У перыяд вясенне-палявых работ міліцыя Шчучыншчыны праводзіць рэйды ў сельгасарганізацыях

 

У перыяд правядзення вясенне-палявых работ асаблівая ўвага міліцыі звернута на прафілактыку крадзяжоў і забеспячэнне захаванасці таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на аб’ектах аграпрамысловага комплексу.

 

З мэтай падтрымання правапарадку Шчучынскім РАУС у перыяд пасяўной кампаніі праводзіцца комплекс мерапрыемстваў.  Штодня ў нашым раёне праходзяць рэйды рабочых груп, у якія ўваходзяць супрацоўнікі падраздзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, аддзела аховы правапарадку,  а таксама прадстаўнікі Дзяржаўтаінспекцыі.

 

 

Нядаўна такая рэйдавая група наведала мехдвор “Янчукі” ААТ “Шчучынаграпрадукт”. З работнікамі сельгасарганізацыі была праведзена прафілактычная гутарка. Таксама праваахоўнікі праверылі стан тэхнікі, дакументы работнікаў і тэхнічную ўмацаванасць некаторых аб’ектаў.

 

– Штогод супрацоўнікамі міліцыі ў перыяд вясенне-палявых работ праводзіцца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, – адзначае намеснік начальніка Шчучынскага РАУС Павел Кузняцоў. – Іх сутнасць заключаецца ў тым, каб не дапусціць альбо выявіць эканамічныя злачынствы, крадзеж насення, тэхнікі ці камплектуючых да яе. У сваю чаргу прадстаўнікі ДАІ кантралююць стан сельгастэхнікі, якая знаходзіцца на ўліку прадпрыемства. Праводзіцца праверка парадку перадрэйсавых аглядаў вадзіцеляў. Участковыя праводзяць прафілактычныя гутаркі з працоўным калектывам.

 

 

Падчас рэйдаў таксама пад увагай праваахоўнікаў знаходзіцца арганізацыя аховы сельгасаб’ектаў. Тут павінна быць ахова складоў і сховішчаў. Яшчэ праверцы падлягае тэхнічная ўмацаванасць аб’ектаў: наяўнасць агароджаў, сістэм відэаназірання і іншае.

 

 

Па інфармацыі праваахоўнікаў, падчас падобных рэйдаў у нашым раёне быў выяўлены шэраг парушэнняў і злачынстваў, сярод якіх факты захоўвання афарбаванага паліва, допуск да ўдзелу ў дарожным руху грамадзян, у адносінах да якіх не было атрымана дазволу на ўдзел у дарожным руху.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!