчыны. “Вярталіся мы з адпачынку за мяжой. Сяргей раптам заяўляе: “Прызямлімся – пайду і зраблю на ўсе грудзі татуіроўку “Я люблю Беларусь!” – прыгадвае Антаніна Яўгенаўна. “Да мора можна паехаць адпачыць. Але няма лепш, чым на сваёй зямлі. У нас цудоўная квітнеючая краіна, – тлумачыць той свой душэўны парыў мужчына. – Да нас сябры з Азербайджана прыязджалі, яны таксама былі ў захапленні ад Беларусі. А праблемы ёсць усюды, будзем паціху вырашаць”.

 

Ужо ад’язджаючы з сядзібы, заўважыла буслінае гняздо. Пра гэтых птушак у гаспадара асобны аповед: “Я буслам слуп пад гняздо паставіў у іншым месцы, а яны зладзілі яго на гэтым, што ля дома. У мінулым годзе, акурат на Вялікдзень. “А сёлета зноў прыляцелі. Але спачатку на балота. Сяргей убачыў і пажартаваў: “Чаму гэта дамоў не ляціце, перад людзьмі мяне ганьбіце!”. Вечарам таго ж дня вярнуліся. Мы іх як дзяцей чакалі, – дадае Антаніна Яўгенаўна. – А потым за намі след у след хадзілі. Лічым гэта добрым знакам”.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!