У рамках Тыдня фінансавай граматнасці вучні СШ № 2 горада Шчучына наведалі прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Шчучынскім раёне
Напрыканцы сакавіка па ўсёй краіне праходзіць Тыдзень фінансавай граматнасці дзяцей і моладзі “Асабістыя фінансы са знакам якасці”. Мерапрыемствы гэтай ініцыятывы закранулі і наш раён. Так, нядаўна вучні СШ № 2 горада Шчучына завіталі ў прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Шчучынскім раёне, дзе пазнаёміліся з працай арганізацыі і даведаліся аб нюансах страхавой справы.
Экскурсію для хлопцаў і дзяўчат правялі дырэктар прадстаўніцтва Юрый Будрэвіч і яго намеснік Алена Калеснікава. Спачатку школьнікам расказалі пра гісторыю страхавой справы, якая сваімі каранямі сягае яшчэ ў антычныя часы, закранулі таксама станаўленне страхавой сістэмы на тэрыторыі нашай краіны. Сёння Белдзяржстрах прапануе насельніцтву шмат відаў страхавання, сярод якіх самыя папулярныя віды – маёмаснае і асабістае страхаванне. Школьнікаў асабліва зацікавіў той факт, што існуе нават страхаванне чалавека ад укусаў кляшчоў, што асабліва актуальна ў перыяд актывізацыі гэтых насякомых.
Таксама Юрый Будрэвіч расказаў юным гасцям аб перавагах страхавання грамадзянскай адказнасці, якое дапамагае кліентам лягчэй разбірацца з рознымі непрыемнымі жыццёвымі сітуацыямі. Пасля цікавай лекцыі дырэктар правёў аглядную экскурсію па Шчучынскім прадстаўніцтве Белдзяржстраха. Школьнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з дзейнасцю і ўмовамі працы работнікаў арганізацыі. Арамя таго ўсе госці атрымалі карысныя падарункі і сувеніры.
– Сёння важна прывіваць дзецям фінансавую культуру. Сучасны чалавек павінен ведаць усё, што звязана з фінансамі, без гэтага зараз ніяк. Тым больш, што страхавая справа – гэта перспектыўная сферы, ў якой можна стаць прафесіяналам і пабудаваць паспяховую кар’еру. Таму сённяшнім школьнікам знаёмства з нашай арганізацыяй будзе карысным і ў прафарыентацыйным плане.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.