У калейдаскопе талентаў – шчучынскія артысты

Адразу два спецыялісты Шчучынскага РЦКіНТ Вікторыя Даўгашэя і Яўген Вашчыла сталі пераможцамі XVI міжнароднага фестывалю “Калейдаскоп талентаў. Лета 2018”, які нядаўна прайшоў у Польшчы.

Міжнародны фестываль “Калейдаскоп талентаў. Лета 2018” сёлета аб’яднаў каля 400 таленавітых артыстаў з Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны і Беларусі. Горад Жывец, у якім прайшло мерапрыемства, у мінулым месяцы адзначыў сваё 750-годдзе, таму фестываль стаў сапраўдным падарункам з гэтай нагоды.

Нашы шчучынскія артысты адразу пакарылі не толькі кампетэнтнае журы, але і гледачоў.

Акардэаніст Яўген Вашчыла выдатна выканаў дзве п’есы з рэпертуару дуэта «Баян-mix». Чорна-белыя клавішы паслухмяна ігралі “Карусель” і “Ірландскія матывы”. Віртуознае выкананне кампазіцый і харызма дапамаглі Яўгену не толькі стаць лаўрэатам 1 ступені, але і да таго ж заваяваць прыз глядацкіх сімпатый!

– Як я перамог? Я проста іграў, як умею! – прызнаўся Яўген Вашчыла. – Больш за ўсё запомнілася рэакцыя гледачоў на маё выступленне. Апладысменты былі настолькі бурнымі, аж да дрыжыкаў!

Не менш эмацыянальна прайшло выступленне нашай таленавітай шчучынскай спявачкі Вікторыя Даўгашэя, якая, дарэчы, была адзінай салісткай з Беларусі! Віка бездакорна выконвала песні «Памолімся за бацькоў» і «Нас б’юць, мы лятаем” і таксама стала лаўрэатам 1 ступені.

– Гэта першая сур’ёзная ўзнагарода на маім рахунку, – прызналася артыстка. – Я заваёўвала прызавыя месцы ў шматлікіх конкурсах, аднак не міжнароднага маштабу. Нягледзячы на тое, што конкурс праходзіў у Польшчы, моўнага бар’ера я не адчувала, бо на працягу года самастойна вывучала польскую мову. Фестываль пакінуў самыя цудоўныя ўражанні! Падчас гала-канцэрта была прамая трансляцыя на польскім тэлебачанні! Цікава было пазнаёміцца з удзельнікамі з іншых краін. Мы абменьваліся сувенірамі, якія кожны прывёз з сабой. Запомнілася і сустрэчу з бурмістрам горада. Для яго мы падрыхтавалі ў падарунак «ляльку-беларусачку», якую сваімі рукамі стварылі рамеснікі адзела рамеснай дзейнасці РЦКіНТ. У цэлым я задаволеная сваім выступленнем на фестывалі, але няма мяжы дасканаласці! Буду працаваць над сабой далей. Спадзяюся, што гэта толькі пачатак маіх вялікіх музычных перамог.

Ганна КАСПЕР.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!