Чарговыя заняткі “Школы актыўнага грамадзяніна” (ШАГ) прайшлі ў сярэдняй школе № 2 горада Шчучына

 

Чарговыя заняткі “Школы актыўнага грамадзяніна” (ШАГ) прайшлі ў сярэдняй школе № 2 горада Шчучына. Тэма мерапрыемства “Радзіма мая ў тварах. Адданыя справе і краіне” знаёміла школьнікаў з дзяржаўнымі дзеячамі і прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання нашай краіны.

 

Дзякуючы цікавай віктарыне школьнікі змаглі праверыць свае веды ў сферы дзяржаўнага кіравання. Хлопцы і дзяўчаты адказвалі на пытанні пра зацвердажаныя заканадаўствам галіны ўлады, праводзілі гістарычныя паралелі адносна сучасных прадстаўнічых органаў нашай дзяржавы і разбіраліся ў дзейнасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

 

Госцем мерапрыемства стала памочнік пракурора Шчучынскага раёна Дзіяна Хоміч. Яна падрабязна расказала пра дзяржаўную службу, у прыватнасці закранула дзейнасць пракуратуры ў нашым раёне. Яна таксама расказала пра крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа.

 

– Вялікім дасягненнем органаў пракуратуры Беларусі стала распачынанне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа 15 красавіка 2021 года, – адзначыла Дзіяна Хоміч. – На цяперашнім этапе расследаванне прывяло да пасмяротнага прад’яўлення дзяржаўнага абвінавачвання чалавеку, які ўдзельнічаў у карнай аперацыі супраць жыхароў вёскі Хатынь.

 

 

Пасля ўсе жадаючыя змаглі задаць пытанні. Школьнікаў цікавілі нюансы працы ў пракуратуры. Вялікую ўвагу старшакласнікаў выклікаў адказ на пытанне аб якасцях, якія дапамагаюць паспяхова выконваць дзяржаўную службу. Як заўважыла Дзіяна Хоміч, галоўным навыкам у любой працы з’яўляецца самадысцыпліна, таксама важна ўмець знайсці асаблівы індывідуальны падыход да кожнага чалавека.

 

Напрыканцы мерапрыемства школьнікі выступілі з дакладамі аб нашых сучасніках – дзяржаўных дзеячах, пазнаёмілі сваіх аднакласнікаў з біяграфіямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай, памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь інспектара па Гродзенскай вобласці Юрыя Караева і старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алены Пасюты.

 

 

Наступная сустрэча ў рамках праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” у СШ № 2 адбудзецца ў красавіку. Яна будзе прысвечана работнікам аховы здароўя.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!