У рамках праекта “ШАГ” адбылася сустрэча галоўнага рэдактара газеты “Дзянніца” Сяргея Касперчука з вучнямі Ляшчанскага дзіцячага сада-сярэдняй школы
26 мая ў рамках праекта “Школа Актыўнага Грамадзяніна” адбылася сустрэча галоўнага рэдактара газеты “Дзянніца” Сяргея Касперчука з навучэнцамі 5-7 класаў ДУА “НПК Ляшчанскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”.
Сяргей Генадзьевіч расказаў вучням, колькі намаганняў прыкладаюць супрацоўнікі газеты, каб чарговы нумар дайшоў да чытача. Былі акрэслены тыя крытэрыі, паводле якіх адбіраецца матэрыял для новай публікацыі: найперш ён павінен задавальняць усе слаі насельніцтва і быць актуальным.
Цікавым для дзяцей было знаёмства з сучасным прафесійным фотаапаратам і яго магчымасцямі. Асаблівае захапленне выклікалі ў вучняў фотаальбомы творчых работ журналістаў, дзе адлюстраваны самыя яркія падзеі Шчучыншчыны. Вучні з задавальненнем знаходзілі на фатаграфіях сваіх знаёмых.
Напрыканцы сустрэчы Сяргей Генадзьевіч павіншаваў вучняў з хуткім заканчэннем навучальнага года, пажадаў здароўя і выдатнага адпачынку летам, а таксама запрасіў усіх прысутных наведаць музейны пакой рэдакцыі газеты “Дзянніца”.
Святлана ДРАГУН, настаўнік Ляшчанскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.