У Ражанкаўскім дз/с-СШ прайшоў “Дзень з прадпрыемствам”

 

Так называлася прафарыентацыйнае мерапрыемства, якое прайшло на мінулым тыдні ў Ражанкаўскім дз/с-СШ.

 

Гэта ўстанова адукацыі не першы год цесна супрацоўнічае з ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Вучні з высокай паспяховасцю, а таксама старшакласнікі, якія займаюцца ў аграрным класе, атрымліваюць стыпендыю ад гаспадаркі. У будучых аграрыяў ёсць магчымасць знаёміцца з сельскагаспадарчымі прафесіямі на базе гэтага паспяховага аграпрадпрыемства. Тым больш, што кіраўніцтва гаспадаркі вельмі зацікаўлена ў выхаванні ўласных спецыялістаў.

 

А недахоп як рабочых, так і спецыялістаў сельскагаспадарчага профілю адчуваецца ўвогуле па раёне.

 

– Напрыклад, у ААТ “Шчучынаграпрадукт” на сённяшні дзень налічваецца 15 вакансій, – расказала начальнік раённай службы занятасці Таццяна Вяжбіцкая, якая таксама прымала ўдзел у мерапрыемстве. – І закрыць іх не так проста.

 

Больш падрабязна даведацца пра гісторыю гаспадаркі, пра перадавікоў вытворчасці, а таксама пра сённяшняе дынамічнае развіццё аграпрадпрыемства рабяты змаглі, пазнаёміўшыся з выставай “Дзень з ААТ “Шчучынаграпрадукт”, арганізаванай у холе школы, а таксама падчас віртуальнай экскурсіі.

 

А ў актавай зале ўстановы адукацыі адбылася сустрэча старшакласнікаў з кандыдатам сельскагаспадарчых навук, дацэнтам, загадчыцай кафедры хіміі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Ірынай Кавалёвай. Ірына Уладзіміраўна расказала рабятам, якія спецыяльнасці можна атрымаць у гэтай, адной з вядучых сельскагаспадарчых ВНУ краіны, і якія ўмовы для студэнтаў там прадугледжаны.

 

 

Цікавай для вучняў 8-11 класаў аказалася экскурсія на ферму “777” у Скоржыках, дзе іх сустракаў намеснік дырэктара ААТ “Шчучынаграпрадукт” Аляксандр Чаплюк. Аляксандр Пятровіч расказаў старшакласнікам, колькі галоў утрымліваецца на гэтым суперсучасным комплексе, якія надоі ў кароў, колькі малака здаецца дзяржаве і якім гатункам, адказаў на ўсе пытанні. У школьнікаў была магчымасць убачыць, як утрымліваецца жывёла, як арганізавана дойка кароў.

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!