У памяць аб Вялікай Перамозе

74-ю гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў работнікі Шчучынскага масласырзавода адзначылі аўтапрабегам, у якім прынялі ўдзел каля 20 машын і 10 матацыклістаў клуба “Шалёныя секачы”. 
Аўтакалона, упрыгожаная сцягамі, паветранымі шарыкамі і тэматычнымі налепкамі, стартавала ад заводскай прахадной. Удзельнікі патрыятычнай акцыі праехалі па цэнтральных вуліцах Шчучына, дзе іх ветліва сустракалі гараджане. 


У гарадскім скверы завадчане спыніліся, каб аддаць даніну памяці героям і ўскласці кветкі да помніка загінуўшым воінам і партызанам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнікі аўтапрабегу заехалі і ў гарадскі парк культуры, дзе ля абеліска хвілінай маўчання ўспомнілі тых, хто цаной свайго жыцця адстаяў наша права на свабоду і незалежнасць. 
— Штогод 9 Мая мы агранізоўваем памятны аўтапрабег, каб паказаць, што памяць аб слаўным подзвігу савецкага народа ніколі не памеркне і назаўжды застанецца ў сэрцах удзячных нашчадкаў, — зазначае намеснік дырэктара па кадрах і ідэалогіі Шчучынскага масласырзавода Вольга Фёдараўна Кахновіч. – Сваёй акцыяй выказваем вялікую падзяку ветэранам, якія выратавалі свет ад карычневай чумы. Абяцаем, што зробім усё, каб захаваць мір на роднай зямлі! 


У рамках патрыятычнай акцыі завадчане наведалі з экскурсіяй сакрэтны падземны бункер бліз аграгарадка Руткевічы. Заключнай кропкай аўтапрабегу стаў аўтадром, дзе прайшлі традыцыйныя спаборніцтвы па хуткаснаму манеўрыраванню “Аўтабой” і “Аўталедзі”, арганізатарамі якіх выступілі Шчучынскі масласырзавод і ДТСААФ. За перамогу змагаліся 11 аўтааматараў. Лепшыя вадзіцелі былі ўзнагароджаны дыплопамі і памятнымі падарункамі. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК. 
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!