У падарожжа да Радзівілаў адправіліся на гэтым тыдні шчучынскія аграрыі
Такую магчымасць яны атрымалі дзякуючы Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў.
– Экскурсія ў нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” стала выдатным падарункам для камбайнераў-тысячнікаў, якія ўмеюць не толькі рупліва працаваць, але і цікава адпачываць, – зазначыла А.А. Дзесятнічэнка, лідар банкаўска-фінансавага прафсаюза вобласці. – Сярод іх прадстаўнікі ААТ “Васілішкі”, “Дэмбрава”, “Шчучынаграпрадукт”, філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” і КСУП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава” – амаль два дзясяткі хлебаробаў.
З самага ранку турыстычны аўтобус накіраваўся ў дарогу – наперадзе чакала захапляючае падарожжа. А захапляцца было чым! Нясвіжскі замак знакаміты не толькі сваімі экспанатамі, але і багатай гісторыяй. Экспазіцыйныя залы з каштоўнымі калекцыямі посуду з венецыянскага шкла, слуцкімі паясамі і старажытнай зброяй прыцягнулі ўвагу падарожнікаў са Шчучыншчыны.
Экскурсавод распавяла пра будаўніцтва замка, якое напрыканцы XVI стагоддзя распачаў Мікалай Хрыстафор Радзівіл, пазнаёміла з гісторыяй гэтага знакамітага роду. Пачулі падарожнікі і неверагодную гісторыю кахання вялікага князя літоўскага Сігізмунда II Аўгуста і Барбары Радзівілл, прывід якой, як кажуць, лунае недзе ў прасторных пакоях Нясвіжскага замка.
Нават у будні паток турыстаў да гэтага месца не перапыняецца. У летні перыяд гісторыка-культурны музей-запаведнік наведваюць каля шасці тысяч гасцей на дзень. У тых, хто апынуўся тут упершыню, уражанняў хопіць на доўгі час. Дзякуй арганізатарам за такі цудоўны тур па малой радзіме для лепшых аграрыяў раёна!
Юлія ЦІМАШЧУК.
Фота аўтара.