Стаўка на новыя тэхналогіі. Семінар-нарада па пытаннях жывёлагадоўлі прайшоў у Шчучынскім раёне

 

Укараненне новых тэхналогій і прымяненне самых сучасных падыходаў у жывёлагадоўлі абмеркавалі прадстаўнікі АПК Шчучыншчыны падчас семінара-нарады.

 

Мерапрыемства прайшло на базе Шчучынскага філіяла Гродзенскага племпрадпрыемства і сабрала заатэхнікаў, ветэрынараў, кіраўнікоў МТК і экспертаў у сферы жывёлагадоўлі. Кіраваў семінарам першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Шчучынскага райвыканкама Ігар Аверка.

 

На пачатку семінара яго ўдзельнікі абмеркавалі вынікі гэтага года. Так, за 11 месяцаў бягучага года сельгасарганізацыямі нашага раёна было атрымана 148045 тон малака, рост у параўнанні з мінулым годам складае 104%. Сярэдні ўдой на карову за адзінаццаць месяцаў сёлета вырас на 272 кг і па раёне склаў 7725 кг. Вытворчасць буйной рагатай жывёлы за адзінаццаць месяцаў гэтага года склала 12711,3 тоны, ці 100,6% да ўзроўню 2023 года. Сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы склала 775 грамаў, што на 22 грамы вышэй за ўзровень мінулага года.

 

 

– Аднак, нягледзячы на аптымістычныя агульныя лічбы, у галіне захоўваецца нямала сістэмных праблем, якія не дазваляюць атрымаць стабільны фінансавы вынік, – адзначыў падчас семінара Ігар Аверка. – У прыватнасці, пэўную заклапочанасць выклікаюць факты падзяжу буйной рагатай жывёлы. Асноўнымі прычынамі невытворчага выбыцця жывёлы з’яўляецца парушэнне тэхналогій утрымання і кармлення, лячэння і правядзення прафілактычных мерапрыемстваў у поўным аб’ёме.

 

Расказаць і паказаць прагрэсіўныя тэхналогіі вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі – такія мэты паставілі перад сабой арганізатары семінара, тэматыка якога ўтрымлівала даклады па самых актуальных тэмах.

 

 

Пра сучасныя метады вырашэння праблемы кластрыдыёзу сельскагаспадарчых жывёл прысутным расказала кандыдат біялагічных навук, дацэнт Святлана Кудзелька.

 

 

Тэму новых падыходаў да кармлення сухастойных кароў разгледзеў у сваім выступе кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Вячаслаў Кавалеўскі.

 

 

Таксама падчас семінара ўдзельнікі закранулі і іншыя тэмы. Напрыклад, бяспеку малака і кантроль антыбіётыкаў, уплыў планавага тэхнічнага абслугоўвання на якасць малака. Акрамя таго, ўдзельнікі мерапрыемства абмеркавалі стан спраў у сферы ідэнтыфікацыі жывёл у Шчучынскім раёне.

 

Чакаецца, што атрыманыя падчас семінара веды дапамогуць жывёлаводам Шчучынскага раёна павялічыць эфектыўнасць вытворчасці і вырашыць існуючыя праблемы.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!